Есть ли перспективы развития туризма в Шумилинском районе

Актуалии Край шумілінскі

Руины дворца Хлюдзинских в Лесковичах

У заморскі край не едзь за цудам
Турызм – адна з самых прыбытковых галін эканомікі ў свеце. Многія краіны жывуць за кошт турыстаў, робяць грошы літаральна з паветра. Праўда, сучаснаму турысту патрэбны ўмовы для адпачынку, нават “дзікага”. Проста ў лес, балота, на возера большасць сучасных арганізаваных турыстаў не паедзе. Ім патрэбны гасцініцы з гарачай вадой, каналізацыяй, звычным харчаваннем, патрэбны абсталяваныя дарожкі па лесе, масткі па балоце, пляж на возеры, назіральныя пляцоўкі з біноклямі і гэтак далей. Уся гэтая інфраструктура каштуе немалых выдаткаў, таму заклікі да развіцця турызму без фінансавых укладанняў нічога не вартыя.
Наш Шумілінскі раён для турыстаў, аматараў актыўнага адпачынку, у тым ліку і замежных, вельмі прывабны. Часам можна пачуць: “Ды што у нас глядзець? Балоты ды хмызнякі кругом”. Але “пакапайцеся” ў інтэрнэце, пачытайце справаздачы аматараў актыўнага адпачынку з Масквы і Санкт-Пецярбурга аб адзіночных ці групавых паездках, паходах пешшу ці па вадзе па Беларусі, з наведваннем, у тым ліку, і тэрыторыі нашага раёна, звярніцеся ўрэшце да мясцовых краязнаўцаў – пераважна школьных настаўнікаў і работнікаў бібліятэк – і вы ўбачыце, які багаты і цікавы наш край.
Пачнём з аб’ектаў гістарычных. На тэрыторыі нашага раёна даволі значная колькасць помнікаў даўніны – курганы і гарадзішчы, якім не адна тысяча гадоў. Асабліва шмат іх на Казьяншчыне і ўздоўж Заходняй Дзвіны.
Там жа, на Казьяншчыне, замчышча часоў Івана IV Жахлівага. Тых жа часоў замчышча можна пабачыць у вёсцы Мікалаева (на другім беразе ракі ў Уле). Пэўную цікаўнасць уяўляюць храмы ў Лескавічах і Пабедзе, рэшткі гаспадарчых і жылых пабудоў былых панскіх маёнткаў у Обалі, Полцеве, Лескавічах.

Дворец Гребницких в Оболи

Цікаўнасць для аматараў пешых паходаў уяўляе так званы “Кацярынінскі тракт”, які праходзіў па тэрыторыі Шуміліншчыны ад вёскі Гараны (Полацкі раён) уздоўж Дзвіны праз Шашы, Кардон, Мікалаева, Мішкавічы, Клімава, Любічы, Курылаўшчыну (да нашага часу тут не захаваўся драўляны будынак адзінай у раёне паштовай станцыі), Рускі, Полцева і выходзіў у Старое Сяло (Віцебскі раён). Часам маршрут праходзіць па сучасных дарогах, але большасць – палявыя ды лясныя дарогі з надзвычай “дзікімі” краявідамі праз самую глыбінку Шуміліншчыны.
Ёсць ў райцэнтры і комплекс прамысловых будынкаў чыгуначнай станцыі, пабудаваны ў 60-х гадах XIX стагоддзя. Ён ўключае ў сябе будынак вакзала, службовыя збудаванні і жылыя дамы. Калі вакзал быў адрамантаваны і набыў прыгожы выгляд, то будынак паравознага дэпо знік, разбіраецца будынак воданапорнай вежы, ніяк не знойдзе гаспадара будынак грузавога склада.
Ёсць на тэрыторыі раёна помнікі (французскія пахаванні) часоў вайны 1812 года.
Вялікая Айчынная вайна таксама пакінула на тэрыторыі нашага раёна свае шрамы. Амаль у кожнай вёсцы ёсць помнікі, якія нагадваюць аб вайне: спаленыя вёскі, брацкія могілкі, помнікі воінам, партызанам і землякам, якія загінулі на вайне, рэшткі акопаў і бліндажоў, як савецкіх, так і нямецкіх.
Не адрадзіліся пасля вайны вёскі Бачканы, Дражакі, Заазер’е, Шчамілава, Ямішча, Зуёва, Папова – на іх месцы стаяць сціплыя стэлы-напаміны, ствараючы “вянок жалю” паміж Сураўнямі і Обаллю.
Гераізму моладзі, што змагалася ў радах падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, прысвечаны помнікі ў Обалі і наваколлі, цэнтральнае месца тут займае музей камсамольска-маладзёжнага падполля.
Цікавую экспазіцыю па археалогіі, этнаграфіі, гісторыі, мастацтву Шуміліншчыны прапануе Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Багата матэрыялаў сабрана ў многіх школах. Калі ўвесь гэты скарб адкрыць для наведвальнікаў, то цікаўнасць да Шуміліншчыны вырасце непамерна. (Заканчэнне будзе)
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.1012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *