Выполнение законодательства о земле и этнокофесиональное положение в Шумилинском районе обсуждали на заседании райисполкома

Актуалии Президент

Аб парадку на зямлі і духоўнасці чалавека
Выкананне заканадаўства аб зямлі, этнаканфесійнае становішча ў раёне, узровень сярэдняй зарплаты, работа райветстанцыі – гэтыя пытанні былі вынесены на парадак дня пасяджэння раённага выканаўчага камітэта 25 чэрвеня.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які праводзіў пасяджэнне, першым прапанаваў разгледзець пытанне аб рабоце па захаванню заканадаўства і ролі мясцовых органаў улады ў рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Разгорнутую інфармацыю па гэтаму пытанню прадставіла начальнік  землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна.
У прыватнасці, Зафія Францаўна паведаміла, што з агульнай плошчы раёна (169,5 тыс. га) 43% знаходзіцца ў распараджэнні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 8,4 тыс. га  – пад юрысдыкцыяй сельвыканкамаў, у тым ліку і землі грамадзян – 3,5 тыс га.
Дакладчыца  спынілася на рэалізацыі Указа Прэзідэнда “Аб канфіскацыі і прадстаўленні зямельных участкаў”, расказала аб тым, што на тэрыторыі раёна пастаянна ідзе працэс пераразмеркавання зямель, праводзіцца работа па інвентарызацыі зямель населеных пунктаў. Так, з 2007 па 2011 год з зямель сельвыканкамаў вернута сельскагаспадарчым арганізацыям 2936 гектараў. Толькі ў выніку праведзенай у 2011 годзе інвентарызацыі зямель сельскіх населеных пунктаў і фермерскіх гаспадарак выяўлена і перададзена сельскагаспадарчым арганізацыям 820,7 га зямель, якія выкарыстоўваліся неэфектыўна, у тым ліку 806,2 га былі незапатрабаваны грамадзянамі. Мішневіцкі сельсавет – 292 га, Каўлякоўскі – 135 га, Мікалаёўскі – 121,2 га, Обальскі – 72,8 га, па 50 га – Сіроцінскі і Лаўжанскі, каля 50 га – Светласельскі, 34,8 га – Дабейскі. Пераразмеркаваны 684 пустуючыя ўчасткі грамадзян (113,2 га), якія не выкарыстоўваліся па прызначэнню.
З. Ф. Алюліна праінфармавала, што ў мінулым годзе ў раёне дадаткова перааралі і прыцягнулі ў сельскагаспадарчы севазварот 311 гектараў патэнцыяльна ўрадлівай зямлі, якая зарасла пустазеллем, у гэтым годзе пераворана 168,2 га. Напрыклад, цалкам перавораны незапатрабаваныя землі грамадзян вёсак Хацілава, Мазекі, Язвіна, Дубраўскае Светласельскага сельсавета, в. Сахоненкі, аграгарадка Мікіціха, урочышча Мазурына Лаўжанскага сельсавета, часткова аграгарадка Крывое Сяло Каўлякоўскага сельсавета.
У мэтах павышэння прыродаахоўнага значэння лясоў і паляпшэння іх выкарыстоўвання, адзначыла начальнік землеўпарадкавальнай службы, для вядзення лясной гаспадаркі было перададзена 910,7 га ўчасткаў з ліку сельскагаспадарчых зямель, з іх 900,9 га заняты драўніна-хмызняковай расліннасцю, 7,6 – балотамі, 0,9 га – воднымі аб’ектамі.
Рашэннем райвыканкама ад 26 красавіка 2010 года спецыялісты землеўпарадкавальнай службы надзелены паўнамоцтвамі складання пратаколаў аб адміністрацыйных парушэннях. Толькі з 1 студзеня да 12 чэрвеня землеўпарадкавальная служба правяла 512 праверак па выяўленні і папярэджванню парушэнняў зямельнага заканадаўства, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 46 парушальнікаў – гэта на 45% больш, чым летась.
Тым не менш, як зазначыў старшыня райвыканкама У. П. Куранны, шумілінская зямля заслугоўвае большага клопату і парадку, а значыць, і зямельная служба, і ўсе мы, хто жыве і працуе на зямлі, павінны быць больш гаспадарлівымі.
Адкрываючы гаворку па пытанні  “Аб этнаканфесійным  становішчы і выкананні заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігіі органамі ўлады ў Шумілінскім раёне”, кіраўнік раёна завастрыў увагу на актуальнасці будаўніцтва храма ў Шуміліне, выказаў незадавальненне нізкімі тэмпамі збору сродкаў для гэтага. На сёння сума ахвяраванняў складае  пакуль што 142 мільёны рублёў.
Інфармацыю па тэме падала начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская.
У нашым раёне дзейнічае 16 рэлігійных арганізацый трох канфесій, якія валодаюць 14-цю будынкамі, два з іх – помнікі архітэктуры 19 стагоддзя (Свята-Сергіеўская і Свята-Успенская цэрквы). Месцам паломніцтва стала і Святая Пяценка ў Казаногаве, дзякуючы рабоце валанцёраў на чале з краязнаўцам В. В. Улюценкам.  Прадстаўнікі розных канфесій паміж сабой не канфліктуюць, адзначыла Святлана Данілаўна.
Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, веруючымі людзьмі ў нашым раёне сябе лічаць 70% рэспандэнтаў, з іх 58% назвалі сябе праваслаўнымі, 17% — католікамі, амаль 12% — пратэстантамі.
На тэрыторыі нашага раёна вядзецца даволі актыўная рэлігійна-асветніцкая работа: ладзяцца святы,  святары ўдзельнічаюць у важных грамадскіх мерапрыемствах: Дзень прызыўніка, перапахаванне воінаў, таксама ў разнастайных прафілактычных акцыях супраць п’янства і сямейнай нядобранадзейнасці. Уладамі рас-працаваны і рэалізуецца план мерапрыемстваў па развіцці канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой,  у сувязі з гэтым прадугледжана цеснае супрацоўніцтва раённых службаў з рэлігійнымі арганізацыямі, адзначыла С. Д. Вярцінская.
Актыўную дабрачынную і рэлігійна-асветніцкую работу вядуць католікі. Ёсць свая ніша і ў пратэстантаў.
У адрас прадстаўнікоў канфесій, якія прымалі ўдзел у пасяджэнні, прагучалі прапановы ад улад да больш цеснага супрацоўніцтва па пытаннях умацавання сям’і, выхавання дзяцей, павышэння прэстыжу сямейных каштоўнасцяў, прафілактыцы п’янства і курэння.
Актуальным на сёння для праваслаўных з’яўляецца недахоп свяшчэннаслужыцеляў, у прыватнасці, у храме, што  ў Лоўшы, богаслужэнні вядуцца толькі па вялікіх царкоўных святах, там няма пастаяннага свяшчэнніка (а храм – культурна-гістарычны помнік). Абедзве праваслаўныя цэрквы патрабуюць сур’ёзнага рамонту.
Па ўсіх абмеркаваных на пасяджэнні пытаннях прыняты рашэнні.
Аліна ПЯТРОВА.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №51 ад 29.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *