Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Вокны
У міліцыю звярнулася жыхарка райцэнтра, якая прасіла знайсці ліхадзеяў, што каменем разбілі аконнае шкло ў яе кватэры на першым паверсе. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС сумесна са спецыялістамі ўпраўлення  ўнутраных спраў  Віцебскага аблвыканкама знайшлі хулігана. Акно разбіў мясцовы васямнаццацігадовы хлопец. Чаму ён так зрабіў – у гэтым разбіраюцца міліцыянеры. Супраць маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражаюць грамадскія работы або штраф, або арышт, або пазбаўленне волі да двух гадоў.
Веласіпед
З пад’езда дома ў а.-г. Светласельскі прапаў веласіпед. Міліцыянеры знайшлі злачынцу – ім аказаўся жыхар в. Мерзлякі. Мужчына арыштаваны і знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Са зводак ДАІ
Не ўступіў дарогу

Жыхар раёна, які ехаў на аўтамабілі “Фальксваген”, на перакрыжаванні вуліц Ленінская-Вакзальная  на нерэгулюемым пешаходным пераходзе не ўступіў дарогу пешаходам. Вадзіцелю пагражае штраф да 5 базавых велічынь.
Без флікера
Жыхар Віцебска ў стане алкагольнага ап’янення ішоў па праезнай частцы аўтадарогі Віцебск-Полацк (ля Мікіціхі), не пазначыўшы сябе святловяртальнымі элементамі. Мужчыну пагражае штраф да 5 БВ.
Нецвярозы
На аўтадарозе Шуміліна – Башні – Цербяшова супрацоўнікі ДАІ затрымалі жыхара раёна, які ў стане алкагольнага ап’янення  (2,49 пра-міле) кіраваў аўтамабілем “Рэно-Лагуна”. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады  і штраф да 100 БВ.
Не размінуўся
Жыхар Віцебска, які ехаў на аўтамабілі ГАЗ у Обалі па вуліцы Вышалескага, не разлічыў адлегласць да аўтамабіля ВАЗ-2106, што стаяў на абочыне, і сутыкнуўся з ім. Цяпер абодвум аўто патрабуецца рамонт. Складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства парушальніка.

Са следчага камітэта
Абвінавачванне

Жыхару Шуміліна, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары, прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні трох крадзяжоў і парушэнні ўмоў прэвентыўнага нагляду. Як паведаміла старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Людміла Карнавухава, у бліжэйшы час крымінальная справа будзе завершана і перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Будзьце пільнымі
За апошнія два месяцы аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны 4 крымінальныя справы па фактах парушэння правілаў дарожнага руху. У гэтых дарожных здарэннях адзін чалавек загінуў і трое атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. РАСК нагадвае вадзіцелям пра неабходнасць захавання правілаў дарожнага руху, тым больш зараз, калі ўмовы надвор’я  рэзка ўскладніліся.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *