Выездное заседание Шумилинского райисполкома прошло в “Улльском” и “Ловжанском”

Актуалии Президент

Старшыня райвыканкама У. П. Куранны з галоўным інжынерам ААТ "Лаўжанскае" В. П. Храпавіцкім

Жніво і экзамен на гаспадарлівасць

Шмат цёплых слоў прыдумала жыццё для такой напружанай пары, як жніво. А найбольш “суровыя” з выразаў абавязкова вернуць чалавека да “бітвы”. За ўраджай, за хлеб, лішні раз пацвердзяць народнае выслоўе: хлеб усяму галава.
З гэтай важкай ідыёмы “хлеб усяму галава” і зыходзіў старшыня райвыканкама У. П. Куранны, праводзячы ў мінулую суботу пасяджэнне райвыканкама.
Важна было праверыць, што за сітуацыя з падрыхтоўкай тэхнікі да жніва. Для гэтага сам старшыня райвыканкама і яго намеснікі ўзначалілі групы па дэталёвым аглядзе камбайнаў, сушыльнай гаспадаркі, па стымуляванні і наогул арганізацыі  ўсяго “механізму” ўборачнай кампаніі. Трэба, каб кампанія не стала кампанейшчынай, а сабрала ўсе сілы ў адзін кулак. Тут і шэфы, і  тэхніка, якой не хапае для рытмічнай работы. Далёка не ўсё ладна з падрыхтоўкай сушылак. У. П. Куранны з групай зацікаўленых асоб азнаёміўся з комплексам пытанняў жніва ў КУСГП “Ульскі” і  ААТ “Лаўжанскае”. У першай гаспадарцы галоўны аграном С. С. Баранаў не меў пад рукой выверанага рабочага плана (“Усё будзе ў панядзелак або аўторак”, – запэўніў), тут чатыры камбайны, што ў майстэрнях в. Лявонава, чакаюць прыезду падшэфных механізатараў.
Кіраўнікі гаспадаркі паказвалі  старшыні райвыканкама сваю гаспадарку. Уладзімір Пятровіч  у працэсе знаёмства задаваў  часам вельмі нязручныя і непрыемныя пытанні. Напрыклад, спытаўся ў аднаго камбайнера: “Ці зможаце заўтра выехаць у поле?”, і той адмоўна паківаў галавой.
Аказалася, нямала дробных недапрацовак. Праўда, у гаспадарку завезлі масла, наогул змазачны матэрыял, і праз некалькі дзён парк будзе, як кажуць, на мазі.
На машынным двары ў “Лаўжанскім” камбайны стаяць у радок. У. П. Куранны просіць механізатара завезці камбайн, той прыводзіць машыну ў рабочы стан, і мы бачым, як сыплецца смецце, рэшткі травы, зерня з усіх шчылін. Значыць, восенню не глядзелі.
Такая ж сітуацыя  з ачышчэннем камбайнаў у “Ульскім”. Для ААТ “Лаўжанскае” ёсць нямала спецыфічных праблем. Напрыклад,  пры жывёлагадоўчым комплексе ў свой час устанавілі механізмы па плюшчэнні збожжа. Не таварнага – таго,  што паступіць ад так званых краявых намалотаў (па перыметру поля), дзе шмат пустазелля.  Тым не менш, калі рыхтаваць такі корм па тэхналогіі, з прымяненнем кансервантаў, фураж атрымаецца выдатны. Сюды павязуць “краявое” збожжа з усяго раёна, і  трэба ўсё зрабіць, каб не спазніцца з яго прыёмам.
Пасля характарыстык, якія далі кіраўнікі аператыўных груп райвыканкама па падрыхтоўцы да жніва ў гаспадарках раёна,  пачалося афіцыйнае пасяджэнне  райвыканкама. З дакладам аб ходзе нарыхтоўкі кармоў, падрыхтоўкі да жніва і сяўбы азімых  выступіла першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В. У. Лабейка.  Валянціна Уладзіміраўна закранула шэраг пытанняў, якія ставіць жніво: і гатоўнасць камбайнаў, і тэхнікі на адвозцы, і сушылак, не абмінула стану вагавай гаспадаркі.
“Ураджай выспеў добры, – гаворыць У. П. Куранны. –  Зараз галоўнае – забраць яго. Без страт, без спазнення. На днях трэба пачынаць. З рапсу, а там прыспее і збожжа”.
Да адказнай кампаніі трэба падрыхтаваць  усіх, хто будзе задзейнічаны на ўборцы ўраджаю. Псіхалагічна, не ўпусціць ніводнай дэталі па стымуляванні, па аплаце. Гэта важна, бо чалавек павінен ведаць, за якія грошы ён будзе аддаваць плён сваёй працы.
Вялася гаворка па нарыхтоўцы кармоў, пра тое, каб не забываліся кіраўнікі гаспадарак пра вяскоўцаў, у каго свае каровы і хто актыўна здае лішкі малака. Гурт здрабнеў – засталося  ў прыватным сектары ўсяго 727 кароў.   Нельга дапусціць, каб той, хто трымае карову, цярпеў ад недахопу сена. Тым не менш і сельгаспрадпрыемствам трэба падцягнуць корманарыхтоўку. Чакае другі ўкос, а той-сёй не спарадкаваў яшчэ першы.
Не ўпусцілі з-пад увагі і ўборку лёну,  сушку льновораху, выпрацавалі тактыку і стратэгію абмалоту льносемя,  гаварылі пра першую запаведзь хлебароба – здачу збожжа ў дзяржаўныя засекі. Закранулі патрэбу мець у кожнай гаспадарцы клін з такой культурай, як свірэпа. Культура тэхнічная, тым не менш карысць ад яе для гаспадарак будзе бясспрэчнай.
Задачы пастаўлены, задачы напружаныя. Зараз галоўнае  не ўпусціць ніводнай дробязі, правесці жніво  ў максімальна сціслыя тэрміны.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *