Да новага навучальнага года гатовы ўсе ўстановы!

У канцы ліпеня раённая камісія правяла прыёмку ўстаноў адукацыі да 2024/2025 навучальнага года.

«Сёлета прыёмка школ і дзіцячых садоў праходзіла ў новым фармаце. Вясной спецыялісты і прадстаўнікі зацікаўленых службаў абследавалі ўстановы адукацыі, вызначылі недахопы, выказалі заўвагі і прапановы. Гэта дала магчымасць загадзя распрацаваць план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, падаць заяўкі ў цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый на набыццё неабходнага абсталявання, матэрыялаў і правядзенне работ, – расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. – Наогул, падрыхтоўка пачалася яшчэ на працягу навучальнага года. Так зімой на 20 тысяч рублёў была закуплена сантэхніка для дашкольных устаноў. Таму да рамонту прыступілі аператыўна.
Усяго на набыццё новага абсталявання і рамонт устаноў адукацыі ўжо выдаткавана 193 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, многія пазіцыі яшчэ знаходзяцца ў стадыі закупкі. Акрамя гэтага, больш за 10 тысяч рублёў было выдаткавана са спонсарскіх і іншых пазабюджэтных сродкаў устаноў. Такі падыход сябе апраўдаў, бо дазволіў планамерна праводзіць ліквідацыю выяўленых недахопаў, што і ўбачылі члены прыёмнай камісіі падчас аб’езду устаноў адукацыі. Сапраўды, узровень падрыхтаванасці школ і дзіцячых садоў быў значна вышэй, чым у мінулыя гады. Кіраўнікі ўстаноў адука-цыі адразу дакладвалі камісіі аб выкананні мерапрыемстваў, ліквідацыі недахопаў, адзначаных вясной. Дарэчы, да прыёмкі было выпраўлена 98% заўваг наглядальных органаў».

Аксана Талстая падкрэсліла, што вялікія аб’ёмы работ былі выкананы сіламі працоўных калектываў уста-ноў адукацыі. Так, у дзіцячым садзе № 3 адрамантавалі два ганкі, пральню, у дзіцячым садзе № 1 паклалі плітку ў санвузлах, у Амбросавіцкай школе адрамантавалі ганак, у Мікіціхінскай – казыркі над ганкамі, у Башнёўскай – спартыўную залу і зрабілі новую спартыўную пляцоўку, у Слабадской школе і дзіцячым садзе № 4 – адмостку, у дзіцячым садзе № 1 – буфетныя, у дзіцячым прытулку СПЦ абсталяваны дружалюбны пакой для дзяцей. Дапамагалі з рамонтам і добраўпарадкаваннем тэрыторый шэфы – ДРБУ № 204, КУСГП “Сіроцінскі”, ААТ “Прыазёрны мір” і іншыя арганізацыі.
Установы сустракалі камісію свежым касметычным рамонтам, класы поўнасцю гатовыя прыняць вучняў. У групах дзіцячых садоў дастаткова багатае гульнявае асяроддзе. У многіх установах замянілі стары лінолеум на сучасны, які адпавядае патрабаванням пажарнай бяспекі. Закуплена і ўсталявана на харчаблоках кухоннае абсталяванне, якое дасць магчымасць пашырыць асартымент страў у рацыёне вучняў і выхаванцаў. Ва ўстановах адукацыі значная ўвага надаецца стварэнню спрыяльных умоў для асоб з абмежаванымі магчымасцямі: устанаўліваюцца пандусы, спецыяльна фарбуюцца ўваходныя дзверы, робіцца разметка на падлозе і інш.



У сельскіх установах кіраўнікі хваліліся агародамі, на якіх расце добры ўраджай гародніны для харчавання дзяцей. Уласная морква, бульба і буракі дазволяць больш грошай выдаткаваць на закупку фруктаў ці мяса.

Асобна варта адзначыць СШ № 2 г. п. Шуміліна, дзе будаўнікі актыўна працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі, вядуць рамонт аднаго крыла школы, у якім будуць размешчаны кабінеты хіміі і фізікі. Асноўны корпус школы гатовы прыняць вучняў.
Канешне, не ўсюды ўсё было ідэальна, былі выяўлены некаторыя недахопы, выказаны заўвагі, на ліквідацыю дадзены час. Але ў большасці ўстаноў члены камісіі адразу падпісвалі сертыфікаты і пашпарты гатоўнасці. Наогул, тэрмін гатоўнасці ўстаноў адукацыі вызначаны да 20 жніўня.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Слова – намесніку старшыні райвыканкама старшыні прыёмнай камісіі Ірыне ШАЛАХАВАЙ: Узровень падрыхтаванасці школ і садоў расце з кожным годам. Але пастаянна расце і ўзровень патрабаванняў да ўстаноў адукацыі па ўмовах выхавання і навучання, кадравым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, санітарна-гігіенічных нормах. Каб ісці ў нагу з часам, трэба пастаянна ўдасканальвацца. У такіх умовах важную ролю адыгрывае асоба кіраўніка ўстановы, на якога кладзецца асноўны цяжар работы па арганізацыі падрыхтоўкі да навучальнага года. І гэта бачна па ўстановах адукацыі – там, дзе вядзецца пастаянная сістэмная работа на працягу ўсяго года, там узровень гатоўнасці значна вышэй.тУ цэлым хачу адзначыць, што ўсе ўстановы адукацыі гатовыя да 1 верасня.

