Увагі просяць Башні
6 тэлефонных званкоў паступіла на «прамую лінію» да старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Будневіча, якую ён правёў у суботу, 21 верасня. Жыхары раёна звярнуліся па пытаннях гандлёвага абслугоўвання, дарожнага будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых.
Тры звароты паступілі ад жыхароў аграгарадка Башні. Жыхары Азёрнай прасілі асфальтаваць іх частку вуліцы, маўляў, да раённага свята хлебаробаў на многіх паклалі асфальт, да іх жа справа не дайшла. Мікалай Аляксеевіч патлумачыў жанчынам, што дарожныя работы ў аграгарадку не закончыліся. Службы вернуцца на дадзеную вуліцу пасля таго, як на ёй будзе праведзены рамонт аварыйнага шматпавярховага дома.
Паступіў зварот ад башнёўцаў наконт таго, што ў адным з пад’ездаў двухпавярхоўкі не зачыняюцца як след уваходныя дзверы. Пытанне адрасавана жыллёва-камунальнай службе.
Яшчэ адна жыхарка аграгарадка паскардзілася на тое, што пасля непрацяглай работы магазіна райспажыўтаварыства ён зноў зачынены. У Бешанковіцкім райспажыўтаварыстве патлумачылі, што закрыццё звязана са звальненнем прадаўца і што зараз кіраўніцтва займаецца кадравым пытаннем.
Яшчэ адзін званок паступіў ад жыхаркі райцэнтра, якая прасіла растлумачыць алгарытм падачы заявы на атрыманне пакоя ў інтэрнаце.
Быў зварот ад жыхара аграгарадка Кардон. Статак кароў мясцовага сельгаспрадпрыемства пашкодзіў яго пасадкі. Кіраўніцтва гаспадаркі ў курсе, заўважыў Мікалай Аляксеевіч, і абяцяла ў самы бліжэйшы час вырашыць пытанне з кампенсацыяй за нанесены ўрон.
Апошнім паступіў званок ад жыхара райцэнтра, які прасіў мясцовыя ўлады паспрыяць наладжванню больш цеснага ўзаемадзеяння аматараў паганяць мяч на гарадскім стадыёне з ФАЦам з мэтай далейшага развіцця футболу.
Па ўсіх пытаннях, якія паступілі на «прамую лінію», вызначаны адказныя службы і тэрміны для вырашэння. З вынікамі разгляду зваротаў заяўнікі будуць азнаёмлены.
Алена КАРПУШЭНКА.

