Районная гимназия: первые итоги пятилетки

Актуалии Образование

Пяць год пройдзена.  Наперадзе – новыя старты
Ужо пяць гадоў, як у нашым раёне працуе гімназія. Працуе паспяхова, апраўдваючы сваю гучную назву. Пяцігодка, што ўжо за плячыма, дае магчымасць падвесці вынікі, зрабіць вывады, нацэліць на новыя дасягненні. Што і робіць дырэктар раённай гімназіі Святлана Анатольеўна Сільчанка ў гутарцы з намі напярэдадні новага навучальнага года.
Святлана Анатольеўна, найперш, канешне, хочацца гаварыць аб дасягненнях і вартасцях вашай навучальнай установы. На чым бы Вы, ацаніўшы пяцігадовую работу, зрабілі акцэнт, чым пахваліліся?
– Калі на парозе другой пяцігодкі гаварыць пра вартасці гімназіі, то гэта найперш – стабільнасць складу і высокі прафесіяналізм нашага педагагічнага калектыву. Хочацца сказаць:  адна з маладых спецыялістаў – Таццяна Сцяпанава стала ўжо  намеснікам дырэктара (яна адна з першых пераступіла парог гімназіі). А імёны такіх настаўнікаў, як А. Г. Каралёў, Н. М. Спірыдонава, І. І. Кручкова і іншых, вядомыя ўжо далёка за межамі раёна.
Хочацца адзначыць і надзвычай высокі ўзровень матывацыі работы нашых дзяцей. У пацвярджэнне гэтага адзін факт: са 117 вучняў гімназіі 11 займаюцца выключна на 9-10 балаў.
І гэты, нацэлены на агульны поспех, вучнёўска-настаўніцкі тандэм проста асуджаны на вынікі, якімі не грэх і пахваліцца: гэта перамогі ў алімпіядах, навуковых канферэнцыях, а самае галоўнае – стабільныя паступленні ў ВНУ. Прычым, геаграфія іх надзвычай шырокая. Нашы выпускнікі вучацца ў Мінску, Горках, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску і, да прыкладу, мы з задавальненнем знаходзілі на сайтах ВНУ сярод паступіўшых імёны 90% сваіх выпускнікоў.
Ведаю, што Вы заўжды рады новым гімназістам (а магчымасць вучыцца ў гімназіі маюць цяпер і гарадскія дзеці). Скажыце, што гімназія можа прапанаваць звыш таго, што прапануецца ў звычайнай школе?
– У першую чаргу нашы дзеці пасля завяршэння базавай ступені маюць магчымасць выбіраць заняткі па профілю: фізіка-матэматычны або хіміка-біялагічны. Адпаведна больш адводзіцца гадзін на гэтыя прадметы. Акрамя гэтага, актыўней выкарыстоўваюцца магчымасці факультатыўных заняткаў. І яшчэ, улічваючы, што хутка абавязковым для здачы стане экзамен па замежнай мове, колькасць гадзін узрасце і па-ранейшаму будзе большай, чым у звычайнай школе. Усё гэта дазваляе гімназістам атрымліваць базу ведаў, якой хопіць для паступлення ў самую прэстыжную навучальную ўстанову без дапамогі рэпетытараў. А гэта важна.
–  Але ж жыццё – гэта не толькі ву чоба. Дзяцінства і гімназістам не адменіш. Як арганізаваны быт, вольны час выхаванцаў гімназіі? Думаецца, гэта цікава не толькі тым, хто збіраецца на вучобу ў Лескавічы.
– У нас прадугледжаны інтэрнат на сто месцаў. Гімназісты і вучацца, і жывуць прама тут. Наша задача –   зрабіць жыццё гімназіста ў цэлым цікавым і насычаным. На варце гэтых інтарэсаў стаіць выхавальніцкі корпус гімназіі. Гурткі, заняткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі, самыя разнастайныя мерапрыемствы ад забаўляльных да надзвычай сур’ёзных – краязнаўчых, экалагічных. Часта дзеці самі ініцыіруюць тую ці іншую справу і заўжды знаходзяць падтрымку сваіх педагогаў. Да прыкладу, выпуск гімназічнага весніка “Мы – разам” – агульная сур’ёзная справа. І гэта цікава дзецям.
Не падумайце толькі, што кожная хвіліна іхняга жыцця – па строгім раскладзе. Хапае ў гімназістаў і вольнага, іх уласнага часу. Без гэтага нельга.
Але жыць прыйдзецца асобна, прывыкаць да новага рытму, вучыцца самастойна фарміраваць узаемаадносіны…
– А дзякуючы менавіта гэтаму фарміруецца асаблівая гімназічная згуртаванасць. Нашы выпускнікі падтрымліваюць цесную  сувязь з намі, настаўнікамі, і з сённяшнімі гімназістамі. Ім цікава ўсё, чым жыве калектыў. А гэта дарагога каштуе.
У гэтай сувязі скажыце, якія б эпітэты Вы надалі сапраўднаму гімназісту.
– У першую чаргу, гэта мэтанакіраванасць. Чалавек павінен дакладна ведаць, у імя чаго ён прыйшоў у гімназію, якога выніку ён хоча дасягнуць. І яшчэ ён, безумоўна, павінен быць сумленным і прыстойным.
Дзякуй за гутарку, Святлана Анатольеўна. Новых поспехаў і новых вяршынь
Беседовала Наталья ЧЕРНИЧЕНКО.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *