В Шумилинском районе прошёл международный турслёт «Шатры Маланки»

Актуалии Мир увлечений

Организатор слёта Анатолий Бычков

Пад “Шатрамі Маланкі”
Турыстычны злёт з такой захапляльнай назвай “Шатры Маланкі”, і навукова-практычная канферэнцыя “Ад арыяў да русаў” з міжнародным прадстаўніцтвам выклікалі сапраўдную цікаўнасць грамадскасці раёна і, вядома ж, журналістаў.
У мінулую пятніцу надвор’е турыстаў не шкадавала. Праліўны дождж зарадзіў з ранку і прасвету на небасхіле бачна не было. Накіроўваючыся ў вёску Рыбчына, што за Мішневічамі, думалася, няўжо нехта пацягнецца на прыроду ў такое надвор’е?
Але сапраўдных турыстаў дождж не застане знянацку. На стромкім беразе Обалянкі быў разбіты сапраўдны турыстычны лагер: палаткі, палявая кухня, флагшток. Для правядзення канферэнцыі была падрыхтавана і “зала” пад адкрытым небам – плёначны навес, які змясціў усіх жадаючых. Гэта пастараўся арганізатар злёту А. Л. Бычкоў са сваёй камандай. Анатоль Леанідавіч — былы ваенны марак, ён застаецца вельмі актыўным чалавекам, які шмат часу займаецца грамадскай дзейнасцю.
А сабраліся на мішневічскай зямлі прадстаўнікі Масквы, Мінска, Віцебска, Полацка, шумілінцы і абальчане – краязнаўцы і навукоўцы, заўзятыя аматары гісторыі і свайго краю. Надвор’е нібы пашкадавала тых, хто сабраўся ў лагеры і да моманту адкрыцця злёту спыніла лівень, праз разрывы ў хмарах нават пачало выглядваць сонейка. Пад’ехалі да адкрыцця злёту і прадстаўнікі райвыканкама, мясцовай улады: намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў, старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленка.
А. Л. Бычкоў у сваёй прамове расказаў аб задачах і мэтах злёту, яго праграме, пазнаёміў з гасцямі. Ён гаварыў пра важнасці вывучэння свайго краю, яго гісторыі, асабліва старажытнай, у якой крыюцца карані народу, нацыі. Гаварыў пра вечныя каштоўнасці, якія ніколі не губляюць свайго значэння. Таму дэвізам злёту была абрана запаведзь “Жыць па сумленні”.
Пажадаў поспехаў удзельнікам злёту А. М. Зайцаў. “Ваша справа неацэнная ў выхаванні моладзі, бо гісторыя захоўвае памяць народу, перадае спрадвечныя каштоўнасці праз пакаленні”, — сказаў Анатоль Мікалаевіч.
Пад дзіўныя для беларускіх мясцін трубныя гукі ракавіны ўзняўся сцяг злёту з выявай стралы, як старадаўняга сімвала першапраходцаў, разведчыкаў, даследчыкаў. І зноў пайшоў дождж.
Надвор’е прымусіла змяніць праграму злёту. Было вырашана адкласці экскурс па мясцовасці і спачатку выслухаць дакладчыкаў. Выступаючыя даследчыкі прапанавалі свой погляд на старажытную гісторыю славянскіх народаў і не толькі. Прадставілі слухачам свае адкрыцці і даследаванні. Прапанавалі альтэрнатыўныя афіцыйнай гісторыі ідэі і гіпотэзы.
Наступны дзень быў прысвечаны паходу на гару Маланка, дзе па меркаванні некаторых краязнаўцаў знаходзілася старажытнае свяцілішча славянскага бога Рода. Удзельнікі мерапрыемства правялі цікавую экскурсію па мясцовасці, ўсталявалі адзін з камянёў мяркуемага свяцілішча.
У якасці забаўляльнай праграмы і актыўнага адпачынку арганізатар прапанаваў арэлі, верхавыя прагулкі на конях, плаванне па Обалі на катамаранах. А як добра пасядзець ля кастра, пагаварыць пра агульныя захапленні, абмяняцца думкамі. Тым больш, што сабраліся вельмі неардынарныя, цікавыя людзі, зносіны з якім ўзбагачаюць і пашыраюць кругагляд.
Застаецца толькі выказаць спадзяванні, што такі цікавы злёт не стане аднаразовай акцыяй, а пяройдзе ў разрад традыцыйных штогадовых мерапрыемстваў, будзе пашырацца кола яго ўдзельнікаў, для якіх гасцінная шумілінская зямля стане месцам прыцягнення і адкрыццяў, месцам сустрэч і духоўнага ўзбагачэння.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 19.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *