19 верасня – Дзень здароўя школьнікаў

Здоровье Общество

Як зберагчы вочы?
Узрост паступлення дзіця ў школу супадае з перыядам функцыянальнай няўстойлівасці органу зроку. Больш таго, ужо 4-5% дзяцей маюць праблемы са зрокам і носяць акуляры да пачатку перыяду навучання.
У дзіцячых дашкольных установах  раёна знаходзіцца 54 дзіцяці з парушэннем зроку, у школах – 460.
Часцей за ўсё ў школьныя гады развіваецца блізарукасць (міяпія), што звязана, галоўным чынам, з працяглай зрокавай работай на блізкай адлегласці (чытанне, пісьмо, маляванне), асабліва пры няправільным асвятленні.
Для прафілактыкі ўзнікнення і прагрэсіравання парушэнняў зроку ў дзяцей школьнага ўзросту асаблівае значэнне  мае выкананне элементарных гігіенічных правілаў:  рацыянальная пабудова вучэбнага дня ў школе, арганізацыя заняткаў і адпачынку ў пазашкольны час, правільнае харчаванне, якое ўключае дастатковую колькасць вітамінаў.
Крайне важна забяспечыць добрую асветленасць. Найбольш спрыяльнай для зрокавай работы з’яўляецца натуральная асветленасць. Калі выкарыстоўваецца штучнае асвятленне, яно павінна быць раўнамерным, не ствараць на рабочай паверхні рэзкія цені і блікі. Настольную лямпу на рабочым стале трэба размяшчаць злева (для ляўшоў – справа), лямпачка абавязкова павінна быць прыкрыта абажурам светлых няяркіх адценняў, каб прамыя промні не траплялі ў вочы. Аптымальная магутнасць лямпачкі – 60-80 ват.
У апошнія гады з’явіўся дадатковы фактар, які садзейнічае развіццю зрокавых парушэнняў – увядзенне ў школьную праграму інфарматыкі, а таксама карыстанне камп’ютарамі. А між іншым, аптымальны час работы за камп’ютарам не павінен перавышаць 25-30 хвілін для старшакласнікаў і 10 хвілін – для малодшых школьнікаў, затым абавязковы перапынак 10 хвілін на размінку і гімнастыку для вачэй.
Каб захаваць востры зрок, неабходна выконваць шэраг нескладаных правілаў:
– забяспечваць здаровы і дастатковы па часе сон;
– правільна харчавацца (абавязкова ўжываць прадукты, багатыя вітамінамі В2 і А);
– паляпшаць кровазабеспячэнне вачэй (прагулкі, фізічныя практыкаванні, гімнастыка для вачэй).
С. КОНЫШАЎ, галоўны ўрач Шумілінскага РЦГЭ,
Л. СУХАНАВА, раённы педыятр Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *