Всё об обучении и воспитании в 2024/2025 учебном году. Интервью с начальником отдела по образованию Шумилинского райисполкома

Главное Образование

Аксана Талстая: «Самая галоўная задача – выхаваць адукаванага грамадзяніна-патрыёта»

Ну вось і скончыліся летнія канікулы. Школьнікі ўчора селі за парты ў сваіх навучальных установах. Пра тое, наколькі сістэма адукацыі раёна гатовая да новага навучальнага года,якія новаўвядзенні нясе выхаваўчы і адукацыйны працэс, пагаварылі з начальнікам аддзелапа адукацыі райвыканкама Аксанай ТАЛСТОЙ.

–  Аксана Генадзьеўна, колькі ўсяго дзяцей прыступілі да навучання 1 верасня?

– З новага навучальнага года да вучэбных заняткаў прыступілі 1734 школьнікі, у тым ліку 162 перша-класнікі. Сфарміравана 120 класаў у дзевяці школах раёна. У дзіцячых садках навучальны год пачаўся для 536 дзетак, для якіх адкрыта 39 груп. Для задавальнення запытаў бацькоў арганізавана 18 груп падоў-жанага дня, у якіх будуць знаходзіцца 442 вучні малодшых класаў.

–  А наколькі вялікая «армія» педагагічных работнікаў?

– У новым навучальным годзе ў сістэме адукацыі раёна занята 405 педагагічных работнікаў. Укамплектаванасць кадрамі ў адпаведнасці з патрэбай складае 99,8%. Большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі, і практычна ўсе, за рэдкім выключэннем, вышэйшую адукацыю. З 1 верасня рады педагогаў папоўнілі 9 маладых спецыялістаў.

– Якую першачарговую, галоўную, мэту ставіць перад сабой сістэма адукацыі?

– Асноватворнай на ўсіх узроўнях адукацыі з’яўляецца выхаваўчая работа: педагог павінен не толькі навучыць, але і выхаваць годнага члена грамадства. У сувязі з гэтым у апошні час актывізавалася работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і падлеткаў: адкрыты новыя музеі, створаны інфармацыйныя стэнды, годна арганізавана работа знамённых груп, нашы навучэнцы з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў.

У гэтым годзе будзе пашырана работа факультатыўных заняткаў «Юны абаронца Айчыны» і «Мая Айчына». Прадоўжыць развіццё клубная сістэма па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Запланавана адкрыццё клуба ў Кардонскай СШ. Працягнем экскурсійную дзейнасць не толькі па раёне, але і за яго межамі. Прадугледжана распрацоўка пешых і веласіпедных маршрутаў па месцах малой радзімы.

Знойдзе абавязковы працяг праект «МоднаеНароднае», які паспеў атрымаць станоўчую ацэнку грамадскасці і стаць своеасаблівым брэндам сферы адукацыі. Прадоўжым абавязкова і конкурс маладзёжных ініцыятыў «Будучае за намі».

–   Аксана Генадзьеўна, як бы вы ахарактарызавалі гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года?

– Сёлета праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Работы былі арганізаваны ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў, складзеным па выніках аб’езду ўстаноў адукацыі раёна ў красавіку 2024 года раённай камісіяй. За красавік-ліпень ліквідаваны ўсе 97 заўваг, указаных у прадпісаннях РАНС, РАУС, РЦГЭ і іншых службаў.

Выкананы значныя работы па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў. Дзве школы – СШ № 1 і Обальская СШ – абсталяваны сістэмамі кантролю кіравання доступам. У кастрычніку работы будуць завершаны і ў СШ № 2. У трох дашкольных установах – д/с № 4, Обальскім і Мікіціхінскім дзіцячых садах – будуць устаноўлены дамафонныя сістэмы.

Завершаны капітальны рамонт СШ № 2. Узведзена новая прыбудова, сёння школа мае абноўлены фасад, новыя спартыўную пляцоўку, спартзалу, харчаблок з абедзеннай залай на 125 месцаў, некалькі кабінетаў, санвузлы.

Вынікам сумеснай працы стала атрыманне ўсімі ўстановамі адукацыі пашпартоў і сертыфікатаў гатоўнасці.

Усе вельмі чакалі рамонту раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дзякуючы фінансавай падтрымцы раённых уладаў да 1 верасня адрамантавана палова будынка. Новы сучасны выгляд атрымалі кабінеты, укамплектаваны камп’ютарны клас. І РЦДМ з пачатку навучальнага года адкрывае новыя аб’яднанні інфармацыйна-камп’ютарнай накіраванасці «Свет камп’ютарнай графікі», «У аб’ектыве».

– Як будзе арганізавана прафарыентацыйная работа, работа са здольнымі дзецьмі?

– Ужо сфарміраваны спісы навучэнцаў, якія будуць вучыцца ў профільных класах (агракласы, педкласы і інжынерныя класы). У новым навучальным годзе мы бачым павелічэнне колькасці інжынерных (з 7 да 19 чалавек) і педагагічных (з 21 да 35 чалавек) класаў.

Якасная прафарыентацыйная работа – гэта задача кіраўніцтва школ. Сёння мы не павінны дапускаць паступленне моладзі за межы краіны.Таксама будзе прадоўжана работа па заключэнні мэтавых дагавораў з выпускнікамі. Па выніках мінулага навучальнага года з васьмю выпускнікамі заключаны дагаворы на навучанне ў ВНУ па спецыяльнасцях педагагічнага профілю. Раён вельмі зацікаўлены ў абнаўленні кадраў.

У гэтым годзе мы прадоўжым удасканальваць сістэму работы са здольнымі і адоранымі дзецьмі як у вучэбнай і навуковай дзейнасці, так і ў спорце, творчасці. Педагогі паставілі перад сабой задачу прырасці поспехамі ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, выйсці на рэспубліканскі ўзровень конкурсу навукова-даследчых работ, які дае дзецям магчымасць выкарыстоўваць льготы пры паступленні. Работа па гэтым накірунку вялася ўжо летам сумесна з супрацоўнікамі ВДУ імя П. М. Машэрава.

Прыемна адзначыць, што за 2023/2024 навучальны год навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах РЦДМ заваявалі 97 узнагарод за перамогі ў абласных (48), рэспубліканскіх (11) і міжнародных (38) конкурсах, фестывалях, спартыўных спаборніцтвах. Праведзены 4 персанальныя выставы.

У мінулым навучальным годзе педагогі раёна актыўна распаўсюджвалі свой вопыт у сродках масавай інфармацыі. Было апублікавана 59 работ у навукова-метадычных прадметных часопісах; часопісах «Выхаванне і дадатковая адукацыя», «Пралеска», «Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі», «Народная асвета», «Сучасная адукацыя Віцебшчыны», «Настаўніцкая газета», зборніках навукова-практычных канферэнцый. Інавацыйная і творчая даследчая педагагічная дзейнасць будзе прадоўжана.

– Якія змены чакаюцца ў сістэме харчавання?

– Хочацца адзначыць, што вельмі многае зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі. Цяпер поварам будзе значна лягчэй рыхтаваць абеды ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі і санітарнымі нормамі. Абсталяванне ў СШ № 1 сучаснага агароднінасховішча дазволіць вытрымліваць тэмпературны рэжым пры доўгім захоўванні прадуктаў харчавання.

З 1 верасня новыя прынцыпы арганізацыі харчавання ў рамках пілотнага праекта ўкараняюцца ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. Сістэма адукацыі ставіць задачу выйсці на 100%-ы ахоп гарачым харчаваннем ва ўсіх школах, максімальна наблізіць школьнае меню да смакавых пераваг вучняў, бо харчаванне школьнікаў –галоўны складнік захавання і ўмацавання іх здароўя.

–  Наперадзе новы навучальны год. Што вы пажадаеце сваім калегам і вучням?

– У першую чаргу хачу падзякаваць калегам за якасную работу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Няхай 2024/2025 навучальны год будзе плённым і выніковым як для педагогаў, так і для вучняў. Невычэрпнай энергіі, творчых поспехаў, сіл, здароўя, міру і шчасця ў кожную сям’ю і ў кожны дом!

Спадзяюся на цеснае супрацоўніцтва з бацькамі. Дзверы школы і дзіцячых садкоў заўсёды адчыненыя.

– Вялікі дзякуй за размову. Паспяховага навучальнага года!

Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.

З новага навучальнага года настаўнікі будуць прымаць меры па абмежаванні ў выкарыстанні гаджэтаў у сценах школы. Мабільныя тэлефоны неабходна будзе ў перспектыве пакідаць у спецыяльна абсталяваных месцах, карыстацца смартфонамі дазваляецца толькі ў навучальных мэтах.

Для дзесяцікласнікаў уводзіцца новы прадмет – «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Гэты курс аб’яднае вывучэнне дзвюх раней асобных дысцыплін – «Гісторыі Беларусі» і «Сусветнай гісторыі».

НАВУЧАЛЬНЫ ПРАЦЭС 2024/2025 ГОДА:

Першая чвэрць будзе доўжыцца з 2 верасня па 26 кастрычніка, другая– з 4 лістапада па 24 снежня,  трэцяя – з 8 студзеня па 22 сакавіка.  Працягласць чацвёртай чвэрці будзе залежыць ад таго, у якім класе вучыцца школьнік. Пачнецца яна для ўсіх 31 сакавіка, а вось скончыцца па-рознаму: для вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў – 23 мая, для ўсіх астатніх – 31 мая.

Асеннія канікулы будуць доўжыцца восем дзён (з 27 кастрычніка па 3 лістапада ўключна);  зімовыя – 14 дзён (з 25 снежня па 7 студзеня ўключна); вясновыя – зноў восем дзён (з 23 па 30 сакавіка ўключна).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *