Уборка зерновых в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство

А лепшыя атрымаюць падарункі
Каб зацікавіць хлебаробаў у якаснай рабоце і хуткіх тэмпах жніва, райкамам прафсаюза работнікаў АПК распрацаваны ўмовы спаборніцтва.
Пераможцы вызначаюцца (па колькасці намалочаных тон) сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў і маладзёжных экіпажаў. Лепшымі сярод вадзіцеляў і сярод маладых вадзіцеляў будзе лічыцца той, хто перавязе большую колькасць зерня.
“Устаноўлены тры заахвочвальныя падарункі, –  кажа в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Л. Г. Варкун. – Экіпаж зернеўборачнага камбайна, які першым намалоціць 1000 тон зерня, атрымае 500 тысяч рублёў і падарунак. Экіпаж, які намалоціць 1500 тон, атрымае 700 тысяч рублёў і падарунак. Пераможцы сярод вадзіцеляў, якія адвезлі тысячу тон зерня, заахвочваюцца падарункам і прэміяй у 400 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, усім лепшым работнікам будуць ўручаны дыплом райкама прафсаюза. А пераможцы раённых спаборніцтваў прымуць удзел у абласных спаборніцтвах”. Не застануцца без падарункаў і маладзёжныя экіпажы і маладыя вадзіцелі. Для іх падарункі рыхтуе аддзел па справах моладзі райвыканкама. Дарэчы, агульнай і абавязковай умовай для вызначэння пераможцаў з’яўляецца адсутнасць выпадкаў вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Людміла ЗУЙКОВА.

А вы бачылі, як ноччу ўбіраюць хлеб?
2 жніўня, дзесяць гадзін вечара. 6 камбайнаў з “Прыазёрнага міру” закончылі работы на “пустках” каля Непарот і цугам рухаюцца па дарозе. Рэдакцыйная машына прыстройваецца за велічным картэжам. Пад’язджаем да поля каля Амбросавіч. На полі людна, тут і адказны ад райвыканкама С. Д. Белагалоў, і галоўны інжынер гаспадаркі У. Карнілаў, і ідэолаг Н. М. Юхнавец, і іншыя спецыялісты гаспадаркі. Непадалёк дзяжурыць пажарная машына. Кіраўнік ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнавец у гэты час на нарадзе, якую праводзіць старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Галоўнае пытанне на парадку дня нарады, вядома, жніво.
А вы бачылі, як камбайны ноччу ўбіраюць хлеб?! Відовішча ўражваючае. Нават велічнае, і камбайны з уключанымі фарамі сапраўды падобныя на караблі ў моры. Вось і хлопчыкі, якія ехалі на веласіпедах (ездзілі за Светласельскі, дзе працавалі камбайны райаграсервісу), не маглі стрымаць эмоцый ад начнога жніва: “Сіла!”, “Клас!”
Але гэтая рамантыка для пабочных. А для хлебаробаў – цяжкая паўсядзённая праца.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.

“Чым магу, тым і дапамагу”
Убраць ураджай паўсправы, галоўнае ж – яго захаваць. І з гэтым не трэба марудзіць, лічыць загадчык склада ААТ “Прыдзвінскі” Ю. У. Лапо.  На зернесушылку ў Крывое Сяло за дзень паступае па 200-250 тон збожжа. Яго сартыруюць, ачышчаюць ад смецця, дасушваюць. Прадукцыйнасць польскай сушылкі – 80 тон за змену. Спраўляюцца. Пры неабходнасці адвозяць зерне ў Полькавічы – там таксама ёсць сушылка.
Увогуле пляцоўка на зернесушылцы не засыпана зернем. “Стараемся працаваць ў тэмпе, – кажа Юрый Уладзіміравіч. – Зерне здаём на дзяржзаказ, з якім хутка справімся. Асабліва парадавала сёлета пшаніца – яна ідзе толькі харчовай. Пакідаем зерне для ўласных патрэб. І засыпаем у засекі на насенне – неўзабаве і азімыя сеяць будзем”.
Насеннае зерне трэба высушыць, ачысціць ад смецця і драбнаты. Дзеля гэтага ў “Прыдзвінскім” закупілі летась зернесартыравальную машыну. Яе прадукцыйнаць – 15 тон за змену. На сартыроўцы працуе Л. Я. Аўчыннікаў. “І вадзіцелем быў, і механізатарам, але вось з такім агрэгатам упершыню сутыкнуўся, – гаворыць Леанід Ягоравіч. – Добрая тэхніка, справімся”.
Тут жа, на тэрыторыі зернетока працуе на трактары  Ю. А. Масько. Ён работнік камунгасу, але падчас пасяўной і ўборачнай кожны год дапамагае гаспадарцы. “Добры памочнік, адказны, – кажа пра Юрыя Аляксандравіча дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – На сваім МТЗ ад зернесушылкі ў склад перавозіць усё зерне”.  “А калі будзе патрэба адвозіць зерне ад камбайнаў, не адмоўлюся, – усміхаецца Ю. А. Масько. – Мне гэта не ў навінку. Чым магу, тым і дапамагу”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №62 ад 07.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *