Малый бизнес в службе быта. И туфли отремонтируют и ключи изготовят

Новости Экономика

Вам набойкі ці дублікат ключа?

Сяргей Антонаў – адзіны ў райцэнтры майстар па рамонце абутку. Жыхары раёна ім задаволены – рамантуе якасна і акуратна.

У 2014 годзе Сяргей Антонаў, які родам з Украіны, прыехаў ў Обаль да сваякоў і застаўся. Шуміліншчына стала для яго другой радзімай. Пяць гадоў таму ўладкаваўся працаваць у КУП БАН майстрам па рамонце абутку, і неўзабаве адкрыў сваю справу. Работа абутніка знаёмая з дзяцінства – бацькі трымалі майстэрню, прадаўжае традыцыю бацькоў і Сяргей.

У невялікім кабінеце-майстэрні, які арандуе ў будынку КУП БАНа, традыцыйныя інструменты: шыла, малаток, пласкагубцы, нажніцы. На паліцы – металічныя і поліурэтанавыя загатоўкі для набоек, некалькі відаў клею. «У сярэднім рамантую па пяць пар абутку за дзень. У асноўным людзі прыносяць фабрычны скураны, бо базарны рамантаваць няма сэн-су, – кажа Сяргей. – Працую не на колькасць, а на якасць. Для мяне важныя імідж, станоўчая адзнака кліентаў і іх усмешка. Ніколі не ўгадаеш, колькі часу спатрэбіцца на рамонт. Іншы раз здаецца, што лёгкая работа, а сядзіш гадзінамі. У кожнай пары абутку свой характар».

Асабліва многа заказаў зімой і позняй восенню. Людзі ўспамінаюць, што няма чаго абуць і бягуць да майстра. Яму прыходзіцца затрымлівацца на рабоце, працаваць і па выхадных. Тады на дапамогу прыходзіць жонка Любоў. Яна працуе медсястрой у Обальскай бальніцы, а ў вольны час – разам з мужам. Навучылася ў яго падшываць абутак, атрымліваецца нядрэнна.

Паколькі летам у майстра за-цішша – мала прыносяць у рамонт (усе ходзяць у сланцах, жартуе абутнік), ён у мінулым годзе вырашыў адкрыць яшчэ адзін накірунак дзейнасці – заняцца вырабам дублікатаў ключоў. Усіх відаў, акрамя аўтамабільных. «Нядаўна набыў праграматар, які сканіруе нізкачастотныя і высокачастотныя хвалі чыпа дамафоннага ключа і пераносіцца на новы, – расказаў Сяргей Антонаў. – Так што калі вам патрэбны дамафонныя ключы – калі ласка, прыходзьце, дапамагу!».

Рамонт абутку – паслуга запатрабаваная. І вельмі добра, што яна ёсць у нашым гарадку, што Сяргей Антонаў заняў гэту нішу бытавых паслуг і развівае яе.

Майстэрня па рамонце абутку і вырабе дублікатаў ключоў Сяргея Антонава працуе ў будні з 8.30 да 16.30.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *