Председатель шумилинского райисполкома В. П. Куренной провёл «прямую линию» с населением района

Актуалии Президент

В. П. Куренной, председатель Шумилинского райисполкома

Да старшыні – як да збавіцеля…
Кажуць: параўнанне заўсёды кульгае. А мы параўнаем, і зробім гэта для таго, каб паказаць, што прэс, цяжар праблем, які ўскладаецца, як правіла,  на старшыню райвыканкама падчас “прамой лініі”, усё ж спаў. У мінулы раз,  напрыканцы мая, кіраўніку раёна У. П. Куранному давялося выслухаць 18 званкоў, на гэты раз – усяго 7 і прыняць аднаго чалавека. Тым не менш   і на іх людзі чакалі адказу. Для іх старшыня райвыканкама – як збавіцель ад жыццёвай нягоды.
Першае пытанне было задзірыстым, яно пачыналася дзёрзкімі: калі нарэшце і чаму? У вёсцы Полькавічы, што на Каўлякоўшчыне,  па словах жанчыны, якая тэлефанавала Уладзіміру Пятровічу, “жудасная бяда”: пыл на дарозе такі, што ні дыхнуць, ні адчыніць фортку. “Абяцалі ж Вы, Уладзімір Пятровіч, што пакладуць  асфальт, – абуралася жанчына, –  а не паклалі. Вось ужо мінае 2012 год. Гісторыя цягнецца трэці год. Колькі можна чакаць? Там і дарогі той невялікі кавалак…”
Старшыня райвыканкама быў збянтэжаны: як, нікому ён з Полькавіч наконт асфальту не абяцаў. Паднялі дакументы. Аказалася, гісторыя цягнецца ад былога старшыні райвыканкама, ды і ніякай паперкі ў жанчыны наконт абяцання  няма. Дык навошта ўводзіць у зман кіраўніка раёна?
А з асфальтаваннем кавалка дарогі разбяруцца: У. П. Куранны даў даручэнне. Другі званок прагучаў як боль: на пятым паверсе на вуліцы Першамайскай у Обалі трэба “лавіць” халодную ваду, а пра гарачую няма і гаворкі. “Вечарам прыходжу гадзін у восем, – гаворыць жанчына, – сяджу. Чакаю, калі пацячэ вада. Яна можа з’явіцца ў 23 гадзіны. Не сплю, чакаю”. У. П. Куранны, слухаючы прэтэнзіі, набірае па мабільніку дырэктара УП ЖКГ І. К. Штуро. Разбіраюцца з сітуацыяй, і гэты дыялог чуе  Л. П. Гарбатнёва (яна званіла). Па ўсім відаць, у Обалі даўно просіцца новая свідравіна. Яе трэба бурыць, але паслуга каштуе немалых грошай. “Няхай, – гаворыць У. П. Куранны, – але за зімы трэба справіцца. Інакш напластуецца столькі праблем, што галава пойдзе кругам. Мястэчка без вады пакінуць нельга”.
А вось званок клапатліва-ўстурбаванай матулі з в. В. Ляжні. Яе дачка нядаўна закончыла Віцебскі тэхналагічны каледж, прыйшла на працу ў КБА,  але жыллё далі ёй, мякка кажучы, непрыгляднае. Зараз жа кіраўнік раёна тэлефануе дырэктару КБА В. П. Бабічаву. Віктар Паўлавіч ведае аб праблеме, абяцае адрамантаваць пакоі, тым больш, што гэтага вымагае і яшчэ адна акалічнасць: у маладога спецыяліста на руках двухгадовае дзіця.
Жылы мікрараён у ваколлі дзіцячага сада № 2 ( былога ПМК-25) заклапочаны тым, што ў двары  не прайсці з-за машын. “Трэба абмежаваць у нас рух транспарту, – просіць П. Л. Лазукова. – А то ні пляцоўкі дзіцячай няма, ні клумбу разбіць…” Праблема, як аказалася, застарэлая. У свой час супрацоўнікі ДАІ нічым суцешыць жыхароў мікрараёна не маглі, маўляў, такі варыянт непрымальны. Аднак У. П. Куранны узяў пытанне пад  кантроль.
Адразу на чатыры пытанні “разгавелася” жыхарка в. Пабеда Лаўжанскага сельсавета Н. М. Галімава. Ніна Мікалаеўна, як дыпламат, пачала з падзяк і ўхвалення таго, што “прамая лінія – гэта прыдумана слаўна”, а пасля ўзялася за набалелае.  Гаварыла пра дарогу, пыталася пра газіфікацыю вёскі (“Ці магчыма яна, калі магчыма, то ў якія тэрміны?”), пра тыя дамы, дакладней, счарнелыя іх рэшткі пасля пажару, якія ніяк не дадаюць прывабнасці вёсцы, пра тое, што даводзіцца шмат часу чакаць, каб увайсці ў сістэму Інтэрнэт. Па ўсіх пытаннях Н. М. Галімава атрымае адказы.
Пра ржавую ваду з калонак, пра ветраніцы на хаце, якія сарвала бурай, пра трывогі аб закрыцці Мікалаёўскай участковай бальніцы гаварыла Р. Л. Барысевіч з в. Мікалаёва.  “Для трывогі наконт бальніцы падстаў ніякіх няма, – каменціруе сітуацыю галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў. – І наогул адкуль нараджаюцца такія чуткі – розуму не прыкладу? ”
А. В. Раманава з вёскі Лажок Светласельскага сельсавета ўзняла праблему з “барадой” – пра тлустасць малака, якое здаецца з прыватных падворкаў. “На якой падставе ставіць лабарантка 3,6%, калі маё малако больш тлустае?” – задае пытанне жанчына. Пытанне турбуе, відаць, не адну А. В. Раманаву, таму і трэба ў рэшце рэшт зняць у мясцовай гаспадарцы “АграБаравінка” праблему з парадку дня.
Адна жанчына, якая пражывае побач з былой кацельняй  ПМК меліярацыі, прыйшла прасіць і за сябе, і за сына, які  сарваўся на заработкі ў Расію. За сябе – з просьбай замяніць  гнілыя  вокны,  бо кватэра непрыватызаваная. “Не  парупіліся ў свой час, – гаворыць жанчына. – А сёння прыватызацыя каштуе немалых мільёнаў”.  Пра сына, які жыве ў інтэрнаце ПМК-70 і якога высяляюць, бо той звольніўся і паехаў на заработкі. “Гаворка ў нас пра інтэрнат будзе, калі вернецца ваш сын у ПМК-70, – тлумачыць кіраўнік раёна. – Трэба ў жыцці выбіраць…”
Выбар у жыцці заўсёды ёсць.  Галоўнае ж – не памыліцца…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №59 ад 27.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *