Будучыня вёскі – у іх руках
У СШ № 2 г. п. Шуміліна адбыўся раённы форум «АграПакаленне‑2026». Яго ўдзельнікамі сталі вучні агракласаў СШ № 2, Обальскай, Мікіціхінскай і Кардонскай школ.
Юныя аграрыі не толькі прэзентавалі свае класы, але і прадставілі сур’ёзныя праекты развіцця сельскай гаспадаркі на Шуміліншчыне. Рабяты пераканаўча даказалі, што быць у агракласе – гэта цікава і перспектыўна.
У рабоце форуму прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Госці адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў і пацвердзілі гатоўнасць падтрымліваць матываваную моладзь на шляху да прафесій у АПК.
СЛОВА – ВЫПУСКНІЦЫ АГРАКЛАСА МІКІЦІХІНСКАЙ СШ АЛЕСІ ВАСІЛЕЎСКАЙ:
– За два гады вучобы ў агракласе яшчэ больш пераканалася, што хачу працаваць у сельскай гаспадарцы. Гэта мой свядомы выбар. Хачу, каб першае месца работы было менавіта на Шуміліншчыне. Таму і заключыла мэтавы дагавор з «Ульскім», куды вярнуся ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


