К 90-летию основания органов прокуратуры

Актуалии Президент

Гарант захавання правоў і свабод
Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня заснавання органаў пракуратуры.  26 чэрвеня 1922 года для нагляду за выкананнем законнасці і барацьбы са злачыннасцю пастановай  Трэцяй сесіі ЦВК Беларускай ССР было прынята Палажэнне аб пракурорскім наглядзе і заснавана Дзяржаўная пракуратура ў складзе Народнага Камісарыята Юстыцыі.

Прокурор Шумилинского района Е. Ю. Гуляев

З нагоды юбілею пракуратуры Беларусі наша інтэрв’ю з пракурорам Шумілінскага раёна Я. Ю. Гуляевым.
– Яўген Юр’евіч, ёсць сур’ёзная падстава для таго, каб зрабіць экскурс у гісторыю пракуратуры. З чаго пачыналася яе работа, якія задачы рашала яна  на  заранку свайго станаўлення?
– Задачы ў прынцыпе стаялі тыя ж, што і зараз: — нагляд за захаваннем законнасці, узбуджэнне крымінальных спраў супраць вінаватых, праверка законнасці ў дзеяннях органаў следства, дазнання. На нарадзе пры пракуратуры па барацьбе са злачыннасцю за 1922-1923 гг. былі заслуханы пытанні: аб мерах барацьбы з падпольнай адвакатурай, аб дзіцячай злачыннасці, аб кампаніі па зборы адзінага сельгаспадатка, аб канакрадстве, аб кантрабандзе. Як бачыце,  на парадак дня былі вынесены вострыя праблемы жыцця краіны пасля разрухі Грамадзянскай вайны. Асаблівым клопатам пракурорскіх работнікаў была барацьба з хабарніцтвам.  У 1926 годзе ў апарат Віцебскай акружной пракуратуры ўваходзіў пракурор, тры памочнікі, сакратар і тры памочнікі пракурора па ўчастках. Трэба зазначыць, што справаводства вялося на беларускай мове. У 1938 годзе ўтварылася Віцебская вобласць і была адпаведна створана абласная пракуратура. На жаль, дакументаў, якія паказвалі б даваенную дзейнасць пракуратуры, не захавалася. Вядома, што ў гады вайны пракурорскія работнікі працягвалі свае абавязкі, не раз выконвалі спецзаданні ў тыле ворага, расследавалі крымінальныя справы.
Нялёгка далося пракуратуры аднаўленне ў пасляваенны перыяд. Яе штат камплектаваўся з тых, хто вярнуўся з эвакуацыі, з былых партызан, франтавікоў. Многім з іх не хапала нармальнага адзення, абутку. У архіве захавалася заява машыністкі А. Т. Глебка, адрасаванай на імя пракурора вобласці С. І. Захарава з просьбай выдзеліць ёй галёшы, паколькі на рынку яны каштуюць непамерна дорага.  Трэба было павышаць кваліфікацыю работнікаў пракуратуры, і многія з іх паступілі вучыцца ў ВНУ, юрыдычныя школы. У 1955 годзе больш за палавіна супрацоўнікаў мелі вышэйшую адукацыю, а напрыканцы 1970-га — амаль 90%.
–  Барацьба, як кажуць, працягваецца, пракуратуру па-ранейшаму называюць нядрэмным “гасударавым вокам”. Не абражае такая вось незвычайная характарыстыка?
–   Ніколькі. Мы стаялі, стаім і будзем стаяць на варце закона, а значыць, інтарэсаў дзяржавы. Нам аказаны такі гонар, разам з тым такая характарыстыка накладвае высокую ступень адказнасці і самааддачы. І сёння пракуратура — важнейшы дзяржаўны інстытут, які абараняе інтарэсы дзяржавы, грамадства і кожнага чалавека.
– Яўген Юр’евіч, давайце разгледзім  асноўныя накірункі дзейнасці пракуратуры. Пачнём з найбольш закаранелай праблемы грамадства — карупцыі і арганізаванай злачыннасці.
– Карупцыя — язва, іржа, якая раз’ядае, расхіствае дзяржаўны лад. Гэтага дапусціць нельга, таму барацьба з хабарніцтвам вядзецца настойліва і бескампрамісна. За два апошнія гады ў вобласці зарэгістравана больш за 430 злачынстваў, звязаных з карупцыяй, кампенсавана   амаль  6 мільярдаў рублёў шкоды, нанесенай  гэтымі карупцыйнымі злачынствамі.  Не абмінула гэтая язва і Шумілінскі раён. Каб папярэдзіць і не дапусціць злачынстваў падобнага кшталту, праводзяцца праверкі, каардынацыйныя нарады, выносяцца акты пракурорскага нагляду. Адной з перадумоў паспяховай барацьбы са злачыннасцю  з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў, злачынстваў, п’янства і алкагалізму,  рэцыдыву асоб, раней пазбаўленых волі. І ў гэтым плане зроблена нямала.  Створаныя саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку вядуць настойлівую барацьбу з тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, хто перашкаджае іншым жыць спакойна і камфортна.  Пракурорскія работнікі  бяруць удзел у пасяджэннях саветаў дэпутатаў, надаюць рабоце саветаў вагу і аўтарытэт. Нямала робіцца  па сацыяльнай і працоўнай рэадаптацыі тых, хто вярнуўся з месцаў зняволення. Гэта дазваляе знізіць колькасць рэцыдыўных злачынстваў.  Разгортваюць сваю плённую дзейнасць і добраахвотныя народныя дружыны.
Важным для пракуратуры з’яўляецца і  нагляд за захаваннем законнасці, выкананнем дырэктыў і указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Звернемся, напрыклад, да Дырэктывы № 1 Прэзідэнта, якая датычыцца ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны.  Дакумент быў прыняты ў сакавіку 2004 года, мінула восем гадоў з дня яго прыняцця, аднак з  дысцыплінай і парадкам справы рухаюцца не так, як хацелася б. На рашэнне задач уплывае сацыяльнае асяроддзе, лад жыцця чалавека, адказнасць кіраўніка арганізацыі, іншыя фактары. Праводзім праверкі, вучым, дамагаемся таго, каб фактаў п’янства на рабочым месцы, траўматызму на дарогах, на рабочых пляцоўках пазбегнуць. Не заўсёды ўдаецца, аднак мы разумеем, што толькі сістэмная і мэтанакіраваная работа прынясе жаданыя вынікі. Скажу і па разглядзе зваротаў грамадзян — гэта таксама важны аспект нашай работы. Звяртаюцца да нас пераважна па самых балючых пытаннях: то не ў пару выплачваецца зарплата, то не выдаюць адпускных, то прымушаюць працаваць з парушэннямі тэхнікі бяспекі. Мы неадкладна рэагуем на такія скаргі, ставім на месца кіраўнікоў. Асаблівы накірунак работы пракуратуры –  ахова правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Тут і папярэджанне безнагляднасці, злачынстваў у асяроддзі моладзі, і сямейнае бязладдзе, і вяртанне так званымі абавязанымі асобамі грошай дзяржаве за іх дзяцей,  якіх забралі  па рашэнні дзяржаўных органаў. Важна не дапусціць насілля над дзецьмі, стварыць ім усе ўмовы для шчаслівага і нармальнага жыцця.
–  Пракурорскія работнікі выступаюць дзяржаўнымі абвінаваўцамі на судзе.  І гэта задача таксама адказная, яна патрабуе ад вас, як і ад суда, уніклівага разгляду кожнай судовай справы, бо за кожнай стаіць чалавечы лёс.
–  Мы па абавязку службы падтрым-ліваем дзяржаўнае абвінавачванне, ажыццяўляем нагляд за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах.  Пракуратура дамагаецца справядлівага і абгрунтаванага прыгавору, заклікана стаяць на варце роўнасці грамадзян перад законам і судом.  У выніку сумесных намаганняў праваахоўных органаў, грамадскасці і ўлады злачыннасць адступае. За апошнія пяць гадоў, напрыклад, па Віцебскай вобласці колькасць забойстваў зменшылася практычна ўтрая, у тры з паловай разы стала менш разбойных нападаў, больш як у дзесяць разоў зменшылася колькасць хуліганскіх выхадак.
– Яўген Юр’евіч, вы працуеце ў цесным кантакце з міліцыяй і судом, вы робіце адну справу. Каб весці справу дастойна, патрэбны граматныя  і ўдумлівыя спецыялісты. Пачнём з пракурора раёна. Скажыце, калі ласка, адкуль вы прыйшлі на гэту адказную пасаду?
– Прыйшоў з пракуратуры Віцебскай вобласці, дзе працаваў старшым следчым па важнейшых справах.
– Нашым чытачам цікава было б ведаць аб  найбольш знакавых крымінальных справах, якія Вы вялі і якія запомніліся Вам на ўсё жыццё.
– Я і сёння  яшчэ пад “напружаннем” 2-3 гучных і рэзанансных спраў, якія давялося весці. У 2003 годзе раскрылі полацкую банду з 4 чалавек, якія рабавалі, знішчалі, забівалі людзей, авалодвалі чужым аўтатранспартам. Апроч мноства карыслівых злачынстваў,  даказалі чатыры забойствы, замах на забойства двух чалавек. Усё ўчынялася пры абставінах, якія рабілі злачынствы больш цяжкімі. Раскрывалі злачынства год, усяго ж  пайшло два гады, пакуль справа лягла на стол суддзі. Другая справа датычылася гвалтаўніка з Наваполацка, які забіў тры дзяўчыны. Тады на пошукі злачынцы былі кінуты вялікі сілы. Знайшлі яго і асудзілі. У абедзвюх справах да злачынцаў была прыменена вышэйшая мера пакарання.
– Яўген Юр’евіч, ці  для многіх спецыялістаў шумілінская  пракуратура ў свой час стала прыступкай для прафесійнага росту?
– З пракуратуры Шумілінскага раёна пайшло на павышэнне па службе нямала здольных пракурорскіх работнікаў.  Напрыклад, Андрэй Вецюгоў, Вячаслаў Андрэеў, Вячаслаў Бабашынскі за апошні час былі прызначаны пракурорамі іншых раёнаў,  нямала высокакваліфікаваных кадраў з пракуратуры раёна перавяліся працаваць у  абласную пракуратуру. Не забываем пра ветэранаў пракуратуры. Аднак жыццё не стаіць на месцы. На змену ветэранам прыходзяць удумлівыя і энергічныя спецыялісты. Нядаўна намеснікам пракурора Шумілінскага раёна прызначаны Дзмітрый Рыгоравіч Храловіч, які да гэтага працаваў старшым памочнікам пракурора Полацкага раёна.  Не забываем і пра актыўны адпачынак. Нашы работнікі прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах, на працягу апошніх гадоў пракуратура вобласці наладзіла  самыя цесныя кантакты з калегамі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
У нашай краіне ствараюцца дастойныя ўмовы працы для работнікаў пракуратуры. Гожым і самавітым стаў пасля рэканструкцыі будынак пракуратуры Шумілінскага раёна, ён па-сапраўднаму ўпрыгожыў архітэктурнае аблічча райцэнтра.
У дзень юбілейнай даты хочацца ад усёй душы павіншаваць работнікаў пракуратуры, ветэранаў органаў пракуратуры са знамянальнай падзеяй прафесійным  жыцці, пажадаць усім дабрабыту, невычэрпнай энергіі і аптымізму ў рашэнні самых складаных службовых задач, прыстойнай і яркай рэалізацыі ў прафесіі.
Інтэрв’ю падрыхтаваў
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №50 ад 26.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *