Криминал. Происшествия

Происшествия

Калекцыя
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Віцебска: з дачнага дома ў Язвіне прапала каштоўная для яго калекцыя з 8 медалёў і 9 значкоў. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены, ім аказаўся непаўналетні жыхар Язвіна, які расказаў міліцыянерам, што ў дзве гадзіны ночы разбіў аконнае шкло ў прыхожай дома і пранік у пакой. Акрамя калекцыі, хлопец прыхапіў са двара дома сякеру. Украдзенае канфіскавана і будзе вернута гаспадару.
Марыхуана
Ураджэнец Расійскай Федэрацыі прыйшоў ў раённы аддзел унутраных спраў і добраахвотна прызнаўся, што па месцы жыхарства – у в. Красамай – захоўваў марыхуану для асабістых патрэб. Мужчына здаў у міліцыю недасушаныя верхнія часці дзікарастучай каноплі (усяго 150 грамаў), якія нарваў непадалёк ад лесу. Паколькі мужчына добраахвотна здаў марыхуану і чыстасардэчна раскаяўся, крымінальная справа супраць яго не была ўзбуджана.
Міны
У лясным масіве, непадалёк ад вёскі Роўнае, знайшлі некалькі мінамётных мін. З Віцебска прыехала група размініравання. Міны абясшкоджаны і знішчаны.
Тапельца
Жыхарка Бешанковіцкага раёна 1949 года нараджэння на лодцы пераплывала Заходнюю Дзвіну з в. Будзілава ў в. Духравічы.  Жанчына гайданулася ў лодцы і ўпала ў ваду. Выплысці не ўдалося…
Сумка
Жыхарка в. Башні, якая палола градкі, пакінула сваю сумку ў пачатку агарода. Праз некаторы час сумка, а разам з ёю мабільны тэлефон і 400 тысяч рублёў зніклі. Па гарачых слядах злодзей, а ім аказаўся  раней судзімы жыхар в. Лескавічы, знойдзены. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Катаванне
Жыхарка аграгарадка Светласельскі звярнулася ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці свайго сужыцеля. Справа ў тым, што жанчыне прыходзілася ледзь не кожны дзень цярпець пабоі і ўніжэнні. Сведкаў гэтаму было дастаткова. Мужчына быў неаднойчы судзімы. За катаванне супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Пажар
У райаддзел па надзвычайных сітуацыях патэлефанавалі вяскоўцы з в. Шчарбакі і паведамілі, што гараць дом і гаспадарчыя пабудовы. Гаспадарам удалося выратавацца, а вось жылы дом ужо не адрамантуеш.
На легкавушцы
Непрацуючы жыхар Шуміліна пасля ўжывання алкагольных напояў сеў за руль асабістага аўтамабіля. Ягоны ВАЗ-21091 быў спынены на вуліцы Сіпко. Мужчыну пагражае штраф больш за тры мільёны рублёў і пазбаўленне правоў на тры гады.
На МАЗе
Жыхар в. Сураўні на МАЗе ехаў па адной з вуліц аграгарадка Мішневічы ў нецвярозым стане. Акрамя таго, тэхагляд на транспартны сродак не быў пройдзены. На вяскоўца складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф памерам 3,7 мільёна рублёў, а таксама пазбаўленне на тры гады вадзіцельскіх правоў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №58 ад 24.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *