Криминал. Происшествия

Происшествия

Абавязаны
Згодна з рашэннем суда Шумілінскага раёна жыхар  райцэнтра быў абавязаны выплачваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Мужчыну дапамаглі працаўладкавацца на адно з прадпрыемстваў райцэнтра. Але ён хадзіў на работу па ўласнаму раскладу: за тры месяцы дапусціў 29 прагулаў без прычыны. У выніку – узбуджана крымінальная справа па арт.174 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад выплаты сродкаў, затрачаных на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці”.
Шкілет
У раённы аддзел унутраных спраў паступіла паведамленне: у лясным масіве на мяжы Полацкага і Шумілінскага раёнаў знойдзены шкілет чалавека. Побач знайшлі фрагменты адзення, гумавыя боты, металічны камбайн для збору ягад і пасведчанне інваліда з Віцебска, якія знаходзіўся ў вышуку і значыўся як прапаўшы без звестак.
Дача
У РАУС звярнулася жыхарка Наваполацка і расказала, што ў яе дачным доме ў вёсцы Забар’е нехта вырваў дзвярныя запоры. Злодзеі паквапіліся на прадукты і спіртное, што знаходзіліся ў доме, забралі і асабістыя рэчы гаспадыні. Міліцыянеры па гарачых слядах затрымалі злодзея: ім аказаўся непрацуючы жыхар Лявонава. Частка ўкрадзенага знойдзена і вернута гаспадыні.
Наезд
1 кастрычніка апоўначы жыхар Магілёўскай вобласці, які ехаў на МАЗе па вуліцы Вышалескага ў Обалі, наехаў на 51-гадовага веласіпедыста, які рухаўся па краю праезнай часткі ў спадарожным накірунку. На наступны дзень пацярпелы памёр ад атрыманых цялесных пашкоджанняў. Супраць жыхара Магілёўскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа.
Нецвярозыя
Жыхар Шуміліна ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў трактарам “Беларус”. За гэта мужчына пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады і атрымаў штраф памерам больш за тры мільёны рублёў.
Жыхар Віцебска ехаў нецвярозы на мапедзе. На аўтадарозе Віцебск-Полацк яго спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Як высветлілася, вадзіцель не меў пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку і ехаў без шлема. На віцябляніна складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы і накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
На чыгунцы
Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, якія ехаў на аўтамабілі “Рэно” па дарозе Гарадок-Ула-Камень, парушыў правілы праезду чыгуначнага пераезду: паехаў на чырвонае святло святлафора. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь.
Пратаколы
З 23 па 29 верасня за парушэнне правілаў дарожнага руху супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі склалі 160 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 27 з іх – за парушэнне хуткаснага рэжыму. Два вадзіцелі кіравалі аўто ў стане алкагольнага ап’янення, чатыры – без правоў кіравання.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *