Вопросы коммунальной и дорожной служб поднимали жители Шумилинского района в ходе прямой линии председателя райисполкома

Новости Общество

Ад скаргаў да просьбаў і слушных заўваг

5 званкоў паступіла «на прамую лінію» да старшыні райвыканкама Сяргея Галынчыка, якую ён правёў 30 сакавіка, у суботу. Жыхары раёна звярнуліся па пытаннях жыллёва‑камунальнай сферы, дарожнага будаўніцтва і добраўпарадкавання.

Першым патэлефанаваў старэйшына вёскі Прыазёрная і папрасіў у кіраўніка раёна садзейнічання ў правядзенні рамонту 150 м дарогі да шматпавярховак. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, які прысутнічаў на «прамой лініі», паведаміў, што ў красавіку на дадзеным участку дарогі запланавана падсыпка шчэбенем. «Пытанне будзе знаходзіцца на кантролі да яго вырашэння», – адказаў заяўніку С. А. Галынчык.

Два званкі паступілі ад жыхароў г. п. Обаль. Жанчыну, якая пражывае ў доме на вуліцы Даўмана, непакояць адкрытыя калодзежы каля пажарнага вадаёма. Драўляныя люкі згнілі, і калодзежы  ўяўляюць небяспеку найперш для дзяцей, якія ў цёплыя вясеннія дні высыпалі гуляць у двары і на вуліцы, заўважыла яна. Кіраўнік раёна неадкладна даў даручэнне адказным службам разабрацца, каму адносяцца калодзежы, і пры няць меры па абмежаванні доступу да іх.

Няма халоднай вады на пятым паверсе ў шматпавярхоўцы на вуліцы Першамайскай – агучыла праблему другая абальчанка. Дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў, які таксама прысутнічаў на «прамой лініі», адразу ж звязаўся з начальнікам падраздзялення «Обальскае» і ўдакладніў сітуацыю. Прычынай часовых перабояў у падачы халоднай вады стала прамыўка цеплаабменніка.

Жыхар райцэнтра ў тэлефонным звароце выказаў слушную заўвагу: некалькі год таму ў Шуміліне быў пабудаваны тратуар ад чыгункі ў бок Сіроціна, да паварота на Шумілінскі лясгас. Толькі вось як жыхарам вуліц «залініі» пераходзіць дарогу – пешаходны пераход уладкаваны толькі ў канцы тратуара, пры павароце на той самы лясгас. Пытанне для вывучэння адрасавана намесніку старшыні райвыканкама Р. М. Насцюшкіну.

Апошні званок быў ад дачніка, які пражывае ў вёсцы Мясаедава. Мужчына пацікавіўся ў старшыні райвыканкама, хто ў нас у раёне вырабляе бетонную агароджу, папрасіў кантакты вытворцаў і арганізацый, якія займаюцца іх устаноўкай.

Па ўсіх пытаннях, якія паступілі на «прамую лінію», вызначаны адказныя службы і тэрміны для вырашэння. Пра вынікі разгляду заяўнікі будуць праінфармаваны.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *