«Важна быць ветлівай і пазітыўнай»
Добрасумленная, здольная да самаўдасканалення, камунікатыўная – так характарызуе маладога спецыяліста Анастасію Волкаву начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Аляксандраўна Новікава. Анастасія прыйшла на сваё першае працоўнае месца спецыялістам па паштовай дзейнасці ў жніўні мінулага года і ўжо асвоіла ўсе нюансы прафесіі. І паспела даць журналістам раённай газеты першае інтэрв’ю.
– Анастасія, чаму ты вырашыла пайсці ў паштовую сферу?
– Пасля школы перада мной стаяў выбар: пайсці вучыцца на сакратара ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж ці пайсці па слядах маці, якая працуе паштальёнам, і паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі. Спачатку абрала каледж. Пасля 10 месяцаў вучобы зразумела, што гэта не маё. І па заканчэнні каледжа я ўжо стаяла на парозе Акадэміі сувязі. Два гады вучобы праляцелі незаўважна.
– З якімі цяжкасцямі сутыкнулася ў першыя дні работы?
– Я б не сказала, што былі цяжкасці. Было страшна памыліцца. Я шмат пыталася ў калег, прасіла дапамогі, набіралася вопыту. У нас вельмі дружны калектыў, і калегі ва ўсім дапамагаюць. Нягледзячы на тое, што я тут самая маладая, гэта не перашкаджае нам добра кантактаваць.
– Як звычайна праходзіць рабочы дзень?
– Паколькі я жыву ў Обалі, устаю а палове сёмай раніцы, снедаю і спяшаюся на аўтобус. Трыццаць хвілін – і я ўжо на рабочым месцы. На працягу дня перада мной стаяць разнастайныя задачы: я не толькі афармляю паштовую дакументацыю, але і сачу за тым, каб тавараў на паліцах было ў дастатковай колькасці. Напрыканцы дня падводжу вынікі, запісваю іх у планы і падшываю дакументы. Пасля мяне зноў чакае дарога дадому.
– Якія плюсы і мінусы ты паспела для сябе адзначыць?
– Для мяне плюс – гэта вялікая колькасць цікавых людзей вакол. Мне вельмі падабаецца дапамагаць людзям і атрымліваць у свой адрас усмешкі і словы ўдзячнасці. Сярод мінусаў – пасля працяглых зносін з людзьмі пад канец працоўнага дня можа сесці «сацыяльная батарэйка». Прычыняе нязручнасць і тое, што прыходзіцца кожны дзень ездзіць на работу з іншага пасёлка. Аднак гэтае пытанне амаль што вырашана. У хуткім часе я пераеду ў Шуміліна, у кватэру сваякоў, дзе зараз вядзецца рамонт.
– Ты ўжо дакладна ведаеш, якімі якасцямі павінен валодаць паштовы работнік?
– Найперш цярпеннем, уседлівасцю, ветлівасцю і рашучасцю. А яшчэ заўсёды быць на пазітыве.
Гутарыла Ульяна РЫМША.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.

