Послушать тишину и увидеть уникальные ледниковые озёра приглашает заказник «Козьянский» в Шумилинском районе

Новости Спорт, туризм Экология

Пабачыць азёры і паслухаць цішыню

Калі вы хочаце пабачыць за адно падарожжа 20 і больш азярцоў ці паслухаць цішыню, то вам – на экскурсію ў заказнік «Казьянскі».

На жаль, на нашай планеце ўсё менш і менш застаецца месцаў, не кранутых дзейнасцю чалавека. І такія астраўкі асабліва каштоўныя, бо захоўваюць прыродную цнатлівасць. Таму і нядзіўна, што экалагічны турызм папулярны ва ўсім свеце. Турысты аддаюць вялікія грошы, каб пабываць у дзікіх кутках прыроды, пабачыць дасканаласць і ўрэшце проста падыхаць свежым паветрам. Да такіх першародных мясцін адносіцца і рэспубліканскі заказнік «Казьянскі».

Як расказаў дырэктар заказніка «Казьянскі» Аляксандр Дабравольскі, з вясны заказнік наведалі амаль сто турыстаў з Мінска, Віцебска, Полацка, Гомеля, Гродна і Магілёва. «Попыт на нашы паслугі ёсць, – дадаў ён. – Увесь верасень быў распісаны, але з 7 верасня была ўведзена забарона на наведванне лясоў. Турысты вельмі чакаюць зняцця забароны, каб прыехаць. Спадзяемся, што кастрычнік і лістапад парадуюць надвор’ем».

У заказніку «Казьянскі» распрацавана 5 турыстычных маршрутаў па праекце «Обальскае балота – жамчужына Казьянскага краю»: «Чысцікі – царства балотных кулікоў», «Вочы балот­азёраў», «Астаткавыя балоты – нашчадкі белых ледавікоў», «Усход захад: зялёны профіль прыгажосці», «Таямніцы зялёных астравоў». Кожны маршрут мае сваю спецыфіку. Так, напрыклад, самы экстрэмальны дзевяцікіламетровы маршрут «Астаткавыя балоты – нашчадкі белых ледавікоў», разлічаны на турыстаў з пэўнай падрыхтоўкай. Хаця менавіта ён і самы папулярны.

Маршруты «Вочы балот­азёраў» і «Таямніцы зялёных астравоў» больш лёгкія, у апошні час і яны набываюць папулярнасць. Галоўная адметнасць іх у тым, што паміж буйнымі азёрамі Марынец і Расалай знаходзіцца ўнікальны града­азёрны комплекс, які ўключае 420 вадаёмаў.

Падчас адной экскурсіі можна пабачыць 20 і больш азярцоў. «Яны розныя па форме – круглыя, выцягнутыя, авальныя, у форме падковы і паўмесяца, – расказвае Аляксандр Юльевіч. – Ёсць азёрцы, якія зацягваюцца сплавінай і на якія ўжо можна стаць». Падчас экскурсій турыстам прапаноўваецца пастаяць ці пасядзець і паслухаць цішыню. Хвілін праз пяць літаральна пачынаеш чуць балота, шэлест травы, а потым, прызнаюцца турысты, арганізм напаўняецца нейкай незвычайнай сілы. Часта бывае, што цішыню раптоўна разрывае шум крылаў птушак – і гэта сапраўды становіцца выкідам энергіі і адрэналіну. Паралельна можна пазбіраць журавіны. Канечне, экскурсія вабіць разнастайнасцю раслін. Так, напрыклад, толькі тут, на Казьяншчыне, можна пабачыць марошку.

Заказнік «Казьянскі» цесна супрацоўнічае з мінскімі кампаніямі «Экасістэма турызму» і «Індзістур», мінскім клубам «Актыўны» і клубам «Байдарачнікі Полацка». Менавіта адсюль і паступае большасць заявак. Гэтым летам спецыялісты «Казьянскага» апрабавалі і новы для іх накірунак – дзіцячы экатурызм. На экскурсію ў заказнік прыязджалі дзеці са школьных лагераў Амбросавіцкай, Слабадской і Мішневіцкай школ. Асабліва дзетвара была ў захапленні ад расянкі і ад аповеду пра гэту расліну, якая харчуецца насякомымі.

І яшчэ. Як паказвае практыка, пабываўшы адзін раз у «Казьянскім», турысты сюды вяртаюцца. Балота зацягвае і не адпускае…

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *