Добрые дела возвращаются бумерангом, считают Виктор и Антонина Зверковы из деревни Мишковичи в Шумилинском районе

Людзі і лёсы

Добрыя справы вяртаюцца бумерангам

Завітаць да Антаніны Людвігаўны і Віктара Цімафеевіча Звярковых з Мішкавіч і напісаць пра іх у газету нам параілі вяскоўцы-суседзі. Адрэкамендавалі: сям’я дружная, жыве больш як паўстагоддзя разам, выхавалі траіх дзяцей.

Жыццё іх “пакідала па розных краінах”, але яны вярнуліся на радзіму, дзе і жывуць шчасліва.

На стале ў доме Звярковых – свежы нумар раённай газеты, якую чытаюць з 1980 года, як толькі вярнуліся на радзіму. «Выпісваем яшчэ “СБ” і “7 дзён”, але чытаць перыёдыку пачынаем з раёнкі – тут усё роднае і знаёмае», – кажуць муж і жонка.

Антаніна вырасла ў Мішкавічах, Віктар – у Хмялеўскіх Ляжнях. Пасля заканчэння сямігодкі ў Бараноўскіх ён перайшоў у восьмы клас у Мішкавіцкую школу. Былі аднакласнікамі, але тады адзін на аднаго не звярталі ўвагі. Сустрэліся выпадкова па прыпынку ў Лоўжы. На той час Антаніна пасля заканчэння педвучылішча працавала па накіраванні ў Мінскай вобласці, а Віктар служыў у арміі, і прыйшоў у водпуск. Абодва ехалі да сваіх братоў у Полацк. Абмяняліся адрасамі і пісалі адзін аднаму лісты. Часта, па некалькі штук за тыдзень. Вось такое было “паштовае каханне”. Віктар пасля тэрміновай ваеннай службы два гады служыў звыштэрмінова інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце. Вучыўся на курсах падрыхтоўкі палітработнікаў, пасля чаго яго накіравалі вызваленым сакратаром камітэта камсамола ў батальён сувязі, які знаходзіўся ў Польшчы. Праўда, Віктар ужо быў не адзін, а з Антанінай. І яна, вядома, паехала ўслед за мужам. У Польшчы ў іх нарадзіліся дачка і сын. Потым Віктара накіравалі ў сяло Сяргееўка Прыморскага краю, пасля – у горад Партызанск, дзе ў сям’і нарадзілася яшчэ адна дачка.

«Гэта толькі ў фільмах жыццё ваенных могуць паказаць лёгкім, а на самой спра-ве ўсё не так, – згадвае Антаніна Людвігаўна. – Самае цяжкае выпрабаванне было на Далёкім Усходзе. Далі нам дом без даброт. І печку палілі самі, і ваду прывозілі ў вялікую бочку. Вады трэба было многа, у сям’і ж трое дзяцей. Муж часта быў у камандзіроўках, таму ўвесь быт трымаўся на мне. Сварыцца нам не было калі».

У Хабараўскім краі, куды Віктара адправілі зампалітам роты, ён адслужыў паўтара года і падаў рапарт аб звальненні.

У 1980 годзе сям’я прыехала ў Вялікія Ляжні, дзе ў калгасе імя Чапаева далі дом. Віктар пайшоў працаваць механізатарам у сельгаспрадпрыемства (пасля школы атрымаў прафесію трактарыста-машыніста ў Высокскім СПТВ), а Антаніна – у аддзяленне сувязі ў Беразніцу. Жывучы ў Ляжнях, Віктар цесна ўзаемадзейнічаў з рэдакцыяй раённай газеты. «Яшчэ калі служыў у Польшчы, закончыў курсы ваенных карэспандэнтаў і дасылаў артыкулы пра жыццё ваенных у “Сцяг Перамогі”, акруговую газету Паўночнай групы войск, – успамінае Віктар Цімафеевіч. – Таму пісаць артыкулы ў раённую газету для мяне было цікава. Не толькі пра жыццё ў вёсцы, але і крытыку – напрыклад, пра новыя дамы ў Ляжнях, падвалы якіх падышлі вадой. З задавальненнем наведваў так званы літаратурны клуб пры рэдакцыі, выконваў заданні тадышніх рэдактараў».

Калі дзеці падраслі, сям’я пераехала ў Мішкавічы, дзе і жыве ўжо 34 гады. Тут школа для дзяцей была блізка, сюды ж настаўніцай пачатковых класаў уладкавалася і Антаніна Людвігаўна. А гаспадар сям’і пайшоў працаваць у калгас «Ленінскі прызыў» механізатарам, а затым слесарам і пастухом.

Нядаўна сям’я Звярковых адзначыла 53 гады сумеснага жыцця. Гэта вяселле называюць уранавым, як паказчык надзейнасці і даверу. За такі час Звярковы даказалі сваю любоў і адданасць, іх радуюць дзеці,шасцёра ўнукаў і маленькая праўнучка. Яны і сёння стараюцца прыемна здзіўляць і радаваць адзін аднаго, жыць з добрым сэрцам. Добрыя справы вяртаюцца бумерангам, упэўнены Звярковы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *