На экспорт идёт вся продукция нового швейного предприятия в Оболи

2024 - Год качества Новости Экономика

У Обалі шыюць пасцельную бялізну

У Обалі наладжана новая вытворчасць: тут адкрыты цэх ТАА «Фабрытэкс» па пашыве пасцельнай бялізны.

Некалькі гадоў на другім паверсе будынка мясцовай пошты працаваў швейны цэх № 8 ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», дзе шылі трыкатажныя вырабы, льняныя ручнікі і загатоўкі для мяккіх цацак. Восенню ён зачыніўся, а на яго месца прыйшло новае прадпрыемства – кіраўніцтва ТАА «Фабрытэкс», якое мае падобны цэх у Гарадку, вырашыла адкрыць сваю вытворчасць. Завезлі і ўстанавілі неабходнае абсталяванне, вопытныя швачкі, якія працавалі на ААТ «Сцяг iндустрыялізацыі», знайшлі тут сабе працоўнае месца. Але ж працоўных рук не хапае, кіраўніцтва гатова прыняць яшчэ 5-6 чалавек. Падчас нашага прыезду жанчыны шылі прасціны. Побач ляжалі рулоны з тканінай на розны густ: з яркім узорам, спакойнага колеру і для дзяцей – з казачнымі героямі.

«На новай вытворчасці мы працуем з 1 лістапада, – расказала майстар цэха Валянціна Ізафілава. – Звычайных прасцін нам трэба пашыць за дзень 90 штук на чалавека, на рызінцы – 50 штук. План выконваем і перавыконваем, бо швачкі ўсе вопытныя. Шыем камплекты пасцельнага – еўра, двухспальныя, аднаспальныя і дзіцячыя. За месяц пашылі больш за тры тысячы камплектаў. Раскроем займаецца Юля Рудак. Матэрыял – бязь, сацін, паркаль – нам прывозяць. Прадукцыя ідзе оптам на экспарт у Расійскую Федэрацыю».

«На будучае плануем пашырацца: устанавіць у суседнім свабодным памяшканні яшчэ больш за дзесяць швейных машын, – падзялілася планамі дырэктар ТАА «Фа-брытэкс» Наталля Бераснева. – Пры ўмове выканання даведзенага плана швачкі могуць разлічваць на заробак у памеры больш як тысячу рублёў за месяц. Так што запрашаем жанчын і мужчын да нас на работу. Калі не ўмееце шыць, навучым!»

У ТЭМУ. Як нам паведамілі спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама, у мінулым годзе ў раёне з’явілася пяць новых прадпрыемстваў, дзе адкрылі 13 рабочых месцаў. З пачатку 2024 года зарэгістраваны два прадпрыемствы: па пашыве мяккіх цацак і рознічным гандлі праз інтэрнэт, па вытворчасці тэкстыльных вырабаў. Усяго на двух прадпрыемствах мяркуюць адкрыць 25 новых рабочых месцаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *