По следам древних легенд Шумилинского края

Векапомнае Край шумілінскі

Каменный крест и сосна в агрогородке Мишневичи

Таямніцы панскай сядзібы
Многія з нас з дзяцінства чулі байкі аб схаваных скарбах і таямнічых скляпеннях панскіх палацаў. Напэўна, такую ўвагу панская маёмасць заслужыла перш за ўсё за багацце і заможнасць яе ўладароў. У народным уяўленні пад скарбам разумеюцца каштоўныя рэчы, схаваныя ў таемным месцы: грошы, упрыгожванні, каштоўная зброя, посуд і інш. Скарбы маглі закопвацца ў склепе, у падпеччы, гаспадарчых пабудовах, у калодзежах, на ўзвышшах, у курганах, на могілках, пад дрэвамі.
У некаторых выпадках існаванне скарба звязана непасрэдна з панскімі асобамі. Так, напрыклад, у ваколіцах в. Казьяны даследчыцай Л. Дучыц было зафіксавана паданне аб схаваным на востраве скарбе: “гулялі паны і закапалі там золата”.
Яскравым прыкладам сядзібы “са схаваным скарбам” з’яўляецца палацава-паркавы комплекс у г. п. Обаль. Па адной версіі скарб з золатам быў закапаны пад скульптурнай выявай аднаго з ільвоў, што раней месціліся на ўваходзе ў палац. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, падчас Вялікай Айчыннай вайны прадстаўнік роду Амбургераў, якому ў апошнія дарэвалюцыйныя гады належаў маёнтак, прыязджаў з мэтай агляду палацава-паркавага комплексу для арганізацыі тут уласнай рэзідэнцыі. Аднак нямецкі гаспадар быў незадаволены станам памяшканняў, пасля чаго пакінуў маёнтак. На думку жыхароў, менавіта ён і забраў скарб. Пад выявамі львоў яшчэ некаторы час спрабавалі капаць мясцовыя скарбашукальнікі, аднак безвынікова.
Іншая версія распавядае аб тым, што скарб быў замураваны ў падзямеллях палаца. Падземны ход праходзіў ад палаца на супрацьлеглы бераг ракі. Часцей за ўсё падземныя хады выкарыстоўваліся ў абарончых мэтах, каб незаўважанымі перайсці на небяспечную адлегласць. Паданне аб падземных хадах таксама фіксуецца ў в. Лескавічы, дзе знаходзіўся палац роду Хлюдзінскіх: “Замак кірпічный был, но он был недостроеный. Там, говорят, был выход под озеро” – са слоў мясцовай жыхаркі, скляпенні палацу ў Лескавічах былі ўлюбёным месцам мясцовых шукальнікаў прыгод.
На тэрыторыі Беларусі даволі шырока распаўсюджаны сюжэт аб каханні. Аднак на тэрыторыі Шуміліншчыны пакуль што адзіны вядомы выпадак зафіксаваны ў в. Мішневічы, які датычыцца пахавання пад каменным крыжам. На сённяшні час каменны крыж ў в. Мішневічы ахоўваецца дзяржавай і датуецца эпохай позняга сярэднявечча. Вядома, што да пачатку ХХ ст. на гэтым месцы знаходзіліся старыя могілкі. Найбольш распаўсюджаная версія падання распавядае аб тым, што тут пахавана дзяўчына, якую злы пан загадаў пахаваць жывой і пасадзіць ля таго месца сасну, каб яна смактала з дзяўчыны сокі. Прычынай ганьбы стала адмова дзяўчыны стаць жонкай яго страшнага, выродлівага сына. Навукоўца Л. У. Дучыц узгадвае, што старая сасна, якая расла раней ля крыжа, лічылася святой. Яна ж фіксуе версію, дзе ўзгадваецца імя дзяўчыны – Гарыслава, якая служыла пакаёўкай у пана. Сваё пакаранне дзяўчына атрымала за каханне да маладога хлопца, якога пан зацкаваў паляўнічымі сабакамі.
Часам цэлыя легенды-гісторыі ўзнікаюць вакол простых пахаванняў. Да прыкладу можна прывесці пахаванне з каменным крыжам у в. Чэрчыцы. Старажылы ўзгадваюць, што некалі ў Чэрчыцах жыў селянін з добрым надзелам – Юстын. А ў наваколлі жыў пан не вельмі заможны, і землі яго былі на балоце. Паслаў пан да Юстына і прапанаваў абмяняцца, на што вясковец адмовіў. Тады пан паслаў сваіх цівуноў, якія сабралі ўвесь народ на вёсцы і публічна распранулі Юстына і адлупцавалі розгамі. Абражаны селянін зышоў у лес, дзе амаль адразу сабраў вакол сябе групоўку мужыкоў і пачаў помсціць – паліць панскую маёмасць па ўсім наваколлі. Напрыканцы жыцця з’явіўся Юстын да хаты, абмыўся ў лазні, апрануў чыстую бялізну, лёг на лаву, а з ранку яго знайшлі памерлым.
У в. Будобаль, дзе некалі таксама месціўся багаты панскі двор, распавядаюць аб благой смерці паненкі. Падзеі разгортваліся так, што пасля рэвалюцыйных падзей двухпавярховы каменны палац у Будобалі быў канфіскаваны і пераўтвораны ў школу. Былых гаспадароў выселілі на хутар. Аднак кабета вельмі любіла гуляць увечары па бярозавай алеі, якую некалі высадзіла сама. І аднойчы яна не вярнулася, а забойца так і не быў знойдзены.
На жаль,  пры ўсім гістарычным багацці Шуміліншчыны вельмі шмат паданняў,  аб якіх мы ўжо ніколі не даведаемся, яны назаўжды загінулі разам з панскімі багаццямі…
Варвара ЕЗАВІТАВА (КОЦ).
Надрукавана ў №68 ад 28.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *