1 сентября в школах Шумилинского района

Актуалии Образование

Першае верасня, першы званок, першы ўрок
Якое казачнае надвор’е падарыла сёлета на 1 верасня прырода! Як на заказ. Даўно не прыпомню такога. Ад гэтага яшчэ больш святочным і цудоўным быў настрой ва ўсіх, хто прыйшоў раніцай на першавераснёўскую школьную лінейку. Прыкметна адноўленай, са свежапафарбаваным фасадам сустрэла  ўсіх самая вялікая школа раёна — Шумілінская СШ №1.
На школьным дворыку не было дзе яблыку ўпасці, адных толькі вучняў 700 чалавек плюс бацькі, бабулі, дзядулі, цёці, дзядзі. Сапраўды, у першай школе сёлета шмат чаго адметнага: па-першае,  амаль закончаны рамонт, па-другое, ажно 75 шасцігодак (а гэта чатыры паралелі) прыйшлі першы раз у першы клас, па-трэцяе, у школе новы дырэктар –  Мянькова Валянціна Васільеўна.
І гэта не ўсё. Самыя шаноўныя госці завіталі суботнім ранкам на ўрачыстую лінейку ў Шумілінскую СШ №1:  старшыня райвыканкама У. П. Куранны, начальнік аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў, цяпер ужо былы дырэктар М. З. Сямёнаў, іншыя.
Уладзімір Пятровіч, у прыватнасці, прызнаўся, што для яго асабіста 1 верасня і дагэтуль шчымлівы і хвалюючы дзень. Кіраўнік раёна падзякаваў былому дырэктару школы Сямёнаву М. З. за шматгадовую плённую работу, уручыў яму Ганаровую грамату райвыканкама, пасля чаго павіншаваў прысутных з Днём ведаў, пажадаў усім здароўя, поспехаў, стараннасці.
Пасля былі выступленні М. З. Сямёнава, П. У. Спірыдонава, В. В. Мяньковай, былі прадстаўленні маладых настаўнікаў, а аддзел адукацыі райвыканкама ўручыў Шумілінскай СШ №1 сертыфікат на 2 мільёны рублёў на набыццё спартыўнага інвентару.
Галоўнымі героямі сталі, вядома ж, першакласнікі. Яны больш за ўсіх хваляваліся, бо ўпершыню стаяць на падобным мерапрыемстве нараўне са старшакласнікамі, і ім уся ўвага: падарункі-кнігі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, шары — ад спонсара ЦБП №4 ААТ “Белаграпрамбанк”.
І вось ён — першы званок, сімвалічны, які дае старт новаму навучальнаму году 2012/2013. Гонар даць першы званок  выпаў адзінаццацікласнікам, пераможцам абласных алімпіяд і спаборніцтваў Марыі Жукавай і Уладзіславу Барадуліну (на здымку ўнізе).
У добры шлях, за ведамі і добрымі ўражаннямі!
Школа дае чалавеку свята, трывалы падмурак для далейшага, дарослага  жыцця.  Праз школу   праходзіць кожны з нас, і ў кожнага было ці яшчэ будзе гэтае свята 1 верасня. Свята, якое дае пачатак падарожжу ў нялёгкую, але цікавую і зманлівую Краіну ведаў.
Прагнулі вандроўкі ў гэтую казачную краіну і 62 вучні Мішкавіцкай СШ. Шкада, вядома, што ніводнае дзіця тут не прыйшло ў першы клас. Такая вось брэш у размераным   школьным жыцці ў Мішкавічах. Факт  сумны, аднак, як сказала на ўрачыстай лінейцы  дырэктар школы Н. М. Казлоўская, радуе, што ў наступным годзе ў першы клас прыйдуць ажно 11 вучняў.
Школа цёпла сустрэла сваіх выхаванцаў. І не толькі іх: прыняла ў свае рады трох новых настаўніц. Прачулыя словы ў дзень свята першага званка сказалі начальнік групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’ева, выканаўчы дырэктар СФГ “Раднік” А. В. Лагуноў. Яны прыйшлі на лінейку не з пустымі рукамі. Алена Ісакаўна падарыла  Мішкавіцкаму дзіцячаму саду  камплект адзення і жэзл для заахвочвання ў вывучэнні дзеткамі Правілаў дарожнага руху, а Аляксандр Валянцінавіч перадаў дырэктару канверт з грашыма на пакупку камп’ютара, што ўсіх вельмі ўсцешыла.
Пасля лінейкі А.  І. Пракоф’ева і дырэктар школы Н. М. Казлоўская ўручылі сямі вучням школы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, пашпарты  і памятныя кніжкі “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Са знамянальнай падзеяй віншавалі шчасліўцаў вучні, настаўнікі, загадчыца мясцовага Дома культуры З. А. Касьянава, якая рыхтавала і вяла ўрачыстасці.
Алена Карпушэнка.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №70 ад 05.09.2012



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *