Интервью с председателем Шумилинского районного Совета депутатов Николаем Будневичем

Главное Новости Общество Официально

Мікалай БУДНЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў: «Усё, што робіцца, павінна рабіцца для чалавека»

Усё, што робіцца, павінна рабіцца для чалавека – прынцып работы старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Будневіча. Галоўныя задачы дэпутацкага корпусу – бачыць перспектывы развіцця раёна, не выпускаць з-пад увагі добраўпарадкаванне, максімальна садзейнічаць людзям у вырашэнні самых актуальных пытанняў. Як удаецца сёлета спраўляцца з задачамі, у нашым інтэрв’ю.

? Мікалай Аляксеевіч, мясцовае самакіраванне – адзін з найважнейшых складнікаў у сістэме беларускай дзяржаўнасці. Ад таго, наколькі эфектыўна дзейнічае ўлада на месцах, людзі мяркуюць аб дзяржаўным кіраванні ў цэлым. Як, на вашу думку, выкарыстоўваецца сёння дэпутацкі патэнцыял і ці хапае паўнамоцтваў у мясцовых Саветаў для вырашэння надзённых праблем насельніцтва?

– Сапраўды, аўтарытэт мясцовых органаў улады высокі. Часам ад старшыні сельскага Савета дэпутатаў залежыць больш, чым ад іншага кіраўніка. Ва ўсялякім выпадку, для канкрэтнага чалавека, які звяртаецца з той ці іншай праблемай. Дэпутаты мясцовых Саветаў, працуючы ў цесным кантакце з органамі выканаўчай улады, аказваюць уплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё сельсаветаў, раёна ў цэлым, а галоўнае – вырашаюць канкрэтныя праблемы грамадзян.

У Шумілінскім раёне мясцовыя Саветы дэпутатаў прадстаўлены адным Саветам базавага ўзроўню і васьмю Саветамі першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню. Дэпутацкі корпус раёна – 28 чалавек, склад сельскіх Саветаў – 86 дэпутатаў. У сістэму мясцовага самакіравання таксама ўваходзяць органы тэрытарыяльнага самакіравання – гэта 107 старэйшын сельскіх населеных пунктаў. У большасці сваёй гэта актыўныя людзі, якія знаходзяцца ў гушчы праблем і пытанняў па сваім выбарчым участку. Перакананы, што менавіта на першасным тэрытарыяльным узроўні вызначаюцца і вырашаюцца найбольшвострыя праблемы.

Вяртаючыся да адказу на ваша пытанне, хачу адзначыць, што паўнамоцтваў у дэпутацкага корпуса мясцовых Саветаў сёння дастаткова. Існуючая заканадаўчая база дае вялікія магчымасці для іх эфектыўнай дзейнасці і для вырашэння ўсіх праблем. Пытанне толькі ў меры выкарыстання прадастаўленых паўнамоцтваў і сумленным стаўленні да выканання сваіх абавязкаў.

? Якія ключавыя пытанні знаходзяцца сёння ў полі зроку райсавета дэпутатаў?

– На сесіях райсавета мы разглядаем самыя надзённыя пытанні і тэмы, сярод якіх зацвярджэнне бюджэту раёна, унясенне ў яго своечасовых і неабходных змяненняў і дапаўненняў, а таксама кантроль за фактычным расходаваннем, унясенне змяненняў у комплексныя мерапрыемствы па выкананні шэрагу дзяржаўных праграм і інш. Штогод на снежаньскай сесіі зацвярджаюцца мэтавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і ў далейшым ажыццяўляецца кантроль за іх выкананнем.

У 2023 годзе на кантролі знаходзіцца 14 паказчыкаў, устаноўленых распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама, у тым ліку 4 ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы раёна зацверджаны рашэннем райсавета дэпутатаў. За студзень-жнівень раёнам забяспечана выкананне 8 з 13 паказчыкаў, у тым ліку 3 з 4 ключавых.

? Раскажыце, калі ласка, аб асноўных формах работы раённага Савета дэпутатаў. Якія з іх найбольш эфектыўныя?

– Формы работы дэпутатаў самыя розныя: удзел у рабоце сесій, сустрэчы з выбаршчыкамі, правядзенне прыёмаў грамадзян. Найбольш эфектыўныя, на маю думку, сесіі. З пачатку дзейнасці дэпутатаў 28-га склікання праведзена 68 сесій раённага Савета дэпутатаў, на якіх прынята 346 рашэнняў. За 8 месяцаў 2023 года праведзена 6 сесій, прынята 39 рашэнняў.

Пастаянна дзеючым органам раённага Савета дэпутатаў з’яўляецца Прэзідыум. У межах сваёй кампетэнцыі Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў 28 склікання прыняў 196 пастаноў. Члены прэзідыума ў бягучым годзе разгледзелі выкананне сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўван-і насельніцтва, жыллёвага заканадаўства, садзейнічанне занятасці, работу назіральных камісій па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх і многія іншыя пытанні.

Станоўча зарэкамендавалі сябе правядзенне мясцовых сходаў грамадзян з удзелам дэпутатаў раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, асабістыя прыёмы і «прамыя лініі», справаздачы перад выбаршчыкамі ў акругах, Дні работы з насельніцтвам. Да слова, са 141 пытання, узнятага сёлета падчас Дней работы з насельніцтвам, вырашана 110, 31 знаходзіцца на кантролі да поўнага вырашэння.

?  Асаблівую ўвагу Саветы дэпутатаў надаюць пытанням добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў, навядзенню парадку на зямлі…

– Усе вёскі, нават самыя аддаленыя, у полі зроку мясцовай улады. Навядзенне парадку на месцах воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў, спілоўванне аварыйных дрэў па вёсках і на могілках, рамонт дарог, знос пустуючых дамоў, азеляненне – гэтым мы займаемся пастаянна. Ролю дэпутатаў у навядзенні парадку на зямлі пераацаніць складана. На іх фактычна трымаецца многае. Так, фінансаванне большасці работ вядзецца з бюджэту, але ж, акрамя гэтага, неабходна вызначыць праблемныя месцы, арганізаваць людзей. Усё гэта па сілах нашым дэпутатам і старэйшынам.

Не сакрэт, што колькасць нежылых дамоў у вёсках з кожным годам павялічваецца: людзі паміраюць, і гэта працэс натуральны. У бягучым годзе на тэрыторыі сельсаветаў сіламі сельвыканкамаў, арганізацый, а таксама ўласнікамі знесены 42 пустуючыя дамы. Маюцца рашэнні на знос яшчэ 18 пустуючых жылых дамоў.

Прыемна адзначыць, што на тэрыторыі сельсаветаў пражывае нямала нераўнадушных людзей, дзякуючы ініцыятыве і з да-памогай якіх вырашаюцца многія пытанні. Асабісты прыклад у на-вядзенні парадку падаюць дэпутаты і старэйшыны.

?Як вы акрэсліваеце галоўны накірунак дзейнасці дэпутацкага корпуса на сучасным этапе?

– Работа дэпутатаў перш за ўсё датычыцца людзей, іх праблем і пытанняў. І разбірацца ў іх часам больш складана, чым вырашаць эканамічныя пытанні. Тут многае залежыць ад саміх дэпутатаў, іх арганізатарскіх здольнасцей.

Наша задача – быць у курсе праблем і патрэб выбаршчыкаў, паўтаруся яшчэ раз: рабіць усё для чалавека. Сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, працай, службай, выхаваннем дзяцей кожны з нас павінен падтрымліваць дзяржаву, абараняць гістарычную праўду беларускага народа, захоўваць нашы спрадвечныя каштоўнасці, умацоўваць адзінства і грамадзянскую згоду, адстойваць нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.

Алена КАРПУШЭНКА.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

‹За 8 месяцаў 2023 года пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 1301 кв.м жылля або 9 індывідуальных жылых дамоў. З іх у сельскай мясцовасці індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена 7 жылых дамоў агульнай плошчай 893 кв. м.

‹На 2024 год запланавана будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па завулку Угнявенка, 9 у г. п. Шуміліна агульнай плошчай 2000,0 кв. м. Будаўніцтва плануецца распачаць у жо сёлета.

‹За 8 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю пасля капрамонту 2 шматкватэрныя жылыя дамы ў Шуміліне, да канца года плануецца ўвесці яшчэ 2 (у Шуміліне і Обалі). Выкананы работы па рэканструкцыі цеплавых сетак у г. п. Обаль і в. Добея працягласцю 1,1 км.

‹У в. Непароты ўведзена ў строй артэзіянская свідравіна і ўстаноўлена водаачышчальнае абсталяванне. Аналагічнае водаачышчальнае абсталяванне ўстаноўлена ў Грудзінаве, Полькавічах, Андрэеве.

‹У мэтах паляпшэння якасці медабслугоўвання сельскага насельніцтва праведзены бягучыя рамонты ФАПаў на суму больш за 137 тыс.рублёў, набыты мабільны ФАП і абсталяванне да яго на суму 251,6 тыс. руб.

‹Вядзецца капітальны рамонт СШ № 2 г. п. Шуміліна: узводзіцца новая прыбудова, у якой размесціцца спартыўная зала, харчаблок з абедзеннай залай на 125 месцаў, некалькі кабінетаў.

‹За студзень-жнівень філіялам Шумілінскае ДРБУ-204 бягучым рамонтам адрамантавана 12,2 км дарог на суму 1 млн. 750 тыс.

‹УП ЖКГ Шумілінскага раёна выкананы работы па асфальтаванні 11,2 тыс. кв. м. вулічна-дарожнай сеткі на тэрыторыі населеных пунктаў раёна на суму 370,1 тыс. рублёў. Таксама выкананы работы па рамонце 8 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў.

‹З пачатку года ў сельскіх населеных пунктах выдалена 79 аварыйных дрэў. На 6 могілках устаноўлена новая агароджа, выдалена 89 аварыйных дрэў, добраўпарадкавана 10 месцаў складзіравання цвёрдых камунальных адходаў.

‹У бягучым годзе на тэрыторыі сельсаветаў высаджана больш за 1000 дрэў, 600 кустоў і больш за 30 тыс. кветак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *