22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
Беларусь помніць!
На досвітку 22 чэрвеня 1941 года войскі гітлераўскай Германіі вераломна напалі на Савецкі Саюз. Беларусь сустрэла ворага адной з першых. Савецкія пагранічнікі, абаронцы Брэсцкай крэпасці праявілі прыклады гераізму і мужнасці. Іх упартае супраціўленне з першых дзён сарвала планы фашысцкага бліц-крыгу.
Разам з тым 22 чэрвеня 1941 года – гэта і дата пачатку аднаго з самых страшных перыядаў у гісторыі Беларусі: акупацыі яе тэрыторыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
За тры гады гітлераўцы знішчылі больш за 9200 гарадоў і вёсак, на прымусовую працу ў Германію загналі каля 400 тысяч чалавек. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння насельніцтва, іх філіялаў і аддзяленняў, у тым ліку канцэнтрацыйныя лагеры. За час Вялікай Айчыннай вайны наша краіна страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.
Шуміліна фашысты захапілі 8 ліпеня 1941 года. За гады акупацыі гітлераўцы расстралялі, спалілі, закатавалі каля 2 тысяч чалавек, знішчылі больш за 160 населеных пунктаў, загналі на катаржныя работы ў Германію каля 800 чалавек.
Навечна застанецца ў гісторыі і памяці людзей подзвіг обальскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў. Тысячы жыхароў раёна загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, са зброяй у руках мужна абараняючы родную зямлю ад ворага, набліжаючы Перамогу.
Гэты дзень – даніна памяці ўсім загінуўшым, закатаваным у фашысцкая няволі, памёршым ад голаду і нягод.
Памяць аб трагедыі народа, яго подзвігах і самаахвяраваннях у імя нашай будучыні будзе жыць вечна!

