Витебск фестивальный — праздник, который закончился

Актуалии Культура

Успаміны пра свята, якое адышло
“Славянскі базар у Віцебску” стаў такім звыклым, што вызначаюць па ім прыкметы надвор’я. У самую спёку можна было пачуць: “Нічога, хутка “Славянскі базар” пачнецца, тады і дажджы пойдуць”. І сапраўды, разам са святам пахаладала, прайшлі летнія навальніцы і дажджы.
Здаецца, тыдзень – сем дзён, гэта так многа, так доўга.  Але святочны тыдзень, калі Віцебск жыў фестывалем, прамільгнуў, як адно імгненне. Здаецца, толькі ўчора было адкрыццё, а ўжо раздалі ўсе прызы, раскупілі ўсе сувеніры, прагучалі фінальныя фанфары. Засталіся толькі ўспаміны пра фестываль.
А успомніць ёсць што. Як папрыгажэў, прыбраўся да свята горад. Вясёлкавай палітрай ляглі дываны кветак, светлымі струменямі загаманілі фантаны, свяціліся радасцю падфарбаваныя і падсвечаныя будынкі. Кожны год з’яўляецца да “Славянскага базару” ў горадзе нешта новае, яно жыве і будзе жыць.
Проста дзівосы можна было пабачыць у “Задзвінскім кірмашы” і “Горадзе майстроў”! Народныя ўмельцы з Беларусі, Расіі, Украіны, іншых краін прапаноўвалі вырабы з усяго, што толькі існуе ў свеце. Можна спрачацца пра мастацкі ўзровень некаторых твораў, але гэта не важна, калі ў атмасферы вялікага свята кожны майстар знаходзіў свайго прыхільніка, свайго пакупніка. Прычым і сувенір маглі зрабіць па жаданні пакупніка прама на вачах.
А які фантастычны феерверк зорных канцэртаў на сцэне Летняга амфітэатра, цудоўнае сузор’е спектакляў паказалі тэатры з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі, на экране Дома кіно дэманстравалася праграма з лепшых кінанавінак?!
А чаго вартая атмасфера фестывальнага Віцебска, калі можна проста шпацыраваць па вуліцах вакол Летняга амфітэатра. Перад вачыма, калі б ні прыйшоў, разгортваецца калейдаскоп самых розных падзей: вось бясконцая мастацкая галерэя на вуліцах Талстога і Суворава, а вось група ў народных уборах выконвае беларускія песні, а далей “прыстаюць” да прахожых смешныя клоуны, а вось нейкі дзядок пад ільвом забаўляе публіку, грае на гармоніку. А колькі сапраўдных міні-спектакляў з жыцця падаецца на вуліцах: тут каханне, а там драма, далей — камедыя.
Гэта час, калі на віцебскіх вулачках, ля сувенірных радоў ці ў вулічным кафэ можна сустрэцца з зоркай эстрады ці тэлебачання, з вядомым кампазітарам, пісьменнікам, мастаком, акцёрам, палітыкам.
На набярэжнай у парку Пераможцаў раскінулі свае палаткі раённыя падворкі. Кожны імкнецца заманіць наведвальнікаў да сябе. Хтосьці выставіў чучалы лясных жывёл, хтосьці пасадзіў курэй у клетку, хтосьці разгарнуў сапраўдныя ветразі. На любы густ прапануюць прысмакі – і смажанае, і варанае, і печанае… Абы грошы! А музыка з усіх бакоў – ад мясцовага народнага калектыву “ўжывую” да любой сусветнай зоркі з дынаміка.
Але ўсё заканчваецца. Вось і фестываль развітаўся, каб зноў сустрэцца праз год. Яшчэ будуць канцэрты ў амфітэатры, будуць гандляваць сваім карцінамі мастакі, можна будзе набыць кошык ці льняную кашулю. Але святочная атмасфера растае, знікне і застанецца толькі ва ўспамінах пра цудоўнае летняе свята.
Шумілінскія рады “Славянскага базару”
Традыцыя прадстаўляць усе раёны Віцебшчыны на “Славянскім базары” існуе не першы год. Але з кожным годам гэтае прадстаўніцтва пашыраецца. Адказная місія паказаць на свяце наш раён перад дзесяткамі тысяч гасцей фестывальнага горада кладзецца на работнікаў райспажыўтаварыства і аддзела культуры.
Завітаў на “Шумілінскі панадворак” ўжо напрыканцы святочнага тыдня. Пад утульнымі парасонамі за столікамі сядзелі наведвальнікі, ветлівыя прадаўцы прапаноўвалі традыцыйныя напіткі і закускі. Можна было і пагрэцца, і ахаладзіцца. Карацей, было як заўсёды. А стомленасць прадаўцам не схаваць – справа ўсё ж ідзе да фіналу. Трэба выстаяць да канца, каб годна завяршыць свята.
Забаўляльную праграму забяспечвалі работнікі культуры нашага раёна. Усе народныя калектывы прадстаўлялі свае праграмы для наведвальнікаў панадворка. Дарэчы, завітаць на “Шумілінскі панадворак”, калі хто не паспеў, можна і ў выхадныя дні, бо працаваць ён будзе да 22 ліпеня.
Дэманстравалі майстар-класы, прапаноўвалі віцяблянам і гасцям горада свае вырабы майстры раённага Дома рамёстваў. Іхнія вырабы з задавальненнем раскупляліся на памяць аб фестывалі і Беларусі не толькі замежнымі гасцямі, а і многімі жыхарамі нашай краіны.
“Фестываліў” у Віцебску Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №57 ад 20.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *