Сразу два диплома привезла Виктория Левшова из Оболи с Международного телепроекта «Кубок дружбы»

Молодёжь Новости Образование

Спявае душа, кранае сэрца

У VII Міжнародным тэлепраекце «Кубак Дружбы», які праходзіў з 22 па 28 студзеня ў Мінску, прыняла ўдзел Вікторыя Ляўшова з Обалі. Талент і творчасць дзяўчыны па вартасці ацаніла журы –у нашай зямлячкі дзве ўзнагароды: дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Мастацкае чытанне» і дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Патрыятычная песня». Мы адправіліся ў Обальскую школу, каб сустрэцца з Вікай і настаўнікамі, якія рыхтавалі яе да ўдзелу, і даведацца, якім быў шлях да праекта і якімі – эмоцыі і ўражанні.

Віка адразу прызналася, што прыняць удзел у прэс-тыжным творчым форуме, які збірае на адной вялікай пляцоўцы творчых людзей не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і краін блізкага і далёкага замежжа, марыла яшчэ летась. Аднак і настаўнікі, і бацькі адгаварылі, параілі крыху перачакаць, «падрасці», і тады яна сачыла і радавалася за поспехі шумілінца Багдана Ушала, вучня СШ № 1, які стаў лаўрэатам I ступені і фіналістам тэлепраекта. Пасля гэтага яна яшчэ год працягвала настойліва шліфаваць свой талент і майстэрства.

На VII Міжнародны тэлепраект «Кубак Дружбы» было прынята рашэнне заявіцца адразу ў дзвюх намінацыях: «Мастацкае чытанне» і «Патрыятычная песня», прадставіўшы і праславіўшы тым самым дзве навучальныя ўстановы раёна – Обальскую СШ і Обальскую дзіцячую школу мастацтваў. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а ў дадатак класны кіраўнік Лілія Нячай заўважае, што амаль ні кроплі не сумнявалася ў перамозе Вікторыі. «Яна з другога класа прымае ўдзел у разнастайных паэтычных конкурсах, школьных, раённых, абласных, і практычна заўжды перамагае, – зазначыла Лілія Уладзіміраўна. – Вось і ў мінулую суботу прывезла трэцяе месца з рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жарынка». Летась у Вікі была «бронза» ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка».

Рэпертуар дапамагае падбіраць мама – у ход пераважна ідуць беларускія аўтары і творы ваеннай тэматыкі. Яна як ніхто адчувае сваю дачку, ведае, што яе эмацыянальнай Віке вельмі важна пражываць гісторыю, тады кожнае выступленне атрымліваецца ўзнёслым, трапяткім, кранальным – ды і беларуская мова з вуснаў дач-кі ліецца надзвычай прыгожа і мілагучна. Бачна, што ўсё, што дэкламуе дзяўчына, праходзіць праз яе душу. Такім стала і выступленне на тэлепраекце, дзе канкурсантка чытала верш Антона Бялевіча «Смерць Маланні». Калі Віка ўбачыла, што напрыканцы яе выступлення заплакала адна з членаў журы, зразумела, што гэта перамога…

У намінацыі «Патрыятычная песня» Вікторыя разам з настаўніцай Вольгай Уладзіміраўнай Карбавец, якая, дарэчы, падчас яе выступлення падтрымлівала вучаніцу разам з бацькамі Вікі прама ў зале, выбрала складаную кампазіцыю. «Балада пра маці» складаная найперш вакальна, –заўважыла настаўніца. – І Вікторыя, сапраўды, з той кагорты, у каго лірызм і душэўнасць з’яўляюцца візітнай карткай, адметным почыркам. Яна вельмі сур’ёзна адносіцца да кожнага выступлен-ня, адпрацоўвае нумар як сапраўдная артыстка. Вельмі яскрава і пераканаўча атрымліваецца ёй увасабляць творы патрыятычнага складу. Песню мы пачалі рыхтаваць да конкурсу два гады таму, і сёлета Віка да яе дарасла маральна і прафесійна».

Вялікая сцэна, выступленне, якое прама трансліравала-ся ў YouTube, не маглі не прынесці хваляванне вакалістцы, і калі Віка праслухала свой нумар, сама заўважыла некаторыя музычныя хібы. Трапіць у фінал не ўдалося, тым не менш, стаць лаўрэатам ІІ ступені сярод 75 удзельнікаў – вельмі годны вынік.

Але ж усіх гэтых перамог, сцвярджаюць настаўнікі, не было б, калі б побач з гэтай дзяўчынай не было яе мамы і таты, самых блізкіх людзей, хто верыць у сваю дачку больш за ўсіх, хто падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях, хто і першы слухач, і першы крытык.

Мы не змаглі не пацікавіцца, якія ў Вікторыі Ляўшовай планы на бліжэйшы час. У лютым дзяўчыну чакае ўдзел у адкрытым вакальным рэ-гіянальным конкурсе «Гукі мары», які пройдзе ў Наваполацку і дзе яна выступіць з песняй «Лебядзіная вернасць». Віка заканчвае сёлета 9 клас, і сур’ёзна, кожны дзень, рыхтуецца разам з настаўні-цай Вольгай Уладзіміраўнай Карбавец да паступлення ў Віцебскі музычны каледж. Яшчэ яна ўдзельніца школьнага конкурсу «Вучань года», які прадугледжвае ўдзел у многіх этапах на працягу года і ў фінале напрыканцы навучальнага года.

Як бачым, у гэтай яркай, абаяльнай, адкрытай і таленавітай дзяўчыны планаў і за-дум шмат. І няхай у яе абавяз-кова ўсё атрымаецца!

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *