90-летний юбилей жительница деревни Гульбище отпраздновала всей своей большой дружной семьёй

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Общество

«Шчасце сустракаць  юбілей са сваёй сям’ёй»

У бадзёрым настроі сустрэла 18 мая свой 90-гадовы юбілей жыхарка вёскі Гульбішча Ганна Ільінічна РУЛЁВА. За плячыма – амаль цэлая эпоха, поўная яркіх падзей, радасцей і выпрабаванняў. У гэты дзень у доме імянінніцы было багата гасцей. І яна рыхтавалася да іх сустрэчы. Новая блузка, прычоска і каралі – усё як мае быць жанчыне. У гэты дзень – толькі добры настрой, усмешкі, кветкі і падарункі.

Нарадзілася Ганна Ільінічна ў в. Мядзведзі (яна раней была непадалёк ад сённяшняга аграгарадка Слабада), а потым сям’я пераехала ў Панячына. «Пасля заканчэння школы замуж пайшла за Мікалая ў суседнюю вёску Карлава. Думала, пасля не паклічуць, вось і пайшла адразу, – з гумарам кажа імянінніца. – Адукацыя мая – дзесяць класаў. Гэтага хапіла, каб працаваць у паляводстве калгаса «Чырвоны май». Працавала з віламі і граблямі, гной на палетках раскідвала, лён рукамі брала, зграбала сена ўручную, грузіла на конскія калёсы, стагавала разам з іншымі паляводамі».

Калі калгас «Чырвоны май» аб’ядналі з саўгасам «Казьяны», Ганна Рулёва пайшла працаваць загадчыцай склада. Прымала зерне з палеткаў, вяла патрэбную дакументацыю. А вясной адпускала насенне для сяўбы.

У канцы 60-х гадоў, калі праводзілі ў вёсках электрычнасць, вёску Карлава палічылі неперспектыўнай. А паколькі не хацелася жыць пры лучыне, Ганна Ільінічна з мужам і трыма дзецьмі пераехала ў Гульбішча. Тут за год пабудавалі сваімі сіламі хату, дзе жыве і зараз. Муж Мікалай, які быў старэйшы на восем гадоў, рана пайшоў з жыцця, пакінуў Ганну з трыма дзеткамі, самаму малодшаму было тры годзікі.

Праз некаторы час для Ганны «знайшоўся яшчэ чалавек». Мясцовы механізатар Уладзімір не пабаяўся ўзяць у жонкі жанчыну з трыма дзецьмі. У сям’і нарадзіўся сын. Але сямейнае шчасце было нядоўгім – муж выпадкова трапіў пад колы трактара…

Зараз Ганна Рулёва жыве адна, дапамагае сацыяльны работнік Жанна Лузгіна. Гаспадыня трымае восем курэй, даглядае градкі (іх, дарэчы, садзіла сама), чытае часопісы, тэлефануе па вайберы дзецям (асвоіла яго з лёгкасцю). Ну, а для душы за кубкам гарбаты любіць паслухаць песні на новым тэлевізары, які падарылі дзеці, у тэлеперадачы «Прывітанне, Андрэй» славутага вядучага Андрэя Малахава.

На юбілей да Ганны Ільінічны сабраліся ўсе родныя – дачка Людміла, сыны Генадзь, Міхаіл і Аляксандр з сем’ямі, пляменнікі, прыйшлі павіншаваць суседзі і знаёмыя. З цёплымі віншаваннямі і падарункам завіталі да імянінніцы работнікі ТЦСАН Алена Тарасава і Кацярына Лапавухава.

«Сустракаць юбілей са сваёй вялікай сям’ёй – шчасце, – шчыра кажа Ганна Ільінічна. – Вельмі задаволена, што мяне акружаюць добрыя людзі».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *