Жизнь с препятствиями: главное — оптимизм и взаимоподдержка

Людзі і лёсы

Жыццё з перашкодамі сям’і Лазукаў

Ад страты здароўя застрахавацца немагчыма. І калі пастаўлена група інваліднасці, людзі вядуць сябе па-рознаму: кідаюцца ў паніку, становяцца агрэсіўнымі, іншым здаецца, што свет рухнуў. А калі ў доме з групай інваліднасці абодва, муж і жонка? Як, напрыклад, Людміла Ула  дзіміраўна і Мікалай Мікалаевіч Лазукі з райцэнтра.

Яна ў былым работнік райспажыўтаварыства, а ён большую частку працоўнага жыцця прысвяціў прадпрыемству меліярацыйных сістэм. Людміла Уладзіміраўна паўтара дзясятка гадоў на другой групе па артрыце, перанесла таксама інфаркт. У Мікалая Мікалаевіча “стаж дзесяць гадоў” – столькі ён знаходзіцца на трэцяй групе па хваробе суставаў, мае і хворае сэрца – пастаўлены стэнт. Лазукі  кажуць,  што ў кватэры з усімі зручнасцямі ім жыць лягчэй: ёсць вада, ацяпленне. Тым не менш трэба і прыбраць, і есці наварыць, і ў магазін схадзіць, і бялізну развешаць.

«Загадзя плануем работу на наступны дзень, – кажа Людміла Уладзіміраўна. – Звычайна я бяру ініцыятыву ў свае рукі: у які дзень мыць і прасаваць, а калі ісці ў магазін. У мяне слабыя рукі, хворыя калені, таму асноўная работа па доме кладзецца на плечы мужа. Калі прашу нешта зрабіць – ён без слова ідзе насустрач. І бульбы начысціць, і бялізну развешае на балконе, і цеста на бліны замяшае, і падлогу вымые. Мая работа – катлеты спячы, суп зварыць і яшчэ што лёгкае па доме зрабіць. Разам мы 42 гады, усё жыццё жылі добра. І цяпер разумеем адзін аднаго па першым поглядзе, нягледзячы на жыццё з перашкодамі».

Людміла і Мікалай Лазукі кажуць, што страта здароўя была для абодвух стрэсам. Яны прынялі сітуацыю такой, як яна ёсць – затое засталіся сілы на добрыя ўзаемаадносіны, на здаровы лад жыцця. Апошняму ўдзяляюць вялікую ўвагу. У прыхожай стаяць вагі, на якія становяцца часта. Важна захаваць сваю вагу, а пры магчымасці і пахудзець, лічаць Лазукі. Для здароўя яны кожны дзень ходзяць на прагулкі. Людміла Уладзіміраўна гуляе ля дома, а ў непагадзь апранаецца і гадзіну сядзіць на балконе – проста дыхае свежым паветрам. А ў яе мужа вялікі марафон – штодзень ён ходзіць па два кіламетры, налічвае па чатыры­шэсць тысяч крокаў, як рэкамендавалі ўрачы.

Справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі, пераадолець хандру Лазукам дапамагаюць аптымізм, пазітыўны погляд на жыццё. Мікалай любіць жартаваць, Людміла мае шмат сябровак. Абодва адкрытыя для людзей, шчырыя і добрыя. Любяць сваіх дзяцей, шасцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў.

«Мы з мужам не хочам паддавацца старасці, да ўсяго стараемся падыходзіць з разуменнем і жыццёвай мудрасцю, – кажа за дваіх Людміла. – Ідзём у нагу з часам – асволі мабільнікі і інтэрнэт. Просім у бога, каб здароўе не пагаршалася, каб пажыць яшчэ…».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *