В хозяйствах района ведут уборку зерновых на приусадебных участках сельчан

Актуалии Сельское хозяйство

Зерне сыплецца на плёнку
На 16 жніўня з 1852 прыватных участкаў з зерневымі, што ёсць у раёне, абмалочаны 301 участак. А гэта 81,9 гектара, паведаміла рэдакцыі раённай газеты старшыня райсавета дэпутатаў І. М. Новікава.
Разам з Ірынай Мікалаеўнай мы едзем у “Лаўжанскі”  – тут добра ідзе работа па абмалоту прысядзібных участкаў. У Мясаедаве нас сустракае старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко.  Камбайнер Алег Барысевіч заканчвае абмалот участкаў у гэтай вёсцы. Зерне сыплецца на падсцеленую плёнку. Гаспадыня К. Я. Дударава ад радасці абняла і пацалавала старшыню сельвыканкама. “Якія вы малайцы, што так рана сёлета абмалочваеце агароды. Вялікі дзякуй,” – кажа ўдзячная пенсіянерка.
“Так, людзі вельмі задаволены, што ім абмалочваюць агароды не ў апошнюю чаргу, а паралельна з уборкай зерневых у гаспадарцы, – кажа Святлана Паўлаўна. – На тэрыторыі  Лаўжанскага сельсавета 207 прысядзібных участкаў, у тым ліку 155 у палях севазвароту. У некаторых вёсках ёсць і такія гаспадары, якія зерневыя скасілі і склалі ў стажкі, каб камбайнеру было зручней”.
У раёне ўстаноўлена адзіная цана за адну абмалочаную сотку – 4100 рублёў. Прычым, у кожнай гаспадарцы могуць вызначыць катэгорыю льготнікаў.  У “Лаўжанскім”, напрыклад, толькі палову кошту плацяць тыя, хто адпрацаваў у гаспадарцы больш за дваццаць гадоў і тыя сем’і, з якіх у гаспадарцы працуюць два члены сям’і. Калі ў акцыянерным таварыстве працуе адзін сем’янін, то плата складзе  75%.  Дарэчы, разам з камбайнерам ездзіць эканаміст ці бухгалтар гаспадаркі – аплата за абмалот на месцы.
Як правіла, заяўкі на абмалот падаюць ў сельскі Савет, а там ужо каардынуюць работу і плануюць, куды ў першую чаргу паедуць камбайны. Зразумела, у мэтах эканоміі паліва і часу ў аддаленай вёсцы механізатары аб’язджаюць усе двары і пытаюцца, каму трэба абмалаціць агарод.
На жаль, на гэтым тыдні абмалочваць агароды перашкаджалі дажджы. Калі будзе стаяць на пагодзе, работы пойдуць значна хутчэй.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *