Чем могут закончится детские разборки

Образование Происшествия Семья

Рабяты, давайце жыць дружна!

Канфлікты паміж дзецьмі ў школе сустракаюцца даволі часта, але не заўсёды справа даходзіць да бойкі. Аднак бываюць выпадкі, калі высвятленне адносін не абыходзіцца без кулакоў і нават заканчваецца траўмамі.

Сёлета ў раёне зафіксаваны тры школьныя бойкі, расказалі інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Што і калі пагражае зачыншчыку дракі, усё залежыць ад узросту школьніка і ступені прычыненай шкоды.

У адной са школ дзесяцігадовы хлопчык пачаў патрабаваць у дзевяцігадовага грошы, а калі той адмовіўся іх даваць, кінуўся з кулакамі. Паколькі задзіра не дасягнуў 14-гадовага ўзросту, пратакол быў складзены на маці, а з хлопцам будзе праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Калі б хлопцу споўнілася чатырнаццаць, то пратакол бы быў складзены на яго (арт. 19.1 КаАП Рэспублікі Беларусь «Дробнае хуліганства» прадугледжвае штраф у памеры ад 2 да 30 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт).

Другі выпадак школьных драк – пабіліся двое 16-гадовых хлопцаў. Быццам бы адзін зневажаў другога. Зараз ацэньваецца ступень цялесных пашкоджанняў, пасля чаго на віноўніка дракі будзе складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 10.1 КаАП «Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання» – пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Бацькі пацярпелага васьмігадовага хлопчыка звярнуліся ў інспекцыю па справах непаўналетніх з той нагоды, што месяц таму іх сына пабілі двое хлопцаў з гэтай жа школы (не падзялілі на вуліцы футбольны мяч). Бацькі патлумачылі свой зварот тым, што ў сына пачалася неўралгія. Але ж цялесныя пашкоджанні не былі своечасова зафіксаваны, таму да адказнасці нікога не прыцягнулі, супрацоўнікі міліцыі толькі правялі з дзецьмі прафілактычную работу.

Згадзіцеся, як важна сябраваць, умець працаваць у калектыве, жыць дружна.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *