Неблагополучные семьи – на контроль

Общество

“Не  хачу,  каб  дзіця  расло  ў  прытулку”
На мінулым тыдні камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама быў арганізаваны рэйд па праблемных сем’ях Дабейскага сельсавета. У прыватнасці, дырэктар Шумілінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкава, старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава  разам з карэспандэнтам раённай газеты наведалі 17 сем’яў, у якіх пражывае 29 дзяцей у Дабеі, Ляжнях, Прыазёрным і Амбросавічах.
Завіталі не толькі да неблаганадзейных, але і да шматдзетных і няпоўных сем’яў.  Прычыны такой увагі  да іх былі самыя розныя: маці злоўжывае спіртным, бацькі не займаюцца  выхаваннем дзяцей, была спроба суіцыду. У некаторыя дамы было не зайсці.
–  Не да парадку тут! – заявіла адна з жыхарак Дабеі. – У мяне на першым плане бульба. Выкапаць яе трэба, перабраць, каб было што зімою есці.
Хаця замест слова “есці” ёй трэба было сказаць “закусваць”, бо нават па знешнім выглядзе гаспадыні можна было сказаць, што яна злоўжывае спіртным.  І ў кватэры – жах!  У спальні, у ваннай, у туалеце не проста непарадак, а гадамі нямыты бруд.  Прызнацца, пасля наведвання гэтай кватэры першае, што хацелася зрабіць, гэта вымыць рукі.  Камісія адзначыла, што ніводнага прадпісання, якое давалася ў мінулы раз, гаспадыня не выканала. Таму жанчыну ў каторы раз выклікаюць на камісію па справах непаўналетніх, стаіць пытанне аб адабранні дзіцяці.   “У прытулку ўмовы намнога лепшыя, чым у вашай кватэры, – аргументавала С. В. Бельчыкава. – Там  дзіця будзе спаць у чыстым ложку і хадзіць у чыстым адзенні”.
У дзвюх сем’ях, якія пражываюць у Прыазёрным, у дамах парадак. Цёпла, чыста, утульна. На жаль, гэтага не скажаш пра некаторых ляжнёўскіх гаспадароў. Дарэчы, у гэтай вёсцы наведалі шэсць сем’яў. Адзін з гаспадароў быў не ў стане сустракаць гасцей з раёна і расказваць пра выхаванне дзяцей, бо быў п’яны. І такая карціна ледзь не кожны дзень, скардзілася жонка. Затое і ў доме мужчынскую работу выканаць няма каму, ды і трава вакол хаты даўно касы не бачыла…
Нібыта кантраст убачанаму – наступная сям’я. Таксама з Ляжнёў. Калісьці маці тут піла, і яе ўзялі на кантроль. Справа зайшла да таго, што трэба было адабраць дзіця. Але жанчына знайшла ў сабе сілы адмовіцца ад спіртнога. “Як закадзіравалася, так і не п’ю, – заявіла яна. – Дзіця ж для мяне даражэй. Не хачу, каб дзіця расло ў прытулку”.
У Амбросавічах з пяці наведаных сем’яў здзівіла адна. Дакладней кажучы, не сям’я, а дзяўчынка, якая тут жыве. Як сцвярджаюць мясцовыя настаўнікі,  у бацькоў  упушчэнні ў выхаванні з таго часу, калі “дзіця ляжала ўпоперак лаўкі”. Тым не менш, праблемы трэба вырашаць цяпер. А іх з кожным днём не становіцца менш: дачка не слухаецца, уцякае ад бацькоў у райцэнтр, звязалася з дарослай кампаніяй выпівох, сама папівае. Дзяўчыну паставілі на ўлік да нарколага, прапанавалі нават пралячыцца ў псіхіятра. Але ж ніводны доктар не дапаможа, калі сама дзяўчына не возьмецца за розум.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №76 ад 25.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *