Криминал. Происшествия

Происшествия

Бомба
Пры правядзенні палявых работ жыхар в. Мішкавічы знайшоў непадалёк ад Абалоння авіяцыйную бомбу часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вясковец патэлефанаваў у міліцыю. Сапёры з Віцебска абясшкодзілі бомбу.
Марыхуана
Жыхар в. Лоўша ў сябе дома захоўваў здробненую макавую саломку, а яна адносіцца да небяспечных наркатычных сродкаў – марыхуаны. Супраць вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа.
Браканьеры
Супрацоўнікі Гарадоцкай міжраённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведамілі ў РАУС, што ў лясным масіве непадалёк ад вёскі Шалягі застрэлена цяжарная ласіха. Урон жывёльнаму свету ацэнены ў 19 мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Крадзяжы
У раёне сёлета зарэгістравана 57 крадзяжоў (летась было 54), у тым ліку 31 крадзеж – з жылля. 65% усіх крадзяжоў раскрыта.
Веласіпед вернуты
Яшчэ зімой ля прахадной забойнага цэха “Вітконпрадукта” прапаў спартыўна-кросавы веласіпед. Нядаўна крадзеж раскрыты. Злачынцам аказаўся непрацуючы жыхар Шуміліна. Веласіпед канфіскаваны і вернуты гаспадару. Злачынца затрыманы.
Дача
Прыехаўшы ў чарговы раз на дачу ў в. Пагіршчына, гаспадар, жыхар Полацка, убачыў, што аконнае шкло ў адной шыбіне разбіта, з кухні прапалі прадукты харчавання. Ён па-званіў у РАУС. Па гарачых слядах злачынцу знайшлі: ім аказаўся жыхар вёскі Балотнікі суседняга Полацкага раёна.
Небяспечная вада
Пасаджаныя градкі просяць паліву. Але пры гэтым таксама трэба не забываць пра ўласную бяспеку, нагадваюць супрацоўнікі РАУС. Састарэлы чалавек, беручы, напрыклад, ваду з саджалкі ці возера, можа няўдала ступіць і  трапіць у вадаём. У раёне ў маі зарэгістраваны два такія выпадкі са смяртэльным зыходам.
Мотакультыватар
У раённы аддзел унутраных спраў паступіла заява ад жыхаркі аграгарадка Мікіціха. Яе гараж абрабавалі. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцаў. Імі аказаліся трое  жыхароў г. Оршы, раней су-дзімыя. Яны пашкодзілі ўваходныя вароты гаража і ўкралі мотакультыватар, ацэнены на 15 мільёнаў рублёў. Мотакультыватар канфіскаваны і вернуты гаспадыні. Злачынцы затрыманы.
Аварыі
За студзень-красавік бягучага года ў раёне зарэгістраваны тры дарожна-транспартныя здарэнні – на пяць менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Загінулі два чалавекі (і летась столькі ж), пяць чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці (у мінулым годзе было дзесяць пацярпелых).
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *