Открытое заседание надзорной комиссии при райисполкоме прошло в актовом зале «Шумилинского райагросервиса»

Актуалии Закон Общество

Асцярожна, злыя духі!
У сераду ў актавай зале “Шумілінскага райаграсэрвісу” адбылося адкрытае пасяджэнне  наглядальнай камісіі пры райвыканкаме, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Для ўдзелу былі запрошаны прадстаўнікі праваахоўных органаў, медыцыны, сацыяльных службаў і іншыя. Гэтае прафілактычнае мерапрыемства накіраванае на супрацьдзеянне рэцыдыўнай злачыннасці, прызванае дапамагчы тым, хто нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі і не можа ўладкавацца на працу, мае нейкія іншыя цяжкасці.
Праўда, у ходзе пасяджэння высветлілася, што працаваць дадзены кантынгент не надта імкнецца. З усіх запрошаных толькі ў аднаго ёсць пастаяннае месца працы. У астатніх  – скрозь абставіны, што перашкаджаюць працаваць. Аднаму – дужа цяжка, другому – усюды адмаўляюць, іншы не можа знайсці вартае яго асобы месца працы. І нехта, як правіла, абавязкова “вінаваты” ў такім іх непрывабным становішчы, гаротным жыцці.  Яны стараюцца выклікаць жаль, націснуць на пачуцці, падмануць. Праўда, выходзіць, як у песні У. Высоцкага: “У вас денег куры не клюют, а у нас на водку не хватает”.
Трэба адзначыць і тое, што члены камісіі даўно прывыклі да падобных правакацый і размову вядуць жорсткую і бескампрамісную, выстаўляюць надзвычай сціплыя тэрміны для ўладкавання на працу.  Абяцаюць, што гэтай сустрэчай “цырымоніі” скончацца. А кожны з іх пад пэўным відам міліцэйскага нагляду: ходзіць па краі, на мяжы паміж воляй і няволяй.  Значыць: не хочаш нармальна жыць – будзеш жыць у турме ці ў ЛПП. Ва ўсялякім разе гэта цвёрда абяцаў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў.
Сітуацыю кожнага падапечнага  разабралі асобна, кожнаму далі шанс выказацца, папрасіць парады  і дапамогі, абгрунтаваць сваю пазіцыю. Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што працы ў раёне хапае, пры жаданні можна нармальна жыць, зарабляць грошы, вырашаць свае праблемы. Калі ж ты пэўны перыяд нідзе не працуеш, значыць, ты патэнцыяльны злачынца – лагічна? Няма грошай – няма чаго есці (у іх выпадку, часцей, — выпіць) – трэба красці. А парушаць закон ніхто і нікому сёння не дазволіць, адзначае А. М. Зайцаў. Таму, калі вы абіраеце такое існаванне (жыццём падобную сітуацыю назваць цяжка), то забудзьце пра свабоду, як натуральнае права кожнага чалавека. Нават, калі вас не пазбавілі волі ў самым знаёмым для вас сэнсе, вас усё роўна не пакінуць у пакоі. За вамі дзень і ноч будуць сачыць, і пазбавіцца ад гэтага кантролю куды цяжэй, чым абзавесціся ім. Бо даверу вам няма, а заваяваць яго не так і проста.
Сёлета некалькі вырасла колькасць злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі грамадзянамі, канстатаваў намеснік начальніка РАУС Юрый Арлоў, у сувязі з гэтым старшыня камісіі адзначыў у некаторай меры лаяльнае стаўленне праваахоўных органаў да гэтага кантынгенту.  Для аднаго з таварышаў нават той факт, што яго выклікалі на пасяджэнне наглядальнай камісіі, стаў яшчэ адной добрай нагодай, каб выпіць. І ў гэтым канкрэтным выпадку  на нейкай прафілактычнай рабоце, пэўна,  ужо можна і кропку ставіць: з гаварыльні, што называецца, вынік невялікі, асабліва ў такім запушчаным выпадку.
Самаму малодшаму ўдзельніку мерапрыемства – 19 год, а паколькі ён сюды трапіў, значыць па меншай меры адна судзімасць на яго жыццёвым рахунку ўжо ёсць. Хочацца верыць, што ў выпадку менавіта з гэтым хлопцам яшчэ не ўсё страчана, што ён  усё зразумее і выправіцца, завядзе сям’ю, будзе жыць прыстойна. Да яго душы, душаў усіх прысутных звяртаўся дыякан Шумілінскага благачыння Вадзім.  Гаварыў пра тое, што смерці няма, пра страшны суд, пра вялікае значэнне пакаяння. “Калі чалавек цягнецца да зла, ён становіцца падобны да злога духа. Калі ж чалавек цягнецца да Бога, ён і на чалавека падобны. Ён светлы”, — дыякан стараўся дастукацца да сэрцаў тых, па чыіх тварах лёгка чытаецца, каму яны служаць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *