Ад дарог да бяспекі і здароўя нацыі

Сенатар і дэпутат Сяргей Мялешкін працаваў на гэтым тыдні ў Мікалаеўскім сельсавеце
Выязны прыём грамадзян на гэтым тыдні ў Мікалаеўскім сельвыканкаме правёў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Сяргей Мялешкін.
Падчас сустрэчы да сенатара звярнуўся жыхар вёскі Мішкавічы з просьбай дапамагчы ў вырашэнні праблемы з асфальтаваннем участка дарогі Мікалаева-Мішкавічы. На гэтым дарожным участку сёлета часткова зроблена новае пакрыццё. Сяргей Мікалаевіч, углыбіўшыся ў сутнасць узнятага пытання і ўдакладніўшы падрабязнасці, паабяцаў дапамагчы давесці пачатую справу да канца ў будучым годзе. Дэпутат адзначыў высокую значнасць і наяўнасць добрых дарог у вёсках, аграгарадках і населеных пунктах, як адзін з фактараў бяспекі.
Актуальныя пытанні сельскай гаспадаркі, працаўладкавання, адукацыі, прыцягнення моладзі ў рэгіёны абмеркаваў С. М. Мялешкін са старшынёй сельсавета Уладзімірам Сядлоўскім.
У працяг свайго візіту ў Шумілінскі раён Сяргей Мялешкін правёў сустрэчу з працоўным калектывам КУСГП «Ульскі».
Шчаслівая будучыня, на думку сенатара, залежыць ад павышэння ўзроўню нараджальнасці і развіцця здаровай нацыі. А для гэтага неабходна весці адпаведны лад жыцця і выконваць правілы бяспекі жыццядзейнасці.
Асаблівую ўвагу кіраўнік абласнога пажарнага ведамства акцэнтаваў на шкодзе алкаголю і курэння, якія заўсёды нясуць у сабе прамую пагрозу жыццю чалавека і, як следства, вялікую трагедыю. Усім прысутным начальнік Віцебскага ўпраўлення МНС параіў абсталяваць месцы пражывання аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.
Гэтак жа Сяргей Мікалаевіч правёў невялікую прафарыентацыйную гутарку для бацькоў хлопчыкаў. Палкоўнік унутранай службы расказаў пра спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. У навучальную ўстанову прымаюцца ў асноўным юнакі пасля 6 класа. Пасля залічэння на час навучання дзеці там знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.
У завяршэнне сустрэчы Сяргей Мялешкін падзякаваў работнікам прадпрыемства за іх нялёгкую, але такую важную для ўсіх працу ў сельскай гаспадарцы.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

