Молодёжь работает на полях района

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Хлопцы вясковыя да работы прывычныя
Падчас касавіцы на палетках нашага раёна працуюць з паўтара дзясятка хлопцаў да трыццаці гадоў.
“У нашай гаспадарцы працуюць чацвёра маладых механізатараў, – расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “АграБаравінка”  П. З. Шалюта. – Хлопцы добрыя, стараюцца”. Добра працуе Віталь Сімакоў – перавёз каля дзевяцісот тон “зялёнкі”.  Дзмітрый Талдыкін прыйшоў працаваць у гаспадарку услед за бацькам.  Хлопец і падчас мінулагоднга зялёнага жніва  паказаў сябе працавітым, і на сёлетняй пасяўной без збояў падвозіў насенне  да сеялак. Другі год працуе на трактары башнёўскі хлопец Кірыл Калдуноў. А вось Юрый Яцэвіч прыехаў у гаспадарку з іншага раёна. Вельмі задаволены, што сёлета яму даверылі новы МТЗ-3522.
Трое хлопцаў працуюць на зялёным жніве ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”. Віталю Каропу за добрую працу на сёлетняй пасяўной быў уручаны каштоўны падарунак ад аддзела па справах моладзі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Цяпер хлопец стараецца на перавозцы кармоў. На касілцы шчыруе Аляксей Котаў. А  Аляксей Латышаў прасуе сена, у непагадзь дапамагае перавозіць “зялёнку”. “Працуецца добра, –  кажа Аляксей. – Мы ж хлопцы вясковыя, да работы прывычныя”.
На мінулым тыдні мы пабывалі на палетках “Сіроцінскага”. З маладых механізатараў  ва ўрочышчы Плянтоўка працаваў тут Аляксандр Антонаў. Хлопец з года ў год прымае ўдзел у конкурсе маладых механізатараў, неаднаразова быў пераможцам.
“Гэтай вясной атрымаў новы трактар, – пахваліўся Аляксандр. – МТЗ-3022 – тэхніка надзейная, больш магутная і сучасная… І Аляксандр рвецца ў бой. Пры норме  35 тон перавозіць 80-90 тон. “Ды ў нас стараюцца ўсе: і сталыя механізатары, і маладыя, – нібыта апраўдваецца Аляксандр. – Сянажныя траншэі закладваем за два-тры дні, бо ўсе, хто працуе на трамбоўцы, на касьбе і на адвозцы, зацікаўлены ў даплатах, якія прадугледжаны за якасную работу”.  Аляксандр Антонаў – механізатар другога класа, але да зімы думае павысіць сваю кваліфікацыю. “Як толькі справімся з уборачнай, паеду вучыцца ў Віцебск,  – дзеліцца сваімі планамі хлопец. – Трэба адкрыць катэгорыю для правоў першага класа”.
У “Прыазёрным міры” з маладых механізатараў на касавіцы задзейнічаны Мікалай Жыгуноў, у “Прыдзвінскім” – Дзмітрый Бязрукаў, у ААТ “Лаўжанскае” –  Алег Барысевіч, Леанід Лашкоў і Міхаіл Чэклін. “Да моладзі ў нашай гаспадарцы адносяцца з разуменнем, – лічыць Міхаіл. – Даюць магчымасць зарабіць. Давяраюць і новую тэхніку. Напрыклад, у мяне энэрганасычаны МТЗ. А сямейным, як, напрыклад, Леаніду Лашкову, далі бясплатнае жыллё. Кватэра з усімі зручнасцямі – гэта вялікая справа. Думаю, Леанід застанецца працаваць у гаспадарцы назаўсёды. І я застануся, калі атрымаю бясплатнае жыллё. Думаю, кватэрай і добрым заробкам усё ж можна затрымаць механізатараў у любой гаспадарцы нашага раёна”.
“ І ў нас ёсць добры малады механізатар,  – падзяліўся дырэктар КУСГП “Ульскі”  Ю. А. Савіцкі. – Гэта Васіль Аглушэвіч. Працуе хлопец на касілцы, на яго рахунку больш за 500 гектараў скошанай травы. У гаспадарцы хочацца мець паболей такіх адказных і сумленных работнікаў, якія  і разумеюць цябе з паўслова, і не падвядуць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 22.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *