Один день с председателем сельсовета. Какие вопросы приходится решать местному самоуправлению?

Новости Общество

Адзін дзень са старшынёй сельсавета. Праца на карысць вяскоўцаў

Галина Зезюлько (в центре) с членами смотровой комиссии во время посещения подворий.

Сельскія Саветы дэпутатаў адносяцца да першаснага звяна органаў улады і знаходзяцца найбліжэй да насельніцтва, старшыня сельскага Савета дэпутатаў з’яўляецца адначасова і кіраўніком мясцовага выканаўчага камітэта. Чым займаюцца кіраўнікі сельскіх органаў улады? З якімі праблемамі звяртаюцца да іх жыхары аграгарадкоў і вёсак? Каб адказаць на гэтыя пытанні, карэспандэнт газеты правёў адзін дзень са старшынёй Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў Галінай Уладзіміраўнай ЗЯЗЮЛЬКА.

Удзень нашага прыезду ў пачатку рабочага дня кіраўнік сельсавета рыхтавалася да адказнага мерапрыемства – рэйду назіральнай камісіі. У сельвыканкам збіраліся члены камісіі. Прадстаўнікі ўстановы адукацыі, сацыяльнай службы, медыцыны жывуць на месцы. З райцэнтра прыехалі ўчастковы інспектар міліцыі, супрацоўнік пажарнай інспекцыі, іншыя суб’екты прафілактыкі.

Камісія накіравалася спачатку ў вёску Жданоўка, пасля ў Заобаль. У цэнтры ўвагі – адзінокія і пажылыя грамадзяне, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей. Падчас абходу, пакуль прадстаўнікі службаў робяць агляды па сваіх накірунках, старшыня сельсавета цікавіцца жыццём людзей, праблемамі, якія ёсць. Папярэджвае пра пільнасць у адносінах да махляроў. Абавязкова пытаецца пра дровы: ці ёсць, ці хапае, ці няма праблем з набыццём? У адной з хат паскардзіліся на вулічны ліхтар, які не гарыць. Галіна Уладзіміраўна запісвае скаргу, каб перадаць у РЭС. Тая ж схема і ў Заобалі. Старшыня сельсавета цікавіцца абстаноўкай на ферме, падвозам кармоў, дысцыплінай. У кожным доме старшыню шчыра вітаюць, бачна, што яе ведаюць, з ёй дзеляцца праблемамі, раяцца.

Патэлефанавалі з вёскі Глушыца: папрасілі старшыню купіць і прывезці таблетак, а таксама расказалі пра тое, што ліхтары не адключаюцца і гараць удзень. І гэтая інфармацыя ідзе ў запісную кніжку.

Пасля аб’езду члены назіральнай камісіі вяртаюцца ў сельвыканкам, дзе афармляюць дакументы і складаюць выніковы пратакол. Старшыні сельсавета неабходна распісаць выяўленыя парушэнні па суб’ектах прафілактыкі і накіраваць у адпаведныя службы для рэагавання і кантролю.

Другая палова дня прысвечана бягучым пытанням: тут і пытанні на кантролі (напрыклад, зараз на кантролі праблема з каналізацыяй у адным са шматкватэрных дамоў), і звароты жыхароў сельсавета са скаргамі, просьбамі, за даведкамі і іншае. Ну, і лекі ў Глушыцу завезці трэба.

«У зімовы час найбольшая колькасць пытанняў з улікам надвор’я тычыцца расчысткі і падсыпкі дарог, часам узнікаюць пытанні па рабоце аўталаўкі, па вулічным асвятленні, – расказала Галіна Уладзіміраўна. – Звычайна шмат пытанняў пасля выхадных – у панядзелак-аўторак, потым іх колькасць змяншаецца».

Кіраўнік сельсавета дадае, што ў мясцовай улады склаліся дзелавыя адносіны на аснове ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, камунальнай і дарожнай службамі.

Галіна Зязюлька рэгулярна бывае на фермах, мехдвары. Штомесяц у адзіны дзень інфармавання разам з інфармацыйна-пра-пагандысцкай групай наведвае арганіза-цыі і іх падраздзяленні, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета. Старшыня пастаянна сустракаецца з жыхарамі вёсак, каб ведаць сітуацыю, настрой насельніцтва, выяўляць і вырашаць праблемныя пытанні.

Зараз шмат работы па арганізацыі і падрыхтоўцы да Адзінага дня галасавання, бо неабходна стварыць усе ўмовы для работы выбарчых камісій – сельскай і ўчастковай, якія, між іншым, размешчаны ў бу-дынку сельвыканкама.

Ужо пачынаецца падрыхтоўка да рамонту воінскіх пахаванняў: абследаванне, вызначэнне аб’ёмаў работы, пошук спонсараў, крыніц фінансавання, выканаўцаў работ. Гэтаму пытанню асаблівая ўвага, бо ў 2024 годзе будзе адзначацца 80-годдзе вызвалення Беларусі.

І гэта далёка не ўсе пытанні, якімі прыходзіцца займацца кіраўніку сельскага Савета дэпутатаў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *