Председатель Шумилинского райисполкома В. П. Куренной провёл “прямую линию»

Актуалии Президент

Псіхалогію трэба мяняць
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны мае цвёрды намер  памяняць псіхалогію чалавека, які са скаргай, просьбай ідзе не ў сельвыканкам, не ў арганізацыю, дзе павінны і абавязаны дапамагчы, а адразу да яго, кіраўніка раёна.
Аднак псіхалогію пераламаць не так лёгка. Большасць пытанняў, якія выслухаў на нядаўняй “прамой лініі” кіраўнік раёна (іх было 16 на працягу трох гадзін работы), былі прыкладна тыя ж: пракладзіце, скіньце, адрамантуйце,  пастаўце, патлумачце.
Першы званок датычыўся “мірнага” пытання: калі прыйдзе ў в. Добрына кабельнае тэлебачанне. Маецца на ўвазе, ZALA. У. П. Куранны  звязаўся з начальнікам РУЭС  Ю. Р. Маскальковым. Той абяцаў: не раней лістапада-снежня, бо шмат клопатаў з пракладкай оптыка-валаконнага кабелю. Скарга паступіла ад  жыхаркі в. Ужляціна Т. А. Чайковай. Гісторыя няпростая, яна датычыцца непаразумення з кіраўніцтвам ААТ “АграБаравінка”  па зносу закінутага дома і хлява.
Далікатна, можа, нават з бояззю, што адмовяць у просьбе, папрасіла падрамантаваць пасля буры хатку ў в. Мікалаёва Н. С. Кралька. Бяда прыйшла 2 красавіка, гаворыць 84-гадовая жанчына, абяцалі на месцы дапамагчы да Дня Перамогі (жанчына з сям’і ветэрана вайны), аднак ні з гаспадаркі, ні з сельсавета да яе не зазірнулі. Таму і звяртаецца яна да старшыні райвыканкама. А справы той, як кажуць, на адзін чмых: замяніць канёк і так званую ветраніцу ў хаце.
Зараз жа пасля званка кіраўніка раёна дырэктар КУСГП “Ульскі” Ю. А. Савіцкі пад’ехаў да жанчыны  і паабяцаў  недагляд выправіць. З вуліцы Ленінскай, дзе Л. У. Журава высаджвае кветкі, нехта сарваў прыгожыя ліліі. Яна паведаміла пра гэта ў міліцыю.  А гаворка ў цэлым ішла пра добраўпарадкаванне, жанчына прасіла, каб  кіраўніцтва камунгасу заняло больш памяркоўную пазіцыю ў адно-сінах да тых, хто хоча вырошчваць кветкі каля многакватэрных дамоў. Тут трэба прыйсці, як кажуць, да адной узгодненай думкі. А што датычыцца крадзяжоў і шкодніцтва ў райцэнтры,  У. П. Куранны паабяцаў жанчыне, што на вуліцы Ленінскай (на цэнтральнай яе частцы), у парку, ля кафэ “Клякса” будуць устаноўлены відэакамеры. Гэта аблегчыць барацьбу з рознага роду крадзяжамі і шкодніцтвам.
Адразу тры пытанні “прынесла” на прыём да старшыні райвыканкама Н. Я. Баранава з Шуміліна. Вада ў падвале дома — раз, ці не тры гады цячэ яна ў падвал, а камунгасу хоць бы што, просьба паставіць побач з бальніцай некалькі лавачак, бо хворым даводзіцца чакаць аўтобуса, – два і  яшчэ адно – гразкі праход ад аўтастанцыі на вуліцу К. Маркса.  Прывезлі некалькі гадоў назад трубу, так яна і ляжыць без патрэбы. Жыхарка в. Ужляціна А. Р. Цярэня, у якой тры каровы, хацела б купіць недзе сена. Дырэктар “АграБаравінкі” А. І. Мясаедаў абяцаў завезці гаспадыні 6 тон  сена, як толькі стане на пагодзе. У гаспадара па вуліцы Дачнай апора, якая трымае надземную цеплатрасу, пагражае яго лазні. У аграгарадку Слабада ёсць кавалак дарогі метраў на 50, дзе не прайсці без ботаў (не дзіва – кожны дзень дажджы), у жыхара в. Цаўі У. Ф. Буракова пасека і ён баіцца, што мясцовая гаспадарка правядзе чарговую хімпраполку і загубіць яго пчол.
Па ўсіх пытаннях У. П. Куранны неадкладна, у прысутнасці заяўніка, па мабільніку звязваўся з кіраўніком, ад якога залежала рашэнне праблемы, і  даваў адказ. Дзякавалі людзі – і за аператыўнасць, і за такт, і за жаданне  кіраўніка раёна выслухаць і  дапамагчы. А вось ад Т. Я. Жураўкінай, агарод якой побач з гаражным кааператывам, скаргу Уладзімір Пятровіч прыняў насцярожана: дапамаглі ж, два дні  працавала служба, чысцілі канаву, якая ідзе паміж яе агародам і гаражным масівам у раёне ДРБУ-204. Тут іншага рашэння, як  падагнаць экскаватара і прарыць нармальную, глыбокую сцёкавую канаву, няма. Так мяркуе начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў. Аднак да ўборкі ўраджаю ніхто не пусціць трактар на агарод.
Адна скарга, якая прагучала з вуснаў В. Ф. Усавай з Амбросавіч, датычылася  частага адключэння вады, і што абуральна  – без усякага папярэджання.  Непарадак. Звязаўшыся з кіраўніцтвам УП ЖКГ, У. П. Куранны высвятляе: у вёсцы праблема са свідравінай – рамантуюць.  А што не папярэджваюць – тлусты мінус рабоце камунальнай службы. Аддзел культуры райвыканкама не разлічыўся з  качагарамі Язвінскага СДК  за распілоўку дроў у зімовы перыяд, і гісторыя цягнецца з красавіка. Зноў непарадак, і зноў Уладзімір Пятровіч бярэцца за мабільны тэлефон. С. Л. Жыжова скардзіцца: кватэра ў яе па вуліцы Юбілейнай не вуглавая, тым не менш сцяна вечна мокрая, асабліва цяпер. калі дажджы. Па ўсім відаць, вінаваты дах. Жанчына некалькі разоў звярталася ў камунгас, але ніхто не стаў разбірацца. Зараз – давядзецца.
Былі і дзелавыя прапановы. Вось на прыёме мінчанін В. С. Бык, які хоча  ўзяць у арэнду былую нафтабазу (за “лініяй”), якая доўга прастойвае без справы, з наступным частковым ці поўным  выкупам.  Прадпрымальнік будзе займацца аптовымі пастаўкамі гаруча-змазачных матэрыялаў. З часам, са слоў прадпрымальніка, магчыма, акрыюцца ў яго некалькі новых рабочых месцаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №51 ад 29.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *