“Душа спявае, танчыць восень” – так называлася святочнае мерапрыемства, якое прайшло ў раённым цэнтры культуры з нагоды Дня пажылых людзей.
У фае РЦК былі арганізаваны выставы, аўтарамі якіх былі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Аптымістычныя, яркія палотны мастачкі-аматаркі Валянціны Чыжыкавай вядомыя шумілінцам, яны выстаўляліся ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Вышыванкі з бісеру Ульяны Кучумавай таксама ўражваюць прыгажосцю. Была арганізавана “асенняя” фотазона, каля якой ахвотна фатаграфаваліся госці свята, а работнікі ЦРБ прапаноўвалі памераць ціск. На святочнае мерапрыемства былі запрошаны сталыя жыхары райцэнтра і раёна, ветэраны працы, актывісты раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч ад імя раённых уладаў павіншаваў з Днём пажылых людзей і выказаў самыя добрыя пажаданні, адзначыўшы, што менавіта працай прысутных ствараўся дабрабыт раёна, развіваліся прадпрыемствы, выхоўвалася маладая змена. Ды і цяпер многія працягваюць працаваць на карысць раёна, удзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці. “Сваім прыкладам вы даказваеце, што “залаты ўзрост” – не перашкода для жыццёвай актыўнасці. Ваш вопыт бясцэнны для нашага і будучых пакаленняў. Дзякуй вам за працу, за вашу актыўную грамадзянскую пазіцыю, за тое, што вы побач”, – звярнуўся да прысутных кіраўнік раённага дэпутацкага корпусу.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах далучылася да віншаванняў і ўручыла актывістам арганізацыі граматы, падзякі, кветкі і святочныя падарункі.
Цудоўны музычны падарунак для сталага пакалення шумілінцаў падрыхтавалі артысты раённага цэнтра культуры. Гледачы шчырымі апладысментамі дзякавалі за ўвагу, за добрыя песні і танцы, за падораныя радасць і настрой.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


