Доска почёта Шумилинского района. Педагог центра детей и молодёжи Светлана Романова

Образование Общество

З дзецьмі – на мове танца

Танцам можна выразіць свой настрой: радасць і гнеў, абуджэнне і задавальненне, сцвярджае педагог дадатковай адукацыі Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана РАМАНАВА, прозвішча якой сёлета занесена на раённую Дошку гонару.

Усё жыццё Святланы Раманавай звязана з музыкай і танцамі. Спецыяльнасць “кіраўнік самадзейнасці харэаграфічнага калектыву” выбрала свядома, бо яшчэ са школы захаплялася танцамі. Пасля заканчэння Віцебскага вучылішча культуры спачатку працавала ў раённым цэнтры культуры, пасля ў СШ № 1 выкладала рытміку.

Сёлета споўнілася дзесяць гадоў, як выкладае ў РЦДіМ, і трыццаць год працоўнай дзейнасці. Так сказаць, два прафесійныя юбілеі. І сустракае іх Святлана Юр’еўна новымі дасягненнямі. У гэтым годзе яе танцавальны калектыў «Вясёлка» перамог у 18 міжнародных конкурсах, сярод якіх – дыпломы першай ступені на міжнародных конкурсах «Спадчына» і «PROTaлант». А з міжнароднага конкурсу «Вясенні перапалох» прывезлі ажно тры перамогі: дыплом першай ступені – за танцы «Мадагаскар» і «Каўбоі», дыпломы другой ступені – за танцы «Кошкі-мышкі» і «Канікулы».

У Святланы Раманавай шэсць рознаўзроставых груп. Іх наведваюць 83 дзяўчынкі і адзін хлопчык, узрост якіх ад 6 да 14 гадоў. Пры правядзенні заняткаў педагог улічвае ўзроставыя асаблівасці, таму для малодшых дзяцей, якія займаюцца першы і другі год, падбірае дзіцячыя танцы, для сярэдняй групы – эстрадныя. Ну, а падлеткі здольныя паказаць народна-сцэнічныя і народна-стылізаваныя. Самому выкладчыку ўсё ж бліжэй народныя.

«Усе дзеці таленавітыя, – кажа Святлана Юр’еўна. – Яны рэалізуюць сябе ў танцах, праз рухі выражаюць свой характар і эмоцыі. І кожны танец і ўдзел у фестывалях – гэта не прымус, а выбар дзяцей. Калі яны самі выбіраюць, то і стараюцца».

Творчы чалавек творчы ва ўсім – гэта пра Святлану Раманаву. Акрамя «Вясёлкі», яна вядзе заняткі па інтарэсах «Фааміранка», дзе дзеці робяць упрыгожванні, кветкі з фаамірану. І тут таксама ёсць поспехі. Напрыклад, выхаванка Ганна Праліч сёлета атрымала сем дыпломаў за ўдзел у міжнародных конкурсах.

Святлана Раманава валодае арганізатарскімі здольнасцямі і якасцямі псіхолага, знаходзіць агульную мову не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Ім яна вельмі ўдзячна за дапамогу ў шыцці касцюмаў, суправаджэнне дзяцей на конкурсы і экскурсіі падчас канікулаў. І бацькі задаволены педагогам, які вучыць іх дзетак бачыць прыгожае, уменне валодаць сабой, развівае густ, вытрымку і цярпенне.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *