На августовской педагогической конференции

Актуалии Образование

Вучыць, выхоўваць, настаўляць

Молодые педагоги

У мінулую пятніцу педагогі раёна сабраліся ў ГДК на свой традыцыйны форум — жнівеньскую канферэнцыю педагагічных работнікаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатоль Мікалаевіч Зайцаў. На канферэнцыю былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі раённых службаў, прадпрыемстваў, арганізацый, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскасці.
статус — бадай, ніводнае іншае мерапрыемства не збірае столькі высокаадукаваных, творчых людзей, якія стаяць на старце адной падзеі. Падзея пачнецца 1 верасня. Здавалася б, усё тут даўно прадвызначана, але кожнае 1 верасня настаўнікі перажываюць па-новаму. І хвалююцца, як у першы раз.
Жнівеньская педагагічная канферэнцыя традыцыйна дае старт новаму навучальнаму году, адзначыў у сваім выступленні на канферэнцыі кіраўнік раёна В. А. Падляшчук. Ён акрэсліў першаступенную задачу, якая стаіць перад педагогамі раёна: стварэнне перспектыўнага канкурэнтаздольнага чалавечага капіталу, аснову якога складае адукацыя, здароўе, навыкі і ўменні.
Вальдэмар Антонавіч падкрэсліў, што адукацыя — прыярытэтная галіна ў бюджэце раёна. У раённым бюджэце на долю адукацыі ў бягучым годзе прыходзіцца 41%, а гэта ні многа ні мала 20 мільярдаў 166 мільёнаў рублёў. Расходы на аднаго вучня складаюць 5,7 мільёна, на аднаго выхаванца дашкольнай установы — 5,2 мільёна рублёў.
Значныя сродкі накіроўваюцца на камп’ютарызыцыю і абсталяванне, бягучы і капітальны рамонт школ і дашкольных устаноў. Улады раёна прытрымліваюцца прынцыповай пазіцыі: захоўваць сетку ўстаноў адукацыі і развіваць яе.
Укладзеныя дзяржаўныя сродкі павінны даваць аддачу — у першую чаргу праз высокую ступень якасці адукацыі, падрыхтаванасць дзяцей да рэальнага жыцця, перакананы В. А. Падляшчук. Ён адзначыў, што педагагічны калектыў раёна працуе мэтанакіравана ў гэтым накірунку і мае нядрэнныя вынікі. Але наперадзе шмат задач: па павышэнню адукацыйнага ўзроўню, па прафарыентацыйнай рабоце, па выхаванню дзяцей, па рабоце з сем’ямі, у тым ліку з бацькамі асацыяльных паводзін, па больш актыўнаму развіццю ўстановамі адукацыі платных паслуг і іншых накірунках.
Перад пачаткам навучальнага года Вальдэмар Антонавіч пажадаў усяму педагагічнаму калектыву раёна поспехаў і плёну ў рабоце.
Поспехаў удзельнікам канферэнцыі і ўсім настаўнікам жадалі і маленькія выхаванцы дзіцячага сада.
З дзіцячага сада пачынаецца ўплыў устаноў адукацыі на асобу маленькага чалавека. І менавіта з аналізу работы дашкольных устаноў раёна, якія сёння наведваюць 867 дзяцей, пачаў сваю справаздачу аб дзейнасці галіны адукацыі раёна ў 200 –2010 навучальным годзе начальнік аддзела адукацыі раёна П. У. Спірыдонаў. Пётр Уладзіміравіч падрабязна спыніўся на ўсіх накірунках работы дашкольных устаноў. Хваліў за поспехі лепшых, адзначаў недапрацоўкі, акрэсліваў задачы, якія стаяць перад дашкольнымі ўстановамі ў новым навучальным годзе.
Гэтак жа грунтоўна П. У. Спірыдонаў прааналізаваў работу школ у мінулым навучальным годзе. Адзначыў, што ў прыватнасці іх дзейнасць была накіравана на рэалізацыю Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі”, на ўдасканальванне ўсяго вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Работа па павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў і актывізацыі іх жыццёвай актыўнасці, павышэнню якасці ведаў школьнікаў і развіццю іх творчых здольнасцей, па выхаванню асобы школьніка і ўзаемадзеянню з сям’ямі, па ўмацаванню здароўя дзяцей і паляпшэнню іх харчавання, па ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і другаснай занятасці школьнікаў — гэтыя і іншыя пытанні былі ў полі зроку начальніка аддзела адукацыі, гучалі ў выступленнях дырэктара Мікіціхінскай СШ В. М. Асташонак, намесніка загадчыка дзіцячага сада № 2 Т. У. Бесарабскай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1 Г. М. Масюковай, настаўніцы Башнёўскай СШ М. Я. Аляксеенка, намесніка дырэктара Цэнтра пазашкольнай работы І. У. Сінкевіч, старшыні Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахавай, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мішкаўскай СШ Н. С. Баранавай, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні справаздачы.
Асаблівая ўвага на настаўніцкай канферэнцыі — маладому папаўненню. Традыцыйна ў канцы жніўня педагагічны калектыў раёна прымае ў свае рады новых настаўнікаў, дае ім наказ. Сёлета ў школы і дзіцячыя сады Шуміліншчыны прыйшло 17 маладых настаўнікаў, кожнага з іх прадставілі, павіншавалі на пачатку настаўніцкай дарогі, падарылі кветкі.
Вельмі пранікнёным быў наказ маладым, з якім выступіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слабадской СШ Т. П. Чарнічэнка. У свет дзіцяці трэба ўваходзіць асцярожна, папярэдзіла, звяртаючыся да маладых,  Таццяна Пятроўна, каб нічога там не парушыць, не раскідаць, і тады дзеці адкрыюць свае душы. “Вы самі павінны быць шчаслівымі, вучыцца быць шчаслівымі, — пераканана вопытная настаўніца, — бо толькі шчаслівы настаўнік здольны выхаваць шчаслівага, таленавітага чалавека”.

Председатель районного Совета депутатов И. Н. Новикова награждает Л. П. Романенко

Прыемны і пачэсны момант — узнагароджванне. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў уручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта дырэктару Мікіціхінскай СШ В. М. Асташонак – за творчы падыход да кіравання ўстановай адукацыі па ажыццяўленню вучэбна-выхаваўчага працэсу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці;  Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці — загадчыцы Кардонскага дзіцячага сада В. А.Гушчы.
Граматай раённага Савета дэпутатаў за значны ўклад у развіццё галіны асветы раёна, творчае ўкараненне перадавога педагагічнага вопыту і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўзнагароджана загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі Л. П. Раманенка. Узнагароду ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Прыемны блок уручэння ўзнагарод працягнуў П. У. Спірыдонаў. Ён уручыў шэрагу педагогаў граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі райвыканкама.
А дзеці — маленькія і старэйшыя — на працягу ўсяго мерапрыемства выходзілі на сцэну, каб пацешыць сваіх настаўнікаў і выхавацеляў шчырай песняй і танцам, падарыць ім святочны настрой, аддзячыць за тое, што яны з дня у дзень і ўсё сваё жыццё вучаць, выхоўваюць, настаўляюць, па крупінках лепяць асобу чалавека.
Автор Алина КОНСТАНТИНОВА.
Опубликовано в №67 от 31.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *