Криминал. Происшествия

Происшествия

Крадзеж раскрыты
Раённая газета пісала пра крадзеж з магазіна №1 “Тавары паўсядзённага попыту” райспажыўтаварыства ў Шуміліне. Нагадаем, што ўкралі спіртныя напіткі і прадукты харчавання. Крадзеж раскрыты. Злодзеямі аказаліся раней судзімая жыхарка Добрына і судзімы жыхар райцэнтра. Жанчына затрымана, месцазнаходжанне мужчыны ўстанаўліваецца.
Тапелец
У РАУС патэлефанаваў жыхар Шуміліна і паведаміў, што разам са знаёмым знаходзіўся на Шумілінскім возеры. Але знаёмы адплыў далёка ад берага, на крыкі людзей не адгукаўся і з берага яго бачна не было.  Праз некаторы час прапаўшага знайшлі. Але ўжо мёртвым:  ён утапіўся…
Веласіпед
У ходзе расследавання адной з крымінальных спраў было ўстаноўлена, што непаўналетні жыхар Обалі, навучэнец  Ульскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, ля пад’езда шматпавярховага дома ў Обалі ўкраў веласіпед “Аист”. Як высветлілася, гэты крадзеж на рахунку маладога чалавека не першы.  Год таму ён быў асуджаны. Таксама за крадзеж. Супраць абальчаніна ўзбуджана крымінальная справа.
Мёд
Жыхар Віцебска, які ў чарговы раз прыехаў на дачу ў Казьяны і пайшоў аглядаць сваю пасеку, быў непрыемна здзіўлены: хтосьці ўкраў сем рамак з мёдам. Віцяблянін неадкладна звярнуўся ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа. Злодзеі вышукваюцца.
Самагон
Супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў сёлета канфіскавана 2300 літраў самагону і самагоннай брагі, складзена 13 адміністрацыйных пратаколаў.
У лячэбна-працоўныя прафілакторыі ў гэтым годзе адпраўлена 11 жыхароў раёна.
Абавязаная
Жыхарку в. Купніно як абавязаную асобу працаўладкавалі на адно з прадпрыемстваў Шуміліншчыны. Жанчына павінна была кампенсаваць урон дзяржаве, затрачаны на выхаванне яе дваіх непаўналетніх дзяцей. Але жанчына на работу хадзіла не кожны дзень, часта прагульвала. За тры месяцы набралася 25 прагулаў. Супраць жанчыны ўзбудзілі крымінальную справу.
Нецвярозыя
У мінулую суботу супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на дарогах раёна траіх нецвярозых вадзіцеляў. Двое з іх трапілі на вочы супрацоўнікаў ДАІ падчас чарговага рэйду ў аграгарадок Мішкавічы. Адзін з вяскоўцаў нецвярозым сеў за руль трактара, другі – за руль мапеда. Яшчэ аднаго механізатара “пад мухай” спынілі ў в. Мішкавічы.
Складзены адміністрацыйныя пратаколы, выпівохам пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф па 3,5 мільёна рублёў кожнаму.
Парушэнні ПДД
За студзень-чэрвень бягучага года ў раёне зарэгістравана 2198 парушэнняў Правілаў дарожнага руху (на 434 парушэнні больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года).
У стане алкагольнага ап’янення затрымана 38 вадзіцеляў (летась было 42). Хуткасны рэжым парушылі 1017 чалавек (у мінулым годзе – 984). Без правоў кіравання затрымана 40 вадзіцеляў (летась было 45).
Без флікераў у цёмны час сутак работнікі дзяржаўтаінспекцыі сёлета затрымалі 157 чалавек (у мінулым годзе падобных парушэнняў зарэгістравана 78).
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *