«Веничный бизнес» Шумилинского комхоза

Здоровье Экономика

Калі венік даражэй за грошы
Нядаўна ездзіла ў госці да сваёй добра знаёмай. Яна, абводзячы мяне па ўсіх сваіх “апартаментах”, уключаючы, вядома ж, агарод і надворныя пабудовы, не прамінула пахваліцца нарыхтаванымі венікамі. Яна — заядлая лазеншчыца. І для яе лазня — святая справа, рытуал, калі хочаце. Сваёй лазні ў сяброўкі пакуль няма (дабудоўваецца), таму яна рэгулярна наведвае грамадскую. І ходзіць са сваім венікам, якія рыхтуе ў пару, па тэхналогіі, рознага “начыння”.
Да Петрака, кажа знаёмая, як мінімум два дзясяткі венікаў павінны вісець у яе на паддашку. Можна і больш, эканомія выходзіць на тым, што бярозавым венікам можна пакарыстацца два разы.
– Чаму да Петрака венікі рыхтуеш? (Пятрок — 12 ліпеня) — пытаю. — А таму, што з канца чэрвеня і да сярэдзіны ліпеня ў дрэвах самая сіла. А прыйшоў Пятрок — апаў лісток.
“І камунгас, колькі помню, кожнае лета нарыхтоўвае “лазневы інструмент” — венікі, — кажа начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Юрый Міцькін. — Кожнаму вясковаму падраздзяленню даведзены планы. Венікі нарыхтоўваем толькі бярозавыя. Іх колькасць, як правіла, зыходзіць з попыту. Вось ужо некалькі год запар УП ЖКГ рыхтуе 400 штук венікаў. Ідэальны варыянт — пяць соцень.”
Асноўныя спажыўцы галоўнага лазневага атрыбуту — наведвальнікі цэнтральнай лазні і лазні ў аграгарадку Светласельскім. Амаль ніколі не было жадаючых купіць венік у лазні мікрараёна СШ №2. Усе па традыцыі ходзяць са сваімі. Некалькі разоў венікі пыталі наведвальнікі Амбросавіцкай грамадскай лазні.
На сёння, па папярэдніх падліках, работнікі камунгасу нарыхтавалі венікаў палову да неабходнага. 12 ліпеня прыйшоў Пятрок. Так што з нарыхтоўкай астатняй колькасці трэба паспяшыць, каб ад наведвання грамадскай лазні ў аматараў папарыцца засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні. Як там кажуць у народзе: “У які дзень парышся, у той дзень не старышся…”
Алена КАРПУШЭНКА.
У тэму
Бярозавы венік дапамагае пры болі, ламотах у мышцах і суставах пасля практыкаванняў і фізічных нагрузак, добра ачышчае скуру пры схільнасцях да сыпу і гнайнічкоў, паскарае зажыўленне ран, аказвае заспакаяльнае дзеянне, паляпшае настрой. Незаменны такі венік для астматыкаў і былых курыльшчыкаў, якія пачалі займацца дыхальнай гімнастыкай. Настой веніка з бярозы карысны для скуры галавы: умацоўвае валасы і знішчае перхаць.
Надрукавана ў №55 ад 13.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *