Криминал. Происшествия

Происшествия

Мапед
У жыхара в. Мікалаёва ўкралі мапед. Устаноўлена, што ўгон – справа рук кардонцаў бацькі і сына. Мапед вернуты гаспадару. Супраць малодшага са злодзеяў ўзбуджана крымінальная справа.
Ланцужок
У жыхара райцэнтра, які ў стане алкагольнага ап’янення заснуў на адных з могілак Шуміліна, прапаў з шыі залаты ланцужок. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены. Ім аказаўся раней судзімы мясцовы жыхар. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Але ж і пацярпелы – таксама добрая цаца: трэба ж было так напіцца!
Гультай
Жыхар Шуміліна ўжо быў судзімы за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі да 240 гадзін грамадскай працы. Але пасля гэтага мужчына за розум так і не ўзяўся, на работу не хадзіў. Больш за тры месяцы не плаціў аліменты. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Пажары
За студзень-чэрвень бягучага года ў раёне зарэгістравана 19 пажараў – на 8 менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Урон ад пажараў склаў 139 мільёнаў рублёў. У агні загінуў адзін чалавек. Знішчаны два і пашкоджана дзевяць жылых дамоў. Згарэла адна адзінка тэхнікі. Знішчаны дзве і пашкоджаны тры надворныя гаспадарчыя пабудовы. Супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях на пажарах выратаваны адзін чалавек, 35 жылых і гаспадарчых пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 192 мільёны рублёў.
Аўто
З вёскі Пабеда патэлефанавалі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і паведамілі: ля дома аднаго з вяскоўцаў гарыць легкавы аўтамабіль. За некалькі хвілін унутры легкавушкі ўсё выгарала. Ад аўто застаўся адзін каркас… Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.
На Купалле
Адзін з жыхароў Віцебска вырашыў адсвяткаваць Купалле ў Шуміліне.  Прыехаў на шумілінскае возера на аўтамабілі ГАЗ. Прычым сам пад “газам”. У выніку не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет.
Мужчыну пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф. На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны для разгляду па месцы жыхарства.
З пасажырамі
Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі на аўтадарозе Шуміліна-Сураўні быў спынены жыхар вёскі Глушыца, які ехаў на трактары. МТЗ быў з няпройдзеным дзяржтэхнаглядам і без дагавору абавязковага страхавання. Больш таго,  вясковец перавозіў у прычэпе трактара 17 пасажыраў. На механізатара складзены адміністрацыйныя пратаколы, агульная сума штрафу складае больш за тры мільёны рублёў.
На чырвонае святло
У мінулую нядзелю да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты два жыхары Шуміліна, якія пераязджалі перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Сіпко на чырвонае святло святлафора. Прычым адзін з іх кіраваў легкавушкай, а другі – асабістым трактарам. Абодвум мужчынам пагражае штраф да пяці базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *