Районное объединение профсоюзов: подвели итоги, наградили лучших

Новости Общество

Працаваць у камандзе – на вынік

У пасяджэнні Савета Шумілінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, якое прайшло ўчора, прынялі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.

Пра вынікі прафсаюзнай работы за мінулы год расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава. Яна адзначыла, што прафсаюзы аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. 2024 год адметны – гэта час справаздачна-выбарнай кампаніі, 120-годдзе прафсаюзнага руху Беларусі. Сёлета будзе акцэнтавана ўвага на дапамогу людзям у вырашэнні праблемных пытанняў, прадоўжана работа па абароне правоў і інтарэсаў працоўных, ахове працы, аздараўленні, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, стварэнні новых пярвічак.

Юрый Дзеркач расказаў прысутным пра работу Савета Рэспублікі. Падкрэсліў, што людзі, якія туды ўвойдуць, павінны жыць інтарэсамі працоўных, умець аналізаваць і знаходзіць шляхі вырашэння пытанняў. Юрый Мікалаевіч заклікаў прафсаюзныя арганізацыі да сумеснай работы з дэпутацкім корпусам, з раённай уладай, грамадскімі арганізацыямі.

«Важна працаваць у камандзе, – падкрэсліў Юрый Дзеркач. – Заахвочвайце людзей, стварайце ўмовы. Асноўная задача ўсіх – каб у рэгіёне развівалася эканоміка, каб жыццё працоўнага чалавека было цікавым і насычаным».

Сяргей Галынчык падзякаваў прафсаюзным арганізацыям за работу і пажадаў, каб сёлета, калі адзначаем 100-годдзе ўтварэння раёна, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў, яна была больш плённай. Кіраўнік раёна выказаў надзею, што сумесныя намаганні будуць накіраваны ў тым ліку і на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, якіх не хапае ў раёне.

На мерапрыемстве падвялі вынікі спаборніцтва сярод прафсаюзных пярвічак. Першае месца – у прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы, другое – у СШ № 2, трэцяе – у дзіцячага сада № 2.

Юрый Дзеркач уручыў дыплом Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў пярвічцы лясгаса, якая летась заняла першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе, а таксама яе лідару Анастасіі Малашонак, якая занесена на абласную Дошку гонару абласнога аб’яднання.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *