Лета закончылася і, нягледзячы на цёплы верасень, зіма ўсё ж наступіць, як бы мы гэтага не жадалі. Пра гэта помняць клапатлівыя гаспадары, якія ўжо сёння звяртаюцца ў Шумілінскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліў», каб набыць дровы ці брыкет. Карэспандэнт раённай газеты адправілася на прадпрыемства, каб даведацца, які алгарытм падачы заявак і кошт паліва.
Вам дровы цуркамі, двухмятроўкамі ці ў складчыну?
Пляцоўка загружана дрывамі. Доўгія бярвёны, кучкі з цуркамі і колатыя – на любы густ. Непадалёк стаіць гружаны трактарны прычэп, які механізатары Іван Коцікаў і Аляксандр Камароў збіраліся везці па заказе. Побач працавалі раскрыжоўшчыкі Артур Данілаў і Віталь Юхнавец. Ім трэба за дзень нарэзаць на цуркі па 15 метраў кубічных дроў (па тры трактарныя прычэпы). Дырэктар філіяла Ігар Папок пахваліў работнікаў за працавітасць і надзейнасць.
Па паліўнай кніжцы па льготнай цане жыхар раёна можа купіць прычэп дроў (4,9 метра кубічных) адзін раз на год. Прычэп цуркамі (без транспартных выдаткаў) каштуе 155 рублёў, колатых – 235 руб., двухмятровых – 95 руб. Дастаўка – 6,25 руб. за кіламетр. За студзень-жнівень прадпрыемства рэалізавала 4416 метраў кубічных дроў – на 500 м куб. больш, чым летась. Брыкету прадалі 580 тон (на 100 тон менш).
Жыхары раёна заказваюць розныя дровы, на цуркі і двухмятроўкі чарга невялікая, а вось колатыя чакаюць 25 чалавек. Гэта звязана з тым, што ў многіх вёсках жывуць адзінокія людзі шаноўнага ўзросту, у якіх няма магчымасці парэзаць і пакалоць дровы.
З мінулага года ў Шумілінскім філіяле дровы прадаюць лесавозамі з дастаўкай у вёску. «Вадзіцелям лесавозаў Шумілінскага лясгаса ці “Віцебсклесу”, якія развозяць чатырохмятроўкі, усё роўна, дзе іх выгружаць – на тэрыторыі філіяла ці ў канкрэтнай вёсцы, – падзяліўся падрабязнасцямі Ігар Папок. – Таму мы прапанавалі вяскоўцам аб’яднацца і заказаць адразу лесавоз, які змяшае 40 метраў кубічных. Паколькі дастаўка бясплатная, дровы абыходзяцца дзешавей. Нядаўна такія дровы куплялі ў складчыну жыхары Мішневіч. Кожнаму з шасцярых чалавек прычэп у амаль 7 метраў кубічных абышоўся ў 250 рублёў, у той час як цуркамі з дастаўкай 4,9 м куб. каштаваў бы 311 рублёў. Да хаты кожнаму вяскоўцу, хто заказаў дровы, развозіць наш механізатар. Адзін кіламетр дастаўкі – 6,25 руб.». Такім спосабам дровы набывалі і ў Грудзінаве. На гэту справу людзей арганізавала старэйшына Алена Даруткіна. «Я працую ў магазіне, землякі прыходзяць за пакупкамі, і я прапаную купіць дровы, складаю спіс з адрасамі, тэлефаную ў Шумілінскі філіял, – кажа Алена Пятроўна. – Праз некалькі дзён нам дастаўляюць дровы. Танна і зручна.
Раю і жыхарам астатніх вёсак пераняць такі вопыт». Вядома, схема такой пакупкі дроў не падыдзе для маленькіх вёсак, а вось для вялікіх – прымальны варыянт.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

