В весенний призыв 22 молодых шумилинца пойдут служить в Вооружённые Силы Беларуси

Молодёжь Новости Общество

Лёгкай вам службы!

Святочна і ўрачыста прайшоў Дзень прызыўніка ў Шуміліне. У вясенні прызыў на тэрміновую ваенную службу з нашага раёна адпраўляюцца 22 хлопцы.

Будучыя салдаты ўсклалі квет-кі на брацкія могілкі і да помніка ў Скверы воінскай славы, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. З наказам звярнуўся былы афганец старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васіль Карпушэнка. Моцная армія – залог бяспекі нашай краіны, таму трэба не баяцца цяжкасцей, смела авалодваць новымі спецыяльнасцямі і быць дастойнымі пераемнікамі сваіх дзядоў і прадзедаў, адзначыў Васіль Мікалаевіч.

Мерапрыемства пад назвай «Армейскі альбом» прайшло ў раённым цэнтры культуры, куды павіншаваць і падтрымаць прызыўнікоў прыйшлі іх родныя і блізкія, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, храма Мікалая Цудатворцы. «Урачыстыя провады прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу – добрая традыцыя, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Ніводны з хлопцаў не сказаў прызыўной камісіі, што не хоча служыць. Значыць, сем’і годна выхавалі сваіх сыноў, і бацькам за гэта вялікі дзякуй».

Начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін расказаў, што шумілінскія хлопцы будуць служыць у сухапутных войсках, транспартных, пагранічных, сіл спецыяльных аперацый і іншых. Заклікаў з гонарам несці службу і вярнуцца дадому ўзмужнелымі і загартаванымі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук уручыў прызыўнікам падарункі ад грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і школ раёна, пажадаў лёгкай службы. Маленькія іконы падарыў кожнаму благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Фёдар Пучынскі і блаславіў хлопцаў на добрую службу.

Аздобілі мерапрыемства канцэртныя нумары работнікаў РЦК, выставы гісторыка-краязнаўчага музея і раённай бібліятэкі.

«Мерапрыемства мне спадабалася, – падзяліўся ўражаннямі прызыўнік з аг. Слабада Ягор Гусакоў, работнік цэха па вырошчванні птушкі «Вітконпрадукта». – Пасля трохгадовай адтэрміноўкі па стане здароўя нарэшце іду служыць. Здорава, што мне прапанавалі на выбар танкавыя войскі ці пагранічныя. Выбраў апошнія, бо лічу іх прэстыжнымі. Буду служыць на Гомельшчыне».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *