Итоги работы за первое полугодие подвели на заседании райисполкома

Актуалии Президент

Вынікі работы за 6 месяцаў
27 ліпеня адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Удзельнікі пасяджэння на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным абмеркавалі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе бягучага года.
Але перш чым прыступіць да пачатку пленарнай часткі, удзель-нікі мерапрыемства наведалі чыгуначны вакзал, прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва і “Беларусбанк”. Падчас наведвання аб’ектаў у полі зроку былі пытанні добраўпарадкавання, мадэрнізацыі абсталявання, удасканальвання абслугоўвання кліентаў, бяспекі людзей, папярэджвання злачынстваў і іншыя.
Так, на чыгуначным вакзале кіраўніцтва і актыў раёна агледзелі добраўпарадкаваную прывакзальную тэрыторыю, в. а. вакзала Д. І. Леўчанка расказаў, што на вакзале ўстаноўлена 6 відэакамер назірання, пабудаваны новыя сучасныя туалеты ўнутры будынка, а галоўнае, тут ідзе мантаж навейшага абсталявання для абслугоўвання чыгункі.
Дырэктар прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва В. П. Бабічаў пазнаёміў прысутных з некаторымі відамі работ і паслуг, якія аказвае КУП БАН. У прыватнасці, можна было ўбачыць працэс вырабу жалезабетоннай агароджы. Тут жа многія адкрылі для сябе магазін “Мэбля”, які ўжо пяць год арандуе адно з памяшканняў прадпрыемства.
“Беларусбанк” сустракаў шматлікіх гасцей  унутраным рамонтам, вытрыманым у фірменным зялёным колеры. Дырэктар ААБ “Беларусбанк” А. В. Паўлючэнка расказаў пра новаўвядзенні ў абслугоўванні кліентаў, падзяліўся планамі.
Старшыня райвыканкама, знаходзячыся на аб’ектах, адзначыў, што практыка наведвання ўстаноў і прадпрыемстваў будзе працягвацца і надалей, бо гэта добры стымул для таго, каб кожная арганізацыя магла паглядзець на сябе збоку і зрабіць больш прадметныя крокі як  па навядзенні парадку, так і па паляпшэнні ўмоў працы персаналу, удасканальвання абслугоўвання наведвальнікаў.
Па сутнасці пытання, вынесенага на парадак дня, Г. П. Іваненка, в. а. начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, прадставіла разгорнутую інфармацыю, з якой вынікае, што раён выканаў заданне па тэмпу росту экспарту тавараў і сальда знешняга гандлю таварамі па тэрыторыі (без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці), сальда знешняга гандлю паслугамі па тэрыторыі (без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці), а таксама па рэнтабельнасці продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі.
Галіна Пятроўна прааналізавала работу вядучых прадпрыемстваў раёна. Яна адзначыла, што на Обальскім керамічным заводзе не справіліся з выкананнем задання па вытворчасці будаўнічай цэглы – 58% замест даведзеных 110%.
Не дацягнулі з выкананнем задання (са 110,5% выканалі 106,7%) на Шумілінскім льнозаводзе.
А вось ПП “Славянскі прадукт” павялічыла аб’ёмы вытворчасці прадукцыі ў 3 разы, СТАА “Вежа” – у 2,2 раза, цэх па забою птушкі СТАА “Вітконпрадукт” – у 3,1 раза.
Прадпрыемствам сельскай гаспадаркі не не пад сілу аказалася заданне па росту аб’ёму вытворчасці валавой прадукцыі. Са 120% выканана 105,5%. Самыя нізкія тэмпы росту вытворчасці валавой прадукцыі маюць КУСГП “Мішневічы” (101,1%), КУСГП “Ульскі” (102,1%), ААТ “Лаўжанскае” (102,7%).
Аб’ём падрадных работ, выкананых з пачатку года, склаў 11,5 мільярда рублёў. Гэта 56,3% да адпаведнага перыяду мінулага года ў супастаўных цэнах. Аб’ёмы падрадных работ знізілі ўсе будаўнічыя прадпрыемствы раёна, у тым ліку “Шумілінская ПМК-70” на 37,7%, “Шумілінскае ПМС” – на 51,9%, “Шумілінскае ДРБУ-204” – на 57%, РВУ “Шумілінарайгаз” – на 44,9%.
За студзень-чэрвень уведзена ў эксплуатацыю 1469 квадратных метраў жылля – 36,7% ад асноўнага задання. 68%  уведзенага жылля – гэта індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.
За студзень-май бягучага года сярэднямесячная заработная плата па раёне склала 2198,3 тысячы рублёў, за май – 2512,7 тысячы рублёў, у тым ліку ў прамысловасці – 2636,9 тысяч рублёў, у сельскай і лясной гаспадарцы – 2181,3 тысячы рублёў, у будаўніцтве – 1995,6 тысяч рублёў, у сферы паслуг – 2205 тысяч рублёў.
На 1 ліпеня 2012 года ў эканоміцы раёна занята 8957 чалавек. Узровень беспрацоўя склаў 0,9%.
Інфармацыю аддзела эканомікі дапоўніла намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама А. І. Лебедзева. За першае паўгоддзе паступленне даходаў у бюджэт раёна склала 38629,7 мільёнаў рублёў, што дазволіла выканаць план на 48, 3%.  Тэмпы росту падатковых паступленняў у параўнанні з мінулым годам склалі 101,8%. У структуры даходаў найбольшую ўдзельную вагу па-ранейшаму мае падаходны падатак. Рост заработнай платы за гэты перыяд дазволіў павялічыць гэтыя паступленні на 5126,3 мільёнаў.
У той жа час запазычанасць па падатках і зборах на 1 ліпеня складала 1400,7 мільёнаў рублёў. Застаецца праблемай і запазычанасць у бюджэт прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу па вяртанні атрыманых бюджэтных займаў (13,5 мільярдаў). За паўгода зрасходавана 73367,5 мільёнаў (31964,7 – за такі ж перыяд мінулага года). За кошт уласных даходаў прафінансавана больш за 30% усіх расходаў, за кошт бязвыплатных паступленняў – 68,7%, адзначыла спецыяліст.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны за нездавальняючую работу запатрабаваў адказу ад кіраўніцтва  Шумілінскага льнозавода (са справаздачай на трыбуне стаяў дырэктар завода А. М. Папіна), Обальскага керамічнага завода (тлумачэнні даваў галоўны інжынер прадпрыемства С. А. Ляўшоў), шэрагу іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Уладзімір Пятровіч па кожнаму прадпрыемству акрэсліў канкрэтныя тэрміны для выпраўлення сітуацыі (гэта адзначана і ў прынятым рашэнні райвыканкама), ён запатрабаваў ад вытворцаў удумлівага аналізу вынікаў работы, неадкладнай рэалізацыі нявыкарыстаных рэзерваў, павышэння працоўнай дысцыпліны і прадукцыйнасці працы. За 9 месяцаў раён можа і павінен выйсці на больш якасныя вынікі работы, перакананы кіраўнік раёна.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №60 ад 31.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *