Праздник профессии. Спасатель Евгений Соловьёв

Общество

Скрозь дым, агонь  і крыкі аб дапамозе

За плячыма ратавальніка Яўгена САЛАЎЁВА, начальніка пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 11 РАНС у Обалі, некалькі крутых жыццёвых паваротаў у прафесійным плане: з выхавальніка дзіцячага сада атрымаўся добры ратавальнік і талковы начальнік паста. А, сапраўды: як важна знайсці сябе!

Але спачатку былі Обальская школа, вучоба ў Ульскім вучылішчы, служба ў арміі, захапленне спортам. Пасля – шэсць год работы машыністам кран-балкі на Обальскім керамічным заводзе і шэсць год работы настаўнікам фізічнага выхавання ў Обальскім дзіцячым садзе (Яўген Салаўёў завочна вывучыўся на настаўніка фізічнага выхавання ў ВДУ). Амаль шэсць год таму Яўген вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі ратавальніка, уладкаваўшыся на мясцовы аварыйна-ратавальны пост байцом. Вось ужо амаль два гады ён займае пасаду начальніка паста. І сёння ў яго падпарадкаванні – баяздольная каманда з 7 чалавек.

На правакацыйнае пытанне, ці патрабуе душа чарговых змен, ратавальнік шчыра адказаў: «Ведаеце, я дакладна зразумеў, што нарэшце знайшоў сябе!». Змяніць, вобразна кажучы, калыханкі і дзіцячыя казкі на гукі сірэны і экстрым не аказалася для Яўгена цяжкім і невыносным выпрабаваннем. Расчаравання не здарылася. Наадварот, работа вельмі зацягнула, тут ён адчувае сябе арганічна.

За амаль шэсць год работы Яўгену Салаўёву давялося неаднойчы прайсці скрозь дым, агонь і крыкі аб дапамозе. Ён, як і ўсе ратавальнікі, дакладна помніць свой першы выезд на пажар і можа расказаць пра яго з усімі падрабязнасцямі. «Гэта быў пажар дома ў Добрыне, у якім загінуў гаспадар. І я тады пераканаўся, што валодаю вытрымкай, сілай волі, а ў дадатак – і стрэсаўстойлівасцю, – прызнаецца Яўген Васільевіч. – Як кажуць, чаканні і рэальнасць супалі, і гэта яшчэ больш надало мне сілы і ўпэўненасці ў тым, што я зрабіў правільны выбар».

У апошнія гады ратавальніку часта выпадае шукаць грыбнікоў і ягаднікаў, якія губляюцца ў лясах Обальшчыны. «Ведаеце, тут мне дапамагае інтуіцыя, – усміхаецца Яўген. – Я нейкім сёмым пачуццём разумею, у які бок накіроўвацца. У выніку пошукавая аперацыя праходзіць паспяхова, і на сэрцы – радасць і палёгка».

Начальнік райаддзела Андрэй Сасновіч адзначыў, што Яўген Салаўёў паспеў праявіць сябе і як добры арганізатар, што таксама немалаважна.

Обальскія ратавальнікі зараз робяць сваімі сіламі рамонт гаражнага памяшкання. Усе будаўнічыя работы – пад пільным і граматным кіраўніцтвам Яўгена.
А яшчэ Яўген Салаўёў мае грамадскую нагрузку. Ён  дэпутат Обальскага сельскага Савета дэпутатаў. І да пасды таксама адносіцца з усёй адказнасцю. Лёгкі на пад’ём, адкрыты, ініцыятыўны, спагадлівы, працавіты, з пачуццём гумару – так кажа пра земляка старшыня сельсавета Сяргей Мураўёў, з якім яны паспелі зрабіць для роднага гарадскога пасёлка не адну добрую і карысную справу.

«Каб быць сапраўдным ратавальнікам, гэтым трэба захварэць, – заўважыў Яўген Салаўёў. – Асабіста мяне такая хвароба напаткала, і я не хачу ад яе лячыцца. Такі стан мне даспадобы».

Алена КАРПУШЭНКА.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ. Задача – ратаваць

Хто першымі ўступаюць у барацьбу з пажарамі і рознымі стыхійнымі бедствамі, прыходзяць на дапамогу пацярпелым у дарожна-транспартных здарэннях, шукаюць людзей у лясах і на балотах, выцягваюць з марозных палонак…? Пры любой небяспецы на дапамогу спяшаюцца РАТАВАЛЬНІКІ.

Як расказаў першы намеснік начальніка РАНС Алег Даніловіч, за мінулы год шумілінскія ратавальнікі 31 раз выязджалі на тушэнне пажараў, у якіх, на жаль, не ўдалося выратаваць двух мужчын. Акрамя гэтага, больш за 50 разоў яны аказвалі дапамогу насельніцтву і арганізацыям пры ўзнікненні розных нестандартных і надзвычайных сітуацый, 10 разоў выязджалі на пошукі людзей, якія згубіліся ў лесе, папярэдзілі знішчэнне 4-х адзінак тэхнікі.

Супрацоўнікамі РАНС праведзены 4 тактыка-спецыяльныя вучэнні і заняткі, знесена метадам выбуху адна невыкарыстоўваемая пабудова ў в. Лявонава Обальскага сельсавета.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *